Нібы замоваю лячыў,
Спяваў.
Пра ўсё.
Нічога.
Была
За песняй
Далячынь.
Пустэча.
Стэп.
Дарога.
Турысты пырскалі:
— Выццё...
— Саліст ансамбля «Пенсія».
Адна дамбра. Адно жыццё.
I смерць адна. I песня.
Колас.
Купала...
У гуках імён іх люлянку я чую,
Якую матуля калісь
над калыскай маёю спявала
Колас.
Купала...
Мелодыю мовы славянскай я чую,
Той мовы, якую агнямі палілі,
Ды з попелу
Страцімам-птахам яна паўставала —-
Колас.
Купала...
Я чую ў іх звонкія гуслі
I гулкасць
Той сілы,
Якая ў былінах сівых гусляроў ракатала
Колас!
Купала!..
Адвечную песню народа,
Што горда
Жыла ў ім
I кленчыць прад ворагам не дазваляла! —
Колас.
Купала.
Падобны на словы замовы
Імёны,
Якімі паэтаў сваіх Беларусь называла —
Колас...
Купала...
I грозна, сурова гучала іх слова,
Калі над Айчынай чумы навісала навала
Колас!
Купала!
Яно падымала да зораў
і ў нетры зямныя кідала...-
На вечныя векі
Вятры намялі
Курган вашай славы
На роднай зямлі —
Паэзія...
Колас.
Купала.
Валілася неба на вышчапы гор,
Апошнія зоры страсаючы ў зморы.
А сонца ўставала, нібыта сабор.
Званілі ў саборы.
У Чэці ў мячэці маліўся стары...
На твары — адчаю кінжальная мета.
«Алах! Магамет не прыйшоў да гары -
Гара пракляла Магамета.
Алах, я сівы ўжо...
Я хутка памру.
Прашу на мяжы твайго вечнага царства:
Алах, пакарай за бунтарства гару!
Алах! Магамету даруй за бунтарства...»
Ён гэту малітву тварыў да пары,
Пакуль не сабраліся хмары над светам...
Грамніца
слізнула
на вышчап гары —
Лавіна
Раструшчыла
Дом Магамета...
Направа залева,
Налева залева,
Матор «Масквіча» ліхаманка заела —
Давай, ну давай, калымага старая!..
Нутро выгарае.
Нутро выгарае...
Патопныя воды
на шкло ветравое;
Дарога назад —
Да шумераў? да Троі?
Дарога наперад —
Да пекла? да раю?
Давай, ну давай, калымага!.. Стараю-
чыся з усіх сіл, перагрэты,
Ляцеў «Масквічок» мой па ўскрайку планеты,
Спірала дыханне на страшнай спіралі,
Дзве сілы —
Крыж-накрыж — сусвет распіралі:
Круціліся ў бездані левыя колы —
На правых
праколы!
На правых
праколы!
I покуль машыну завальвала ўлева,
Я бачыў, як справа святлела залева,
Хіліліся горы, і слаліся травы
Направа, направа, направа, направа,—
Дзе вечарам вецер патупвае ў сенцах,
Шалее салоўка на шостым каленцы,
Званамі аглухлымі падаюць бэры
На попел цяпельца любові і веры,
Дзе пахне атаваю луг за ракою,
Дзе мама насустрач махае рукою
I з ціхай надзеяй пытае пра справы...
Завальвае ўлева!
Аблокі — направа,
Направа звяры ўсе, і рыбы, і гады,
Мой снежань направа, мае лістапады.
Направа ўзлятаюць —
Ілона і Ева —
Дзве птушкі
з галін радаслоўнага дрэва
Направа — сілкамі пакоры і гневу —
Усё, што я ўспомніў, зірнуўшы налева
У зорную прорву,
дзе вечнасць клубіцц
Дзе некалі сон гэты будзе мне сніцца...
Хай будзе жыццё! Гэта ноша па мне!
Па мне гэта доля сустрэч і расстанняў,
Я ведаю: зоймецца хутка ў акне
Апошні світанак майго існавання.
Ну што ж, гэта ноша таксама па мне.
Спакойна змяняю я
долю на волю —
I толькі хіснуся, як цень на сцяне,
I толькі на момант хаду запаволю...
Дарога вяла на Ляўкі.
Праз ніву.
Праз лес.
Праз вякі.
Цяжарна ўздыхала ралля.
Храплі на аселіцах Коні.
Свістала ў прасторы Зямля —
Каля небасхілу,
Каля
Той жылкі, што б'ецца на скроні.
Дарогу
ўздымала
гара,
I там, дзе дарога знікала,
Над вечнай вадою Дняпра
Стаяў нерухомы Купала.
Кацілася шляхам сваім
Рака —
Як магла,
Як хацела.
Быў страшны Купала —
На ім,
Яшчэ даваенным, жывым,
Святочна
кашуля гарэла.
Хісталіся цені жуды
Сляпымі маланкамі ў змроку...
Адзін толькі крок да вады!
Не зробіць ён гэтага кроку.
Ён скуру здзярэ, як луску,
I рушыць на вольны гасцінец...
Ён пройдзе яшчэ праз Маскву
Па цьмяных прыступках гасцініц.
Ён будзе на сходках начных
Спяваць,
Зратаваных ад кулі
Сяброў абдымаць —
I на іх
Святочна
запальваць кашулі.
Читать дальше