Скарына. У Чэхію я яшчэ паспею...
Сцэна зацямняецца .
ХІІ
З успамінаў Скарыны
Валакаламскі манастыр. Манаская келля нечым падобная да Скарынавай вязніцы. Адрозніваецца ад яе хіба тым, што чэсаныя палаці прыкрытыя мешкавінаю, а на покуці вісіць абраз. Перад ім пры святле свечкі моліцца Максім Грэк, адбіваючы нізкія паклоны. Колькі яму год ― не скажаш, твар пад густой барадою. Ціха ўваходзіць Скарына ў манаскім адзенні.
Максім Грэк( адчуўшы, што нехта стаіць за плячыма, не паварочваючыся ). Хто ўзяў грэх на душу, перашкодзіўшы малітве?..
Скарына. Я, Максім... Я...
Максім Грэк( уздрыгнуўшы ад незнаёмага голасу, але не паварочваючыся ). Калі ты не прывід, то хто, грэшны?!.
Скарына( амаль шэптам ). Францыск, сын Скарынін, са слаўнага горада Полацка, у навуках вызваленых і лекарстве доктар...
Максім Грэк таропка, але цяжка паднімаецца з каленяў, Скарына спрабуе дапамагчы яму.
Максім Грэк( уважліва разглядае Скарыну, не пазнае, вагаецца ). Гэтага не можа быць!..
Скарына. Як жа не можа, кали вось ён ― я. А не верыш, патрымай за бараду.
Максім Грэк бярэ Скарыну за бараду. Яна застаецца ў яго руцэ. Дакранаецца да вусоў.
А вусы мае. ( Смяецца, адкідае манаскі капюшон ― пад ім доктарскі берэт .)
Максім Грэк( у жаху ). Ты загубіў сябе, Францыск! ( Хрысціцца .)
Скарына. Што-што, а да самагубства мне яшчэ далёка.
Максім Грэк. Да мяне яшчэ ніхто не заходзіў незаўважаным...
Скарына. У нас кажуць: чорт не выдасць, свіння не з'есці. Даруй за чорта ў святым месцы.
Максім Грэк. Якраз ад свінні і не ўратуешся!
Скарына. Не бойся, Максіме, мае сябры купілі свінню з усімі вантробамі. Будзе маўчаць і толькі рохкаць.
Максім Грэк. А яны адсюль далёка?..
Скарына. Лічы, за дзвярыма.
Максім Грэк( абдымае Скарыну ). Францыск!!!
Скарына. Максім!!!
Разглядваюць адзін аднаго .
Максім Грэк. Колькі год! Колькі ж год?!.
Скарына. З 1512-га. Сустрэча ў Венецыі. Друкарня слаўнага кніжніка, настаўніка нашага Альда Мануцыя...
Максім Грэк( цытуе па памяці ). Падуя. Універсітэт. Вышэйшая калегія. Прычына склікання Вашых дастойнасцей наступная: прыбыў нейкі вельмі вучоны малады чалавек , доктар мастацтваў, бедны, родам з надзвычай далёкіх краёў... для таго, каб узвялічыць славу і бляск Падуі, а таксама красуючай супольнасці філосафаў гімназіі і святой нашай Калегіі. Ён звярнуўся да Калегіі з просьбай дазволіць яму ў якасці дару і асобай міласці падвергнуцца з ласкі Божай выпрабаванням у галіне медыцыны пры гэтай святой Калегіі».
Скарына. Што было, тое было. Лічы, мінула з тых шчаслівых часоў 18 гадоў без малога. Бяжыць час...
Максім Грэк. Не табе, Францыск, скардзіцца на час. Колькі зрабіў! У 22 гады ― доктар, у 27 ― перакладчык і друкар Бібліі!.. Я мог бы не менш... ( Як стогн .) Францыск, я мог бы не менш! ( Утыкаецца тварам у грудзі Скарыне, плечы яго ўздрыгваюць .)
Скарына( падводзіць сябра да палацяў і сам садзіцца ). Як ты апынуўся ў Маскве?! Хто кінуў цябе ў гэтую цямніцу?
Максім Грэк. Было каму, а падставы знайшліся.
Скарына. Хоць колькі слоў, Максім! Я так мала пра цябе ведаю. А чуткі такія супярэчлівыя... Колькі разоў меў памкненні знайсці цябе, ды бясконцыя войны Масквы з Вялікім княствам перашкаджалі. Толькі цяпер з перамірнымі гарантыямі ды падарожным лістом канцлера Гаштольда рызыкнуў па дарозе ў Маскву збочыць да Валакаламскага манастыра.
Максім Грэк. А мая рызыка ўсяго майго лёсу каштавала. Тут так і кажуць: загінуў Максім ― і Бог з ім... У хуткім часе пасля нашага развітання ў Венецыі звярнуўся ў Ватапедскі манастыр на Афон-гары вялікі князь маскоўскі Васілій Інанавіч з просьбаю прыслаць у Маскву часова старца Саву, перакладчыка. З прычыны старасці Савы брація рашыла адправіць мяне як знаўцу многіх моў, а таксама царкоўнай і філасофскай літаратуры. К таму часу я сапраўды быў на «ты» з багаццямі Вататапедскай бібліятэкі. А падарожжа ў такую загадкавую краіну, як Русь, вабіла незвычайна. У Маскве я быў прыняты вялікім князем і мітрапалітам з гонарам. Першай працай маёй быў пераклад Псалтыры, які заслужыў урачыстага адабрэння духоўнікаў і «сугубую мзду» князеву. Але дамоў па сканчэнні нягледзячы на мае настойлівыя просьбы адпусцілі толькі маіх спадарожнікаў з Афона. Я ж працягваў працу над перакладамі, зрабіў вопіс кніг надзвычай багатай велікакняскай бібліятэкі, выпраўляў, па даручэнні князя, богаслужэбныя кнігі ― Трыодзь, Часасловец, святочную Мінею, Апостал. Прыгледзеўся тым часам да велікакняскага двара, асоб духоўных і маскоўскага быту і ўбачыў бязладдзе, што супярэчыла хрысціянскаму ідэалу. Не па маёй аскетычнай душы былі грубае распуства, ліхаімства, глыбокае невуцтва, забабоны... З Васіянам Касым і Берсенем Беклемішавым выкрывалі ўсё гэта бязлітасна і наклікалі гнеў мітрапаліта Данііла. Прыязныя ж сувязі з турэцкім паслом Скіндзерам, які, відаць, быў ворагам Русі і хрысціянства, а таксама маё рэзкае неадабрэнне намеру вялікага князя парваць шлюб з жонкаю, канчаткова вырашылі мой лёс. У красавіку 1525 года, калі доктар Скарына ў Вільні ўзводзіў першы верставы слуп культуры і асветы свайго народа, друкуючы Апостала ― першую кнігу на сваёй зямлі,― у Маскве ў красавіку-травені таго ж года Сабор судзіць Максіма Грэка.
Читать дальше