7
Хай п'е ваду крынічную нябога!
Яны з ягоных рэчаў не ўзялі
Нічога.
Ім не трэба дапамога
Забытых імі вырабаў зямлі.
Сышліся твар у твар — яны i вечнасць,
Тут кожны быць павінен сам сабой,
Як смага — смагай, як вада — вадой.
Шукаць выратавання — недарэчнасць.
Жадаў ім шчасця ў падарожжы светлым
Плыта ўладальнік. А яны яму,
Як сябру па шаленству аднаму,—
Удачы ў вандраванні кругасветным.
На грані небасхілу i вады
Знік чалавек, свой плыт аддаўшы далям.
Хвілінным сэрцы сціснуліся жалем —
Марацкі лёс,
пазбаў яго бяды!
8
Пад ветразяў сваіх лагодным ценем
Яны плылі. Лілася сінява
З нябёс у лодку, дзе даўно трава,
Як на лугу, духмяным стала сенам.
Ён для яе — матрос i капітан.
Ім іншае кампаніі не трэба.
Штодня ў вачах яе ён бачыў неба,
Яна ў ягоных зрэнках — акіян.
Палярны сівер ім не здаўся змрочным.
Ix калыхаў экватар, як малых,
Дарыў адно ім сонца на дваіх —
На небе то паўднёвым, то паўночным.
Зямля зачараваная планета,—
Тут можна бесклапотным маракам
На лодцы пераехаць з лета ў лета,
З вясны ў зіму —
i лік згубіць гадам.
9
Так i яны.
Хто адказаць ім можа,
Хто, па якіх прыкметах адгадаць —
Прайшло паўгода,
цэлы год
ці пяць
Гадоў прайшло з пачатку падарожжа?
Што ім гады наступныя, калі
Яны, сваё пакінуўшы стагоддзе,
Па добрай волі i сумеснай згодзе,
Да часу першабытнага плылі.
Яны плылі пад хмар пагрозным ценем,
Шторм закіпаў.
Палундра, маракі!
Калі штурвал не слухае рукі,
Нялёгка кіравацца летуценнем.
На грэбнях чорных хваль зіма раве,
Завеяй слепіць лодку-недарэку...
А ветразі дванаццатага веку
Сустрэчным ветрам век дваццаты рве.
10
Мінулі шторм.
Выратавання святам
Мог ціхі момант стаць для іх, калі 6
Не ўскінуў век, ахрышчаны Дваццатым,
На даляглядзе выбуховы грыб.
На трыццаць міль вакол, на мілі ўглыб
Смерць выпраменьваў вызвалены атам —
Навекі вокамгненне стала катам
Для шхун рыбацкіх, рыбакоў i рыб.
Назад, марак!
Ганіся ўслед за штормам,
Ратуйся ў родных сховах буры той
Ад буры гэтай, што махае чорным
Нябачным сцягам за тваёй спіной.
Назад, назад, марак, пакуль з лічынак
Рашучасці тваёй не выпаўз жах,
Які па хвалях i мацерыках
Праносіць крыж свой —
Гейгера лічыльнік!
11
Яны дагналі шторм. Зноў хмары цень
Ахутаў іх, як коўдрай, з галавою.
За грыву хвалі ўчэпістай рукою
Трымаліся два дні.
На трэці дзень
Утаймаваўся акіян. I хвалі,
Прыкмеціўшы бязлюдны астравок,
Як трэску, лодку іхнюю прыгналі
I выплеснулі ціха на пясок.
Яны яе на бераг усцягнулі,
Пасля перакулілі ўгору дном,
Пасцель паслалі з сена i заснулі
На ім, як дзеці, неабудным сном.
Ну вось, ну вось i здзейснены намеры,
Сам лёс пераступіць ім дапамог —
Без ветразяў, без думак, без паперы —
Забытай эры знойдзены парог.
12
Сон цуды з чалавекам робіць сонным.
Жанчына стала Пятніцай. А ён —
Быў мараком, прачнуўся Рабінзонам.
Як свет змяніўся за кароткі сон!
Зноў іх жыццё заведзена з пачатку.
З мінулай явы ў гэтую ўзялі
Яны сякеру, простую апратку,
Зярнят чатыры жмені — для раллі.
Яшчэ з сабою захапілі памяць,
Што можа скласці зруб — пад бокам бор,
Агонь здабыць, азначыць плотам двор —
Аседлы кут, які даўно пара мець.
Даўно пара! Пасля трывожных дзён,
Шаленства бур, злучыўшага ix лесы,
Ім неабходна засяваць палосы.
Так думала яна.
А Рабінзон?
13
А Рабінзон, увесь ад сонца чорны,
Вёў з незнаёмкай дзіўны дыялог:
— Як ты пасмела наш парог пячорны
Пераступіць?
— А ён i мой парог.
— Дарма прыйшла. Да спраў былых не проста
Мяне вярнуць.
— Прывыкнеш за сталом.
— Няма паперы.
— Знойдзецца бяроста.
— А карандаш?
— Абыдзешся вуглём...
Па свеце ты павандраваў нямала.
Ты сустракаўся з тысячамі шхун...
— Яны ўжо сталі тысячамі трун,
Ix знішчыў выбух, бездань пахавала.
— Ты думаеш, што можна вольна жыць
Пасля таго відовішча?
— Не знаю.
— Што ў лесе робіш?
— Памяць аднаўляю.
Каб зноў у лук яе ператварыць.
14
— Што можа лук — гаротнае дзіця,
Зрабіць, хаця б для самазахавання,
У час ліхі ўзаемапалявання
Ракетадромаў смерці i жыцця?
Як можаш ты забыцца ў лесе гэным
На выбух той, што ўсе лясы наскрозь
Прасвечвае, трымае пад рэнтгенам
Луг i паляну, дзе пасецца лось?
Читать дальше