— Чаго прыйшла?
— Каб ты не знаў спакою.
— А праганю?
— З'яўляцца буду ў сне,
Зязюляй стану, ценем за спіною
Тваёй! Прагнаць не зможаш ты мяне!
Задумлівы, ён з лесу векавога
Нёс памяць, перайначаную ў лук...
Ку-ку! Ку-ку!
Ляцеў шчымлівы гук
Настойлівым працягам дыялога.
15
Ку-ку! Ку-ку! —
Гучыць перасцярога.
Шторм наляцеў. Каціўся вал вады
І хмар адтуль якраз, адкуль сюды
Калісьці іх прыбілася пірога.
Але цяпер ужо не ў акіяне
Згусціўся змрок, i на яго экране
За мутнаю заслонай эўкаліпт
Высвечваўся, як вадародны грыб.
Дажджу мятлой навала па лагчынах
Мяла, сляпіла зрок, глушыла слых
Разрадамі.
Як Гейгера лічыльнік,
Лавіла сэрца трэск злавесны ix.
Шторм адшумеў i адгрымеў пагрозай
І выкінуў на бераг гэты гул,
Як дзве пірогі, тушы дзвюх акул,
Прасвечаных яго смяротнай дозай.
16
Абсмаленая лодка — на вадзе.
Заслана сенам. Зноў над ёй узняты
Два ветразі.
Марак з лясное хаты
Сваю сяброўку верную вядзе.
Адчаліўшы ад берага, з адчаем
Яна глядзела на глухі куток.
Маўчаў марак. А ёй здаваўся раем
Бязлюдны двор, бязлюдны астравок.
— Што гоніць нас? —
Яна ў яго пытала.—
Чыя рука? Чый злосны нагавор?
— Навала тая, што страху сарвала,
Плот паваліла, загнусіла двор.
— Я плот магу падняць i двор падмесці,
Сарваную страху на кроквы ўзнесці,
Я ўсё зраблю, не пашкадую рук...
Ку-ку! Ку-ку! —
Ляцеў услед ім гук.
17
— Цяпер ты чуеш?
Тут няма спакою.
Ад дум цяжкіх пазбавіўся я сну.
Яна нас гоніць!
Толькі перад ёю
Я ветразяў шумлівых не згарну!
Я адшукаю месца, дзе б ні хмары,
Ні цёмныя трывогі не змаглі
Парушыць мар былых.
— А што, калі
Палонам нашым стануць нашы мары?
— Няхай палон! А хіба для насення
Пласт чарназёму — не такі ж палон,
Засек — не маўзалей? — пытаўся ён.
Яна маўчала, лежачы на сене.
Бязмежны акіян — вячысты млын,
Малоў, як мелюць жыта, самавіта
Трывогі іх. Забыты напамін
Лясной вяшчункі.
А за ім —
забыта
18
Усё.
І толькі ў памяці пустой
Варушыцца бясконцасць хваль кіпучых.
Злівайся зноў з сям'ёю рыб лятучых,
З хмар навальнічных дажджавой вадой.
Плыві і падначальвайся парадку
Спрадвечнасці—
пірогі без грабца —
Дзе ўжо, здаецца, і табе пачатку
Няма i не прадбачыцца канца.
Сцяблінкі жуючы, яна адчула
Не водар сена — водарасці пах
І далі той, што зноў іх праглынула,—
Чужы, салёны прысмак на губах.
Яе не цешыць болей існаванне
Бяздумнае на ўлонні хваль сівых.
А на душы —
цяжкое прадчуванне
Няўхільных змен. Няшчасцяў. Бед ліхіх.
19
Шэсць дзён маўчала.
На абрыдлым сене
Бед прадчуванне непакоіць сны.
На сёмы дзень, нарэшце, як збавенне —
Зямля!
Зямлю прыкмецілі яны.
Яна плыла на іх абрубкам сушы,
З дрэў i металу збітым астраўком,
Іх адзінокай лодцы голас дужы
Сігнальным пасылаючы гудком.
Зямля!..
Ваду ўзбіваючы вінтамі,
Плыў,і спяваў, i весяліўся свет,
Навінаў поўны, кніжак i газет,
Людзей, якія з палуб ix віталі.
I, зычачы бадзёрага настрою,
На памяць аб сабе знаёмы свет
Ім пакідаў за карабля кармою,
Як за гумном, зялёнай сцежкі след.
20
Зямля, зямля!
Глядзіць жанчына з лодкі,
Гатовая змяніць тугу на смех,
Вандровак горкі хлеб — на хлеб салодкі
Шумлівых палуб i гасцінных стрэх.
Прасцёрла рукі, позіркам трывогі
Праводзіць пенны след, што за кармой,
Чакаючы, а можа, ім пад ногі
Лес кіне круг выратавальны свой.
І кінуў лес, злавіўшы адвітальны
Самотны крык яе вачэй нямых,
Ім з палубы не круг выратавальны —
Транзістарны прыёмнік на дваіх.
Судно знікала павай з далягляду,
Па хвалях метучы хвастом даўгім...
Грымеў транзістар.
Яблыкам разладу
Зямля ляжала паміж ёй i ім.
21
Навіны дня перадае прыёмнік
Яму і ёй. Ад клопатаў сваіх
Той свет, які нядаўна караблём знік
За далягляд, не пазбаўляе іх.
Калі на вусны доўгая дарога
Кладзе цяжкой маўклівасці пячаць,
Размоваю пустой перапыняць
Не варта субяседніка такога.
Ён — цішыня іх. Слухай цішыню!
Лаві трывожны міг паведамлення!
Як тым запалкам ад свайго агню,
Ім ад саміх сябе няма збавення.
Читать дальше