Як возера лясное, над якім
Вісіць бяссмертнікам Кашчэй,
Не мрэ і не жыве зачараваны край
Аблакітненых вачэй —
Ні хваль на ім перастваральных,
Ні ў тонях вадакрутаў хоць бы паўжывых...
Рукой дрыжачай я кладу, Айчына,
На твар твой свята-светлыя крыжы.
* * *
ля помніка Пілсудскаму у Беластоку
Пілсудскі-дзед глядзіць на ўсход.
З намі ён быў ці толькі марыў
Польшчу пабольшыць на тлусты кусок,
А калі не — множыць смерць і пажары?!
Гарыць усход у бронзавых вачах,
Але жалезнаю нагой не ступіць кроку.
І будзе так стаяць — з галубамі на плячах,
Скамянелым гістарычным вадасцёкам.
І вечна будзе бачыць, як з турэмнай брамы
З песняй “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”
Паэта цень выходзіць ў бел-чырвона-белае убраны...
Покуль у невады вечныя дзённае сонца
Не злоўлена сонцам счарнелым,
З свету зыходзячы я астаўлю красу найпрыгожую —
Бляск жыватворнага Немага.
Цела з праменняў ягоных было далікатным
І гнуткім, як чыстага золата пробы.
Рукі былі, каб лавілі гасцей наймілейшых —
Ганцоў светланосных — паўсюды, заўсёды.
Ах, вылятаюць з мяне, бы з гнязда, пакрыёму
Апошнія спелыя, цёплыя промні.
І нічагуткі я хутка, як дрэва-не-дрэва,
Не буду, не буду ні бачыць, ні помніць.
Смерць непазбежная будзе калісьці пазбежнай,
Калі хто не схоча яе прыпадобы.
Нам яшчэ суджана з белаю дамай ісці ды ісці
Пад чарнотаю сонца па мёртвых гародах.
Самакрыльна рухаўся ў паветры
Вогненна-празрысты напіс
ХОПІЦЬ СМЕРЦІ УСІМ —
загадкавы і страшны.
Ніне Мацяш
Чым я магу дапамагчы табе, мой дружа,
У хвіліне той, якую адчуваеш,
Што прыйшла і што апошняй...
І нямаш ніякага ні кола, ні саломіны ад блізкіх,
Ні ад чужых — ста лекараў, філосафаў і багасловаў,
Ні ад іншага чаго жывога,
Ні прадметаў, што слухмяна зыркаюць у тую
Страшную шчыліну быту, у якую
Загадаў перш ім глядзець,
Сам будучы ячшэ няпэўным парасткам жыцця квітнелага,
І з палачкай зялёнай у руцэ
Усё бег далінай марафонскай без затрымкі
Так безразважна! — І сёння ты, яшчэ радасцяю
Пераможцы акрылены, не бачыш,
Яшчэ не разумееш як бы, што вось прыбег...
Малодшы духам, я перадам таму,
Хто следам і за мною
Таксама без аглядкі бегчы будзе,
Зноў малодшаму, за нас абодвух,
Жарынку памяці — не болей, аб тваёй прысутнасці
Пад сонцам ў свеце чалавечым —
Добрым, сонечным заўжды
І бескарысным маладым мужчыне.
Так буду паўтараць, бо ты і быў такім,
Спагадліва-разумным у сваіх мыслях пра сябе —
Хоць у паводзінах з людзьмі і рэзкі быў,
Злапамятны і крыўдзіў шмат каго,
Слабейшых ад сябе найперш,
Сабе прыпісваючы ў злосці слабасць.
Ды Бог табе суддзя — і мне!
Такое нашае быццё!
Яно нас ловіць ў сець сваіх нікчэмных рэчаў
І, як рыбіну папаласкаўшы хвілю
У жывой вадзе-жывіцы, без злосці выкідае
З утульнай тоні на сухі, зрудзелы бераг.
Прабач... У параўнанні гэтакім
Спадручна-нескладаным
Шукаю нейкай дапамогі я
Свайму нялётнаму ўяўленню...
Перад абліччам вечарэючым тваім,
Перад маўклівым звонам вечнаты,
Перад тым болем, што баліць усё прасцей,
Я дзякую, што — як табою я — быў мною ты.
памяці Уладзіміра Калесніка
Я ўвайшоў,
каб спытаць пра сваё лісце
у індыйскіх мудрацоў.
На старатамільскай мове
мінулае і прышласць прышэльца вырыты
дробненькімі значкамі,
для маласпрактыкаванага вока амаль нераспазнавальнымі.
Для кожнага маюцца два лісты —
у 3665 тамах на 365 лісцяў у кожным.
На адным — аб перажытых ужо жыццях шматразова,
на другім — што ніхто не памірае назаўсёды
і аб наступных увасабленнях
на планеце Зямля,
паложанай на малазначным краі Млечнай дарогі,
аддаленай ад яе цэнтра на нейкіх 30 тысяч
светлавых гадоў.
Уладары часу,
прыбыўшы з вельмі далёка
на тахіёнавых машынах,
перададуць нам аб’ектыўны вобраз
нашай рэчаіснасці —
Мама, мама,
які нешчаслівы
ваш сын!
Калі вы
мяне нарадзілі,
вам гаварылі:
на што вы яго
на свет прывялі!
Читать дальше