Мо няўдалай гаспадыняю была я?
Мо табе мая святліца замалая?
Пакланілася ёй Радасць і сказала:
— Ах, тваёй мне ласкі шчырае хапала.
Ты прабач, што пабыла як для прыліку я.
Не малая твая хата. Завялікая.
Шэра і золка.
Вось мы і падсочаны
Вокам разлукі,
Каб назаўсёды, навек раз'ядналіся
Нашыя рукі.
Не гавару табе:
«Усё будзе добра».
Добра не будзе.
Можа, тады хіба толькі, як з памяці
Дні гэты збудзем.
Дні, што жывілі нас гэтак, як жывіць
Хлебная луста.
...Неяк прыслухаемся: а-ні-чо-га...
Ціха і пуста...
Толькі далёка-далёка ў свядомасці
Нешта адзначыць:
...лівень святла...
звонкі голас шчаслівы...
Сненне, няйначай.
«Каханы, мой каханы!
Мне хораша з табою.
Ніводнае хмурыны
У небе нада мною.
Усе яны знікаюць
Яшчэ на даляглядзе,
Пакуль прысутнасць сведчыць
Твая
пра душ суладдзе.
Адужаю хваробы,
Не змоўчу на абразу.
Я знаю, што «Кахаю
Цябе» —
зусім не фраза.
Ахоўна і надзейна
Тваё пульсуе сэрца.
Я знаю, ёсць людское
І шчасце, і бяссмерце.
Есць сіла, што нітуе
Свет, горам дратаваны».
...Няма каму сказаць мне:
«Каханы, мой каханы!»
На камянях, што жывяць нашы сцежкі,
Зазелянее шчырая трава.
Чым болып пакут, тым болей сіл трываць.
Настаў сезон аддаленай усмешкі.
Па злівах, бурах з перунамі, з ветрам
Мой дзіўны сад так повен злагады!
І ледзь гарчаць дзівосныя плады
Гаркотаю суцішанай і светлай...
Былі словы, як шолах травы...
А. Вярцінскі
Вам сёння скажуць шмат харошых слоў,
Для гэтага ёсць не адна прычына.
Прыйду і я — цераз маіх паслоў:
Світальны вецер, зорку, аблачыну.
Калі натоміць Вас бяздарны дзень,
Бясконцым здасца доўгі шэры вечар —
Да золкай шыбы лёгка прыпадзе
І Вас аклікне мой світальны вецер.
І вы тады расчыніце акно,
І мова ветру будзе зразумета:
Утканы ў долі Вашай палатно
Усе калёры залатога лета.
Павольна пройдзе ў Вас над галавой
У час той аблачына, ціха скажа:
Мінецца морак, як мінуцца ёй,
І зноў пагодна будзе ў небе Вашым.
Там вечна зорцы лучнасці цвісці,
Той лучнасці з зямлёй, з сябрынай, з песняй,
Што памагае па жыцці ісці,
Што не дае душы прагоркнуць плесняй.
...Вам сёння скажуць шмат харошых сдоў.
А свята — нібы пяцьдзесят аерын...
Я аддаю Вам трох маіх паслоў —
На шчасце, і на сілу, і на веру!
Кажуць, ноч была цёмнаю вельмі.
Не заўважыла змроку:
Мне твой воблік свяціў цеплавокі.
Кажуць, ноч была ветранай дужа.
Не запомніла слоты:
Атуляла ад ветру пяшчота.
Кажуць, снег нават падаў уночы.
Калі гэта і праўда —
Растапіла яго наша радасць.
Я не згасну былінкай бязраднай,
Хоць і сцюжа навокал,
Покуль ты ў мяне ёсць, мой далёкі.
Не хачу ўжо нічога, нічоуа,
Ні лістоў, ні прыездаў —
Быццам мостам, звязала нас бездань...
«Будзе лета, як звон, пустое».
Гэты голас даўно знаю.
Не затоім крыўду на тое,
Што адбыцца й не магло з намі.
Светлячок выпадковы блісне —
І да ўздрыгу вусцішна стане:
Абяцаўся свет быць вялізным -—
Звёўся да чакання світання.
Абяцаўся свет быць вадою —
Звёўся да ненатольнай смагі.
Глухне сад лебядою.
3 дзічкі зыркае расамаха.
І нядзеля
запанядзелена.
Чым каштоўным я тут надзелена?
Ёсць жытнёвы кут з тою хатаю,
Што на ласку мне так багатая.
У гародчыку спее мачына,
За сталом звініць песня матчына.
— Ой, жураўку, жураўку,
Чаго крычыш на ранку?
— Ой, як жа ж мне не крычаць? —
Трэба высака лятаць...
Падхаплю жалю мову шчырую:
Не вяртаецца жораў з выраю.
Хай не журыцца, хай не плачацца:
Далягляд з жальбы не зыначыцца.
Шкода толькі дня, той нядзелі мне,
Што святочнасцю так абдзелена.
Читать дальше