Над ракой, дзе каліна,
Сенажаць церабілі;
У сяле, дзе хлапчына,
У паход затрубілі.
Перастала каліна
У цьвяточкі ўбірацца;
Перастала дзяўчына
Зь ненаглядным страчацца.
Бедавала зязюля,
Што каліны ня стала;
Бедавала матуля,
Што дзяўчына ўсыхала.
Па рацэ гналі хвалі
Ўдаль галіны каліны;
Людзі ў рэчцы шукалі
Самагубкі-дзяўчыны…
Над ракою ў спакою
Зацьвіла зноў каліна;
А ў зямельцы пад ёю
Спала наша дзяўчына.
Шлях. Каля шляху лес хілкі.
Вёска, дзе лес, і магілкі;
Ў вёсцы — зь сьвятліцай хаціна,
У хаце — з бабуляй дзяўчына.
Там жа паблізку стаяла
Гэткая ж хатка бязмала, —
Хлопец у хаце жыў зь дзедам,
Быў той дзяўчыны суседам.
Звалі дзяўчыну Маланкай,
Хлопца, чуў, клікалі Янкай;
Зналіся змалку абое,
Зналі і сёе, і тое.
Кожны год цёплай вясною,
Ў поле шоў Янка з сахою;
Кужаль Маланка снавала,
Цэўкі сукала і ткала.
Улетку кляпаў хлопец коску, —
Шоў луг касіці за вёску;
Сена дзяўчына сушыла,
Ніўку жаць потым хадзіла.
Жыта ляшыў ён увосень
Або лучыну біў з сосен;
Шла яна бульбу капаці
Ці лён часала у хаце.
Сані ён ладзіў зімою,
Ехаў ці йшоў ў лес зь пілою;
Часам яна ў лес хадзіла
Ці на таку малаціла.
Далей, ня так ужо далей:
Янку кудысьці пазвалі,
Там пасадзілі за штосьці,
Не адпусьцілі і ў госьці.
Болей яго я ня бачыў;
Чуў, што ня вельмі там скача, —
Нешта капае, валоча,
Ждучы ўсё сонейка ўночы.
Ну, а дзяўчына?.. Э, што там!
Збаю калісь аб ёй потым…
Людзі ж казалі, што Янка
Вельмі любіўся з Маланкай.
Сонца ўтульна пазірала,
Птушкі пелі на ўсе тоны;
Кветкі дзеўчынка зрывала
Ля дубровы ля зялёнай.
Заплятала у вяночак,
Прымярала на галоўцы;
Радасьць біла зь яе вочак:
Ёй спрыялі кветкі, сонца.
Чуць вяночак не гатовы —
Не хапала адной кветкі…
Выйшаў хлопец з той дубровы,
Хлопец пекны, стройны гэткі.
Удваёчку ўжо шукаюць
Кветкі ў буйнай сенажаці,
Толькі дзе знайсьці — ня знаюць…
Сталі ў вочы заглядаці.
Так хадзілі ўсё далінкай;
Сонца зь імі ўсьлед хадзіла,
Аж вяночак свой дзяўчынка
Недзе ў лузе загубіла.
Клопат… Бедная ня знае,
Ці ёй плакаць, ці сьмяяцца?
Кветкі — ўпрочках, — хлопца мае…
Надало ж так памяняцца!
Ходзе, траўкі не зачэпе…
За вянок — дзяцюк прыгожы;
А што горай? а што лепей?
Бабка надвае варожа.
Дзе голуб з галубкай варкуе, сядзіць,
З-пад неба хмурлівага ястраб ляціць,
I кіпці запусьце ў галубку ён сьмела,
I выгрызе сэрца, і кроў высьсе зь цела.
Дзе шчыра дзяўчынку дзяцюк палюбіў, —
Прыйшоў стары зводнік, дзяўчынку адбіў;
Як ястраб з галубкай, так цешыцца ўволю,
Паганячы славу — дзявочую долю.
Няма ўжо галубкі, прыўныў галубок,
Сядзіць, не варкуе; як мёртвы, замоўк:
Па любай сваёй у вялікай жалобе,
Чакае, аж ястраб і зь ім тое зробе.
Няма ўжо дзяўчынкі; сум хлопца гняце,
У сэрцы глухі жаль, як рана, цьвіце;
Дзе пойдзе, дзе гляне, стогн рвецца маркотны:
Адзін ты, адзін, небарача гаротны!
Галубкіны косьці разьвеяла бура,
К другой свае вочы стары зводнік жмура,
Галуб жа, дзяўчынка і хлопец, як дзеці,
Бядуюць, што ястрабаў так шмат на сьвеце.
Над задумаю ніў
Маладзік бледны плыў,
Дзіваваўся з жыцьця,
Што ўнізе без пуцьця
Спала сном нежывым.
Хмарка свой бледны лік,
Дзе лунаў маладзік,
Ціхавейна ўзьняла,
Шопат-сказ павяла
Так з суседам сваім:
— Маладзенькі ты мой,
Абніміся са мной, —
Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!
Будзем цені снаваць,
Бледнатой спавіваць
Мёртва-сьпячу зямлю,
Зь ёй заводзіць гульню —
Сеяць сум тут і там.
З вутлых сетак, як цін,
Я сплялася з краплін,
I мяне — сірату,
Як плыву ў высату,
Страшыць сонца ня раз.
А ты — лепшай душы,
Жаль ка мне акажы;
Буду цешыць цябе
Я ва ўсякай журбе, —
Дык прымі ў добры час…
Маладзік зьвесялеў,
Падміргнуў ціха ей:
— Маладая мая,
Выглядаў цябе я
Ўжо даўно ў вышыне.
Читать дальше