Яна карміла курэй, ён стаяў пад яблыняй і спадылба пазіраў на нізкае сонца. Неўзабаве сонца асела ў гушчар старых могілак, а куры разбрыліся па завуголлі. Трэба было развітвацца, аднак яны марудзілі. Жанчына азірнулася і знайшла сабе зграбаць бацвінне, а ён глядзеў на яе і думаў, што іхнія хаты амаль кранаюць адна адну стрэхамі і гэта, напэўна ж, не выпадкова.
– Вам трэба паставіць плот, – сказала яна. – Неабгароджаная хата – як голая дзеўка…
– Тады давядзецца хадзіць да вас праз вуліцу.
– Можна зрабіць брамку.
– Брамка будзе рыпець.
– У дбайнага гаспадара брамка не рыпіць. Раптам зашумела неба, і над імі прыпыніўся вазок. Сусед схіліўся долу і радасна паведаміў:
– Цяпер я ведаю, чым ёсць вецер. Гэта такія дробненькія вусякі, можа ў сто разоў драбнейшыя за вош. Яны збіраюцца натоўпамі і лётаюць абыкуды, а мы кажам, што гэта дзьме вецер. Раней я ўсё дзівіўся, як можа дзьмуць тое, чаго няма, бо калі вецер не дзьме, дык яго няма…
– Ты часам не бачыў там двух анёлкаў? – перапыніла яго жанчына. – Такія ружовенькія, з маркотнымі вачыма…
– Там шмат хто сноўдаецца, хіба ўсіх згадаеш? – сцепануў плячыма сусед і пакіраваў на свой падворак.
Над імі зноў расхінулася настылае шэрае неба, і яны доўга ўглядаліся ў гэтую шэрань, спрабуючы разгледзець прыкметы тамтэйшага жыцця. Але адсюль нічога не было відаць. Яны ўнурыліся кожны ў сваё і моўчкі разбрыліся па хатах.
Каторы дзень таўсматыя хмары наплывалі на мястэчка, каб тут апрастацца ад сцюдзёнага друзу. Гурбы снегу падымаліся на вачах і ў нейкі момант перапынілі ўсялякі рух. Нават трактары кінулі грукатаць, каб не захлынуцца снегам. Свет знерухомеў, і што ні рэч, што ні істота – усё апынулася сам-насам, як быццам ужо выспела вечнасць. Быццё страціла свой пакрыёмы змест, які раней трымаўся на повязях усяго з усім, і прысутнасць кожнага цяпер высвятлялася адно яго ўласным сэнсам. «А калі ўва мне ніякага сэнсу няма, – сам у сябе запытаўся чалавек, – а яго напэўна няма, дык што можа акрэсліць мой змест? Хіба толькі вось гэтыя дзверы, гэтая лава, гэтая столь над галавой. Ці не таму чалавек выгароджвае сабе месца ў прасторы плотам, сценамі, фіранкай, што без хоць якой агароджы ён адно рухомая цень на пялёстках быцця?»
Чалавек глядзеў на засмечаную снегам шыбу і слухаў, як запавольваюць хаду ходзікі. Неўзабаве яны зусім спыніліся. У хаце запанавала цішыня. Сэрца таксама ўтаймавалася. Гэтай хвіліны ён чакаў шмат гадоў, на яе прышласць абапіраўся, прымаючы будучыню. І вось яна настала. Свет белы ад снегу, і ён у сваёй хаце лашчыцца спінай да выпаленай печы.
Вецер вымеў з нябёсаў увесь ледзяны хлуд, і жанчына з мужчынам зноў перастрэліся ля студні.
– Вы яшчэ тут? – як бы здзівілася яна.
– Можа і няблага, што я вярнуўся на зіму. Пакуль растане снег і высахнуць дарогі, можа, абвыкнуся. Зімой хочацца быць там, дзе ты ёсць, а ўлетку – там, дзе цябе няма.
– У нас тут добра.
– Адзін чалавек раіў: ніколі не вяртайся туды, дзе табе некалі было добра. Цябе там сустрэне нуда.
– Я гэта таксама ведаю, бо змушаная хадзіць па сцежках маладосці. Але гэта калі ідзеш без клопату.
– Дзе прыдбаць такі клопат, ад якога чэзне нуда?
– Клопат прыдбаць лёгка. Спачатку трэба ўзяць сабаку, потым знайсці жанчыну, а па вясне пасадзіць бульбу і купіць парася. Але найперш вам след павесіць фіранкі на вокнах. Хто ні ідзе па ходніку, зазірае ў хату. Гэта як жыць на шашы.
– Мне звыкла жыць у дарозе.
– Я вам пашыю фіранкі.
– Дзякуй. Сёння чырвонае сонца, і падвячоркам мароз асядзе на вокнах. Вось і будзе мне заслона ад чужога вока.
– Маразы ў нас доўга не трымаюцца.
– А што на свеце доўга трымаецца?
– Вашая праўда. Але якраз таму і патрэбныя фіранкі. Яны, як запруда на рэчцы, затрымліваюць струменьчык часу, і тады яго збіраецца даволі, каб нарадзіць дзяцей і дачакацца ўнукаў.
Як быццам іх шпурлянулі, пападалі на сцежку вераб’і.
Ён стаяў на ганку, і ганку было прыемна, што на яго абапіраецца гаспадар.
– Пастой ля дзвярэй, – схітраваў ганак. – Дзверы любяць быць зачыненымі.
– Мы любім, каб нас зачынялі. А гэта зусім іншае.
З розных куткоў зімы вярталіся на ноч людзі і машыны. Ён глядзеў на людзей і машыны, слухаў галашэнне варон, якія чорным кропам засмецілі барву неба, і казаў ці то ганку, ці то дзвярам:
– Добра бярэцца на мароз. Не адзін верабей акалее да ранку, калі не ўваб’ецца ў застрэшша.
– Халера іх не возьме. Такая шкодная птушка, дзе крок зробіць, там і нагадзіць, – сварліва заўважыў ганак.
Читать дальше