Скарына. Пра гэта да нас даходзілі чуткі.
Максім Грэк. Вінаватасць мая выводзілася з кніжных выпраўленняў, маёй выкрывальніцкай літаратурнай дзейнасці, маіх кананічных і дагматычных меркаванняў. Думкі ж мае адносна заганнасці славянскіх перакладаў богаслужэбных кніг былі прызнаны «елінскай герассю». І вось я шосты год ужо ў цямніцы Валакаламскага манастыра «обрацения ради н покояния и исправления» са строгай забаронай «сочинять и с кем-либо переписываться» Толькі таму ты і не атрымаў ад мяне горкай весткі, хоць я і ведаў, што ты ў Вільні.
Скарына. І ты змірыўся?! Прыняў свой лёс?!. Трэба ж змагацца! Скардзіцца! Біцца! Пісаць! Пратэставаць! Даваць здачы, не падстаўляць другую шчаку, калі цябе спляжылі па адной...
Максім Грэк. Цёмныя абрысы майго часу, Францыск. Свет жа маёй ісціны для вачэй, зацемненых невуцтвам, аказаўся вельмі рэзкім.
Скарына. Ты і сам аслеп ад цемры. Хіба не бачыш, што мяняюцца часы. Цемра не вытрымлівае промняў адраджэння чалавечнасці, культуры, асветы!
Максім Грэк. Вытрымлівае, і яшчэ як вытрымлівае... Усе скаргі мае і пратэсты трапляюць да мітрапаліта, а той адпісвае, што «узы твоя целуемъ, яко единого отъ святыхъ, пособити же тебе не можемъ». Згубіў надзею на выратаванне і сустрэчу з Радзімаю. Пацвердзіліся словы, што на Маскве гінуць за адзіную літару «аз». І мяне адсюль не выпусцяць хоць бы з тае прычыны, каб не раскрыў я перад праваслаўным светам невуцтва і забабоннасць цемнаты і маскоўскага духавенства і велікакняскага двара. А за цябе я рад, што працівішся пакуль злу.
Скарына. Пры ўсім пры гэтым я не здраджваю свайму дэвізу: рабі іншым так, як ты хацеў, каб іншыя рабілі табе.
Максім Грэк. Рабі, дружа, як хочаш і як ведаеш, толькі не папракай Максіма Грэка. Чысціня намераў маіх не заплямлена. А тое, што аднялі волю... ( Надоўга замаўкае .)
Скарына. Хіба мне папракаць цябе...
Максім Грэк. І не шкадуй. Раскажы лепш, што задумаў, з чым едзеш у гэты непрадказальны край.
Скарына. Дрэнь справы друкарскія ў родным краі, дружа Максіме. Кнігі мае пражскія нядобразычліўцы адносяць да лютэранскіх. Пераклады Святога Пісання на родную мову лічаць ерэтычнымі. А нядаўнія папскія эдыкты і наогул забараняюць друкаваць на якой бы то ні было мове, акрамя лаціны. Каралева Бона бачыць наша Вялікае княства паланізаваным і акаталічаным ― якая тут ужо свая мова? Кароль Жыгімонт, праўда, глядзіць на рэчы больш цвяроза і ў такі поспех каралевы не верыць, хоць канцлера свайго Гаштольда ўсяляк стрымлівае ад друкавання кніг у княстве на роднай людзям мове. Сын караля, епіскап Вільні Ян, у якога я служу пісарам і лекарам, толькі і хацеў бы, каб я нічым іншым не займаўся. А я хачу рабіць кнігі! Я ведаю іх вартасць для людзей!
Максім Грэк. І з гэтым ты едзеш у Маскву...
Скарына. З гэтым, Максім! З гэтым... Стагоддзямі ліецца кроў на межах народаў-суседзяў. Асвета, духоўнасць, узвышэнне, роўнасць перад адзіным Богам ― толькі яны могуць спыніць братазабойствы, з'яднаць народы супраць татарскай, турэцкай, нямецкай навалы, ад якой могуць загінуць і тыя і другія. Канцлер Гаштольд шукае саюзнікаў на захадзе. Кароль Жыгімонт імкнецца прыбраць да рук Белую Русь. Малая Русь яднаецца супраць Русі Вялікай.
Максім Грэк. Алелькавічы і паслалі цябе да маскавіцян?..
Скарына. Некалі яны фундавалі мае пражскія выданні. Сёння я бедны і голы, як царкоўная мыш. І ўсе мае спадзевы на Алелькавічаў.
Максім Грэк. Мне падабаецца ваша прымаўка: на спадзевах яешню не спражыш.
Скарына. Ёсць і яшчэ адна магчымасць. Князі Шамячыч і Старадубскі павінны былі майму другу і фундатару купцу Багдану Онкаву 900 коп шырокіх грошаў.
Максім Грэк. Ці не той самы Шамячыч, якога не так даўно загубіў вялікі князь з дапамогай мітрапаліта Данііла?..
Скарына. Той самы. І доўг яго Онкаву перайшоў на самога вялікага князя.
Максім Грэк. І ты задумаў спагнаць гэты доўг.
Скарына. Менавіта так. І кароль Жыгімонт на нашым баку.
Максім Грэк. Пара б табе, доктар, калі не памудрэць, то хоць бы пасталець.
Скарына. У крайнім выпадку мы пагодзімся дараваць доўг вялікаму князю, калі ён пагодзіцца на адкрыццё ў Маскве друкарні, у якой бы я мог рабіць кнігі як на патрэбу княскага двара і рускай праваслаўнай царквы, так і на вываз у свой беларускі край.
Читать дальше