Гэта ў пару, калі мёдам набраліся соты,
Згаслі маланкі, бязладна грамы адгулі,
Раптам над ранкам,
над ветрам,
над снегам з лістотай
Прывіды нашы, спалохаўшы нас, праплылі.
Неба застаўлена пасткамі,
Глянеш - і цягне ў нябыт...
Што ты згубіла ў ім, ластаўка,
Бліскаўка, метэарыт?
Там, пад сінечаю цупкаю,
Зор захінаючы раць,
Воблакі, сшытыя дзюбкаю,
У бліскавіцах гараць.
Што ты шукаеш там, мілая?
Там без цябе ўсё было,
Швейка мая хуткакрылая -
Спаленае крыло.
Глухі завулак.
Вецер.
Ноч.
Расстанне.
Я затулюся, падыму каўнер
I ўспомню мімалётнае каханне,
Як паляванне ўспамінае звер.
Імя згадаю.
Плечы.
Вусны.
Вочы.
Было ж яно! Ну як я мог забыць!
I цень ягоны над прадоннем ночы,
Нібы анёл ружовы праляціць.
У цені тым, знікаюча-імклівым,
Што ледзьве ўзняў - і абламаў крыло,
Хоць міг адзін я пражыву шчаслівым...
Як звер, што п'е ружовае святло.
У Баранавічах снег.
Праз дарогу - змеі:
Нізкі, роўны, доўгі бег
Белае завеі.
Анікога тут няма
З тых, хто быў бы любы.
Ды забытае імя
Вышапталі губы.
I забыты твар узнік
Прывідна - да рання
У акно глядзеў двайнік
Юнага кахання.
Там яно - на тым баку
Змушанай разлукі
На расстайным скразняку
Прасцірала рукі.
Там пытала - з нематы,
З даўніны, з нябыту:
"Да каго вярнуўся ты,
Калі ўсё забыта?".
"Да цябе",- азваўся я
Так, каб не пачула
Не чужая, не свая,
Што са мной заснула.
Твае вочы, як вокны бальніцы.
Колькі боляў за імі, мой Бог!
Нас ад волі ніхто не ўсцярог -
I на ростані нашых дарог
Б'юць і б'юць
след у след
бліскавіцы.
Ла слядах даганяюць грамы.
Невылечны, як глуханямы,
Наш сусвет, дзе аслепла надзея.
Мы казалі,
а чулі
не мы.
О, кахання астрог!..
Кожны дзень я
Вырываўся з цябе, як з турмы.
I з астрожным кляймом на ілбе
Я шукаў сабе волі ў гульбе,
У абдымках спустошанай стомы
I чужы, сам сабе не знаёмы,
Я штоночы вяртаўся ў цябе,
Як вяртаецца магма ў разломы.
I застацца не мог... Бачыць Бог,
Гэта ўсё, што я здолеў і змог.
Як бальніца, глядзіш ты начамі.
А на ростані нашых дарог
Бліскавіцы малоцяць цапамі
Тыя ружы, якія снапамі
Да тваіх панакіданы ног.
Вiльготныя зрэнкі начы -
На сподку
пад свечкай
парэчкі і слівы.
Маглі вы,
Сюды ідучы,
Прадбачыць, якім будзе ранак?
З усіх калыханак
Я выбраў такую, што нельга заснуць.
Снуюць
За вокнамі цені,
нібы вартавыя.
Мы з вамі - не тыя.
Абняўшы калені,
Задзьмулі вы свечку,
Каб зманныя словы пачуць.
Заплакаць мне
па той вясне?
Як соладка... так горка...
Там з ночы ў ноч скакала ў сне
Агнём па залатой сасне
Чырвоная вавёрка.
Адзін адну
гукну вясну -
Ні голасу... ні рэха...
Прачнуся плакаць, зноў засну,
I мне вавёрка сніць сасну
У залатых арэхах.
Бронь Божа мне ўспомніць пра тое,
аб чым ты забылася,
Што з пылу ляпілася, а паўставала сцяной.
Як ты стамілася, любая,
як ты стамілася
Побач са мной!
I тая птушынка, што ў вокны азяблыя
білася,
Таксама стамілася грэць невідушчае шкло.
Колькі было ўсяго, любая!..
Пералюбілася -
Як не было.
I тая травінка, што ў сне да мяне
прытулілася,
Таксама травою стамілася быць у траве,
Ды ўсё так сплялося, звязалася,
перакруцілася -
Бог разарве.
Сiнечаю свяціла сліва,
Гулі між намі скразнякі,
I ты глядзела з-пад рукі
Няўцямна, мройна, палахліва
У далячынь, дзе небасхіл
З зямлёй зліваецца шчасліва,
Адкуль да нас дабегла сліва
Задыхана, з апошніх сіл...
- З апошніх сіл цябе кахаю
I з ночы ў ноч, і дзень пры дні
З апошніх сіл да небакраю
Кідаю сінія агні...
На тую сліву цемра легла!
На камень, у пясок -
куды
Пападалі яе плады,
Пакуль да нас яна дабегла?..
Тая, што днем i уначы
Побач за лёкая,
Блізкая
спіць на плячы -
Сніцца далёкая.
Читать дальше