Паласа нешанцаваньня
У жыцьці,
З хваравітаю сьвядомасьцю
Ў быцьці,
І спакою не прадбачыцца
Нідзе,
Кругі радасьці зьнікаюць
На вадзе…
У краіне роднай
Д’яблы правяць баль,
Зь беларусаў шмат хто
Верыць ім, на жаль,
І з тупой пакорай
Йдзе на згубу люд,
І забыліся усе
На Страшны Суд…
Засьнежанае сонца
сьлепіць вочы,
І забываеш
жахі чорнай ночы,
Ня згадваеш
папрокі ды праблемы,
Не існуе
ніякае дылемы.
Душа пяе,
імкнецца у вышыні,
Але…
чадзяць ў паветра чыстае машыны,
Блішчасты сьнег
рыпіць пад чаравікам,
Жабрак у пераходзе
сядзіць цьвікам.
Замілавана
згадваеш каханую,
Табе і дзецям
ўсёй душой адданую,
У Бога просіш
болей гэткіх дзён,
Бо час бяжыць —
ты ўжо не маладзён.
Дым цыгарэтны
едкі й лезе ў вочы,
А ноччу сьніўся,
пэўна, сон прарочы:
Гарыць нібыта
нашая планета
Й прыходзіць думка,
што было ўжо гэтак.
…Засьнежанае сонца
сьлепіць вочы,
І забываеш
жахі чорнай ночы,
Ня згадваеш
папрокі ды праблемы —
Не існуе
ніякае дылемы…
За што люблю
Халодную зіму?
Шукаць нядоўга
Трэба мне адказ.
Люблю за першы,
Белы, мокры сьнег,
За нейкую
Узьнёслую ўрачыстасьць.
Люблю за моцны,
Што кусае шчокі,
Мароз, які братае берагі
Дняпра старога,
Што пабачыў многа
За век свой
Нялёгкі і даўгі.
Люблю за дзень,
Марозны, сонечны,
Калі навокал
Ўся прырода зіхаціць
Такою прыгажосьцю
Непадробнаю,
Нібыта толькі раз
Гэта ў жыцьці.
Люблю зіму я
За мяцелі, завірухі,
Сумёты намятаючыя ўраз,
І за зімовы лес,
Што лапкамі ялінак
Зычліва
Вітае кожны раз.
Люблю за Новы год,
За ёлку ў хаце,
Якую
Раней ставіла мне маці.
Ну, а яшчэ
Люблю зіму за тое,
Што ты на сьвет
Зьявілася зімою.
Завея сьнежная чаруе
Лугі, палеткі ды лясы,
Бялюткай фарбай ўсё малюе
І тчэ сьняжынкай паясы.
Яшчэ прыцемак сьвітальны
Ахутвае зямлю,
Шэра-блакітны колер
Мае сьнежны покрыў.
Сухі быльнёг
Матляе ветрык зімны,
А той смуткуе
Пра пару юнацтва —
Пра лета й навальнічныя дажджы…
Быў час —
Усё цьвіло і красавала,
І сокам наліваліся сьцябліны…
Усё прайшло: і што табе засталася? —
Сухі быльнёг
Матляе ветрык зімны…
Сьнежаньскі дождж.
Брудна-шэрыя хмары
Борзьдзенька, цугам
Плывуць над зямлёй,
Смутак-туга
Заглядае у хаты,
Кладзецца цяжарам
Няпэўнасьць быцьця
На душы людскія,
Зацюканых часам,
Тых, што ня вераць
Ў прышэсьце Хрыста…
…Сьнежаньскі дождж.
Брудна-шэрыя хмары.
Спакутаваныя душы
Шукаюць спакой…
Сьнежань. Сьнежна…Сьнегіры…
Сані шпарка ймчацца.
Па узгорках ўздоўж ракі
Завіруха скача.
Зачаруе, замяце
Ў лясох, лугавінах,
Крупой сьнежнай сыпе ў твар,
Бачны шлях адзіны…
Сьняжынкі-парашуты
Кружляюць за вакном,
Спаміж самотных дрэваў
Шукаючы спакой.
Паверце, шлях няпросты
Зь нябёсаў на зямлю —
Стамлёны пух бялёсы
Кладзецца на ральлю.
І стала белым поле,
І лес па-над ракой —
Сувой зімовы, сьнежны
Снуецца над зямлёй.
Тонуць ў змроку вулачкі
Гораду Старога.
Гучыць ў паветры-холадзе
Вячэрняя рапсодыя.
Сусьвету дзірка чорная
Ўсё места [1] Места — у старажытнай Беларусі значыла “горад”.
паглынае,
Загадкава ўсьміхаецца,
Ласкава запрашае
У вір касьмічны кінуцца,
Душы знайсьці адхланьне,
Спазнаць пяшчоту Боскую
І радасьць, і каханьне…
Студзень. Каляды.
Ў засьнежаным парку
Дрэвы самотна
Глядзяць на мяне.
Ціха…
Па нерушным сьнезе
Ступаю…
Мяне даганяе
Сьлядоў ланцужок…
Цемры акіян…
Ліхтар самотны
Уяўляецца
Пясчынкай у Сусьвеце,
І прадзірае
Вечнасьці прастору,
Сьвятлом праменіць
Нібыта паходня…
За вакном сягоньня
Зноўку сьнегапад.
Сыпе, сыпе зь неба
Сьнежны зоркапад.
Кожная сьняжынка,
Бы метэарыт,
Падае да долу,
Толькі не гарыць.
Любая, каханая,
Паглядзі ў вакно,
Ўся зямля накрытая
Белым палатном.
Ціха ў пакоі…
За шыбамі вокнаў
Віруе жыцьцё
Мітусьлівае нашае…
Ў думках шукаю
Адказ на пытаньні,
Хочацца дужа
Спрашчэньня праблемаў…
Стомлена
Ў цёмныя шыбы
ўзіраюся —
Мігцяць ліхтары
Нібы зоркі ў Сусьвеце…
Читать дальше