Ляснымі йшлі шляхамі. Дзе былі загібы,
Ламаў галінку Грышка, каб Вінцук не хібіў.
Сын мусіў знак чытаць, рабіць высновак свой.
Праходзячы каля бярозы маладой,
З-за паса Грышка выняў вострую сякерку,
Надцяў кару і здзёр, дапільнаваўшы мерку.
Бяросту белую накшталт стажка скруціў,
Лазовай стужкай змацаваў і затрубіў —
Разлёгся голас, вабіць так самца ласіца,
І з гуку, і з адлегласці не надзівіцца.
Хоць побач я стаяў, здалося мне ў барку,
Што голас плыў здалёк, губляўся ў гушчаку.
Мы ўсё далей, далей у цішы йшлі знямелай.
Лес дзікі станавіўся і параскашнелы,
Раскінуўся ў сваёй магутнасці, красе.
Замілаваны мог даследнік пакрысе,
Бы кнігу, тут чытаць гісторыю развою
Прыроды, што спрадвек не ведае спакою.
Вось волат-дуб, над гуртам дрэў дасяг ён хмар.
Разложысты. Наўкол дзяржавец-валадар
Забраў вялікую прастору ад суседзяў.
Пад ім не маюць росту, выжываюць ледзьве
Гатункаў розных карлікі — падданцы ўсе
Манарха, прышласць ім надзей не прынясе.
Хіба што волату імхі ўкароцяць часу,
Зашмат на дубе развялося чужапасаў.
Памчалася ўгару вавёрка да жытла,
У жарало нарэшце скокнула дупла.
За ёй яшчэ адна панеслася вяртляста:
Выходзіць, смерць гасцюе ў волаце дуплястым.
Дарма ўдаваў ласіху на трубе Рыгор,
Дарма напагатове штуцэр быў яго,
Бо толькі адказала здрадным тонам рэха,
Ўзляцелі з крыкам сойкі ў палахлівым спеху.
Брыдзем далей.
«Няхай паніч у хмызняку
Схаваецца і пытлю дасць таму ваўку,
У гэтым месцы, шэльма, часта прабягае,
І стрэліць тут лацвей, заслона не густая.
Наўкола абыду, здаля мой будзе ваб».
Нырнуў я ў куст ляшчыны. Побач волат-граб.
Прысеў я. Грышка знік у лесавой гушчэчы.
Ніжэла сонца, спёка ўнікла, камарэча
Напала, толькі й чуў дакучны звон,
Пісклівы не сціхаў каля вушэй паўтон.
Пабольшала ў аркестры камаровых піскаў,
Хоць і замоўкла шмат на твары ад прыціскаў.
Не адстрашала нават кара камарні,
Маглі заесці крыважэрныя раі,
Свярбела скура — насланнё на паляўнічых.
Не бачыў я красы, ў якую таямніча
Прыбрала пушчу развітальнае святло,
Калі да сну хіліцца сонца пачало,
Залоцячы вяршкі хваінаў.
Грышка ў лесе
Здалёк, нібы ласіха, абазваўся дзесьці,
Пасля завабіў зноўку і крыху счакаў,
Хацеў я ўстаць і тут жа высачыў ваўка,
Убачыў, як перамахнуў кусток лазовы
І лесам пёр далей. Кроў хлынула раптова
Да галавы… Чакай, дружок! Зручней я стаў,
Прыцэліўся й трымаў на мушцы з-за куста,
Націснуў. Тут жа засціла мне ўсё дымота.
Я выскачыў, бы з прашчы, і панёсся лётам
Туды, дзе трапіў пад прыцэл лясны хіжак.
Ваўчугі не было — ну хоць бы нейкі знак.
Я схібіў!.. Злы й нямы стаю. Уцёк ён, значыць.
У гэты момант Грышка надышоў.
«Пабачым,
Як пан патрактаваў ваўка. Здаецца мне,
Панёс ён кулю. Згледзеў — штось не тое, не.
І вушы прытуліў, ішоў не так, як трэба.
Як браў, паніч?» — «А па баку». — «Дзесь лапай трэпле.
Ці бачыш?.. юха!.. о!.. ў ляшчыннік шыўся звер!..
Вось дык сумеўся ўрэшце з міны кавалер!..
Пазнаў адразу я! о!.. о!.. тут кропляў шэраг!..»
Трыумфаваў так Грышка і ўжо бег уперад,
З пазнакай радасці яго быў кожны рух —
На хітрым ворагу здаволіў помсты дух.
«Сядзеў!.. паглянь, паніч, сядзеў!.. о!.. юха кажа!
Звялі з табой урэшце парахункі!.. Ляжа!..
Заліўся юшкай, дужы — шэльма! — ў лес глыбей
Шчэ сунецца… Пад вуха вытрымаць ляпей
Ці пад лапатку». —
«Лёгка гаварыць, вядома,
Ў канец хваста патрапіць хоць бы лотру тому,
Як лесам прэ, — й за гэта ўсё Хрысту хвала!» —
«То пэўна!» — «Што ж пляцеш?» — «Ат! звычка павяла…
Я з радасці, панічу мой! Дый не зашкодзіць
Практыкавацца маладому пры нагодзе,
Калі стары й павучыць… О!.. ў гушчар, туды!
Як стуль не йшоў, не будзе выкруту тады.
Вакол хай пан бяжыць, а я ў сяродак самы!
Схаваўся там, дык мецьме напатканне з намі».
Пабег… Не ўспеў я пацераў дагаварыць,
Як чую моцны Грышкаў голас: «Тут ляжыць!»
Я дзёрся праз кусты, разносіліся ўдары,
Яшчэ нябожчыка ўсё Грышка кіем жарыў,
Чыніў страшэнны здзек — аж анямеў быў лес,
Як з трупа Гектара калісьці Ахілес.
«Пакінуць звера — то ж не ўчуць ганаравання!
Хоць скура ўлетку й дрэнь.
Адно з ваўком важданне,
На ўцеху пану нейк зацягнем, зробім штось,
Кол высеку і зачашу я гладка — вось!
Звязаўшы лапы, сунем, на плячо канцамі —
І марш! Заходзіць сонца, не марудзьма самі».
Была ў бары ўжо ноч, як з хаты Базыля
Неспадзявана бліснуў нам прамень святла.
Вястуючы пра нас, заходзіліся брэхам
Псы-дварнякі, будзілі ў сонным лесе рэха.
Пасля завылі, блізка як былі з ваўком.
«Учулі воўчы дух — трывога ў дварнякоў».
Дзвярыма хтосьці скрыпнуў. «Ціха!.. вон, шатаны!» —
На псоў азваўся голас.
«Хто там?» — «Грышка з панам!»