Соладка сон прытулю,
Колькі ў ім горычы,
Як яму горача -
Каля агню матылю.
У нашых снах было каму прысніцца.
Перад тваім партрэтам на стале
Дыміцца цыгарэта ў папяльніцы,
I кава ў філіжанцы астые.
Сто сноў яшчэ да несаснёнай страты,
А ўжо ў адхіст, як травы ад касы,
Зламаны жэст, якім бакал падняты,
I рух, што папраўляе валасы.
Нібы па ветры мроіва сняжынак -
Усё ў адхіст!..
Нічога не ўтрымаць.
Застацца жыць. Глядзець на фотаздымак.
Паліць цыгарку. Каву дапіваць.
На сёння завершаны спевы -
На вечар. На золак. Даўно
Дрымотна ўзіраюцца дрэвы -
Сляпыя ў сляпое акно.
Глухія ў глухое - у сцены,
У краты мы ўперліся,
нам
Адсніліся ўсе перамены,
Як птушкі зімовым лясам.
Мы самі сваё прадказалі.
Блукалі - кругамі сляды
На дэкарацыйным вакзале.
Адсюль не ідуць паязды.
Сюды не прыходзяць. Валодаць
Нямашака чым, акрамя
Чужога. Чужое - Валодзя -
Гукаецца ў далях імя:
"Валодзя ты, Валодзенька,
Хадзі ка мне зімой,
Кахай, пакуль малодзенька,
Харошы, мілы мой".
Адхiнецца
вада ад зямлі -
Да агню прыхінецца.
Аблачынкаю стане,
Растане...
Вось - каханне.
Гэты шлях мы з табою прайшлі.
Вечар у ветраным Віцебску -
Ды не падмануць цябе
Слёзы, што вецер мне выціснуў
У развітальнай журбе.
Я з тваіх рук вырываюся,
Як крыгалом па Дзвіне!
Роспач, якой захлынаюся,
Ды не падмане мяне.
Хай мы ўдваіх не падманемся
Мройным імгненнем адным,
Ценем, з якім абдымаемся
I застаёмся ў якім.
Мы застаёмся ў ім, скрушныя,
З тым, што прыснілася нам,
З горадам, з храмам парушаным,
З небам, што ўпала на храм.
Божа! Малюся ды каюся:
Перад Тваім алтаром
З рук Тваіх я вырываюся,
Як па Дзвіне крыгалом!
З ёй застаюся, знікаючы
Зманлівым ценем начным,
Роспачных слёз не хаваючы,
Слёз невядома па чым.
Басанож прайду па пожні
Да мяжы, дзе цёмны стаў...
Так настане дзень апошні,
Як і кожны наставаў.
I ў замежнай той старонцы,
Дзе я страчу ўсё і ўсіх,
Не заплачу я па жонцы,
Па каханках па сваіх.
А па кім жа я заплачу
На мяжы, дзе цёмны стаў?
А па Той, якой не бачыў,
Той, што ў свеце не застаў.
Па адной
нецалаванай,
Той, якой не цалаваць,
Па адзінай,
неспатканай,
Той, што Бог не даў спаткаць.
У сны ўвайшлi твае сланы.
Ступалi за сланамi сны
I не належалi мне болей.
Іх сніў
не ў сутарэннях болю,
А ў храме радасці
манах.
Я з босых ног ягоных прах,
Схіліўшыся, сабраў рукамі,
I прахам асвянціў чало...
I, паўшы ніц, спытаўся:
- Свамі [9] Свамі - святы.
,
Скажы мне:
што са мной было?
- У сны твае
ўвайшлі сланы, -
Сказаў манах. - Але яны
Сваім ісці павінны шляхам.
Чало, што асвянціў ты прахам,
Вадой асвенчана святой.
Шлях з веры ў веру - шлях не твой.
"Чаму?" - спытаўся я не ўслых.
Не ўголас ён сказаў: "Ты з тых,
Чый шлях - зваротны.
Да чужых
Святых
ты рушыў са сваімі".
"Святыя могуць быць чужымі?" -
Здзівіўся я.
Нібыта ў шкло
Задымленае, глянуў Свамі,
I дым шкляны праплыў між намі,
Пусты, як тое, што прайшло.
- Устань, - сказаў манах. - Ты ніц
Дарэмна падаеш, прыкуты
Да саркафагаў і грабніц
Англійскіх могілак Калькуты.
Ты ў Індыі, - казаў мне Свамі, -
Але дарма марнуеш дні,
Упёршы вочы ў камяні.
Пустыя сны пад камянямі.
Усе, хто зараз сніць іх тут,
Дарма прайшлі свой шлях пакут,
Канаючы ад малярыі.
- Не, - я сказаў. -
Бо тут
Марыя.
- Ты знаў яе? - спытаў манах.
Гаруда, белы Божы птах
Ляцеў - далёка ад Калькуты,
I двух аблокаў парашуты
Нёс тым, хто страціўся ў гарах.
Читать дальше