Чалавек у чорным. А як доктар раскалупае правакацыю і вернецца да герцага?..
Бона. Не вернецца... Як толькі герцаг даведаўся, што доктар нахабна абакраў яго, тут жа напісаў абуральнае пісьмо канцлеру Гаштольду.
Чалавек у чорным( амаль урачыста ).Францыск, сын Скарынін, у навуках вызваленых лекарстве доктар ― злодзей! Не блага! Далібог, не блага! Пры такім спрыце шаноўная Бона Сфорца магла б быць і французскай каралеваю...
Бона. А тут ужо ваша прамашка... На карысць вашага ордэна я магла б паслужыць і іспанскаю і англійскаю каралеваю...
Чалавек у чорным( грозна ). Язык!..
Бона. Я яшчэ не сказала, што ёсць усе падставы зрабіць доктара Скарыну беглым даўжніком і вечным бадзягаю...
Бона знікае. Чалавек у чорным глядзіць ёй услед і ціха, злобна смяецца.
ХІ
З успамінаў Скарыны
Вільня. Да Гаштольда ўваходзіць Скарына.
Гаштольд. Не скажу, доктар, што я рады вас бачыць...
Скарына. Я і сам сябе не люблю з самае раніцы. Нехта разыграў такі дурны жарт.
Гаштольд. Вы так думаеце?..
Скарына. А што ж яшчэ думаць? І жонка здаровая, і каралеўскае рашэнне адносна яе маёмасці ніхто не парушаў, а я кінуў усё на свеце і прыляцеў у Вільню, як той хлапчук... Такога стрэлянага вераб'я на мякіне злавілі.
Гаштольд. Відаць, нядрэнныя лаўцы. Чытайце. ( Падае пасланне з пячаткай .) Уголас чытайце, доктар!
Скарына( чытае ). «Да пана Гаштольда. Альбрэхт, Божай міласцю герцаг прускі.
...Не вельмі даўно, калі мы былі ў Кракаве, звярнуўся да нас нейкі іудзей, заяўляючы, што займаецца медыцынай, і дакучлівымі просьбамі прыставаў, каб з нашай згоды і волі дазволілі яму паўсюдна ў нашым уладанні практыкаваць яго гаючае лекарскае мастацтва для карысці нашых падданых, прыгнечаных хваробаю. Палічыўшы яго прсьбы небескарыснымі для нашых падданых, мы міласціва падпісалі іх і дазволілі, і ён разам з намі прыехаў у наш горад Кёнігсберг, уладкаваўся і шмат хворых і іншых занядужалых узяў там жа пад свой дагляд. Між тым прыбывае таксама доктар, нейкі Францыск Скарына, якога мы прынялі ў наша прыдворнае акружэнне. Ён, адпраўляючыся адсюль з нашымі лістамі да Вашай Вялікасці па сваіх справах, якія меў у Вільні, дзе ён спадзяваўся затрымацца, зводніцкім сваім нагаворам гэтага чалавека, іудзея і нашага друкара тайна забраў з сабою, пакінуўшы тым часам тут без дапамогі мноства знясіленых і недалечаных... Нарэшце, з не меншай стратай і для нашых спраў, якія ён меў намер здзейсніць і надрукаваць у друкарні. Гэты дзёрзкі ўчынак чалавека выклікае ў нас прыкрасць э-за крыўды, нанесенай як нам, так і нашым падданым». ( Адрываецца ад аркуша і збянтэжана глядзіць на Гаштольда .)
Гаштольд. Чытайце. Чытайце, доктар...
Скарына( чытае ). «Таму мы ветліва просім Вашу слаўную Вялікасць, няхай гэтага доктара Францыска Скарыну павучыць аб недарэчнасці тайнага вываду нашых людзей і асудзіць і зазначыць, што мы адносімся да яго з незадавальненнем і напрыхільнасцю і што мы ад яго не чакалі такога незаслужанага ўчынку, як гэты. І няхай чым хутчэй адашле ад сябе вышэйназванага іудзея да сваіх, тут пакінунутых і недалечаных хворых, і верне нам сюды нашага друкара. Гэтага, лічым, мы заслугоўваем за нашу прыхільнасць да Вашай слаўнай Вялікасці, каму найлепш з жонкай і мілымі дзецьмі жадаем жыць у здароўі.
Дадзена ў Кёнігсбергу 26 мая».
Скарына разгублены і прыгнечаны.
Гаштольд( пасля доўгай паўзы ). Як усё гэта разумець, доктар Скарына?
Скарына. Гэта загадка... Я і ў вочы не бачыў ні лекара, ні друкара герцага Альбрэхта. І загадка...
Гаштольд( перапыняе ). Ніякай загадкі, доктар. Вас проста справакавалі і тым самым назаўсёды адрэзалі шлях да вяртання ў Кёнігсберг.
Скарына( горача, усхвалявана ). Я пераканаю герцага! Хіба ў такое можна паверыць ― доктар Скарына звёз лекара ад хворых?!. Я ж клятву Гіпакрата даваў!..
Гаштольд. Не пераканаеце. Тыя, хто звёў ад герцага лекара і друкара, пры неабходнасці лёгка іх знойдуць, і можаце не сумнявацца, што «ўкрадзеныя» пацвердзяць вашу несумленнасць і здраду герцагу... Нас перахітрылі, доктар. Друкарня Скарыны за межамі Каралеўства і Вялікага княства некага вельмі напалохала...
Скарына( зусім разгублена ). Што ж мне цяпер рабіць?..
Гаштольд. Чакаць нечага новага яшчэ больш брыдкага і каварнага. Здаецца, мы з вамі недаацанілі каралеву і тых, хто за ёю... І выйсце ў вас цяпер толькі адно: з'ехаць калі не ў Масковію, то ў Чэхію. Хоць і тое і другое мне не даспадобы.
Читать дальше