Тыдня не мінула шчэ,
Чакаў старога Грышку, недзе знік з вачэй,
Нарэшце ён з'явіўся. Значылася з міны,
Што ім прынесены шчаслівыя навіны.
«Панічу, блізка, дзе чароту гушчыня,
Ёсць лось-рагач, ласіха, з імі ласяня.
Дык рушым заўтра з панічом, як ледзь заднее.
Мароз слабы, без ветру, ёсць тады надзея
На шчасце ў паляванні добраю парой.
Вазьму я сані пад'яздовыя з сабой,
Свайго каня, сыноў, упэўнены, панічу,
Ў лася, бы ў сена стог, страляцьме паляўнічы.
На паляванне ці гатовы пан як след?» —
«А як жа, як заўсёды». —
«Клопат наш сакрэт,
Усё дапільнаваць. А стрэльба ці набіта?» —
«Не». —
«Што? Мы ж вырушым да дня шчэ менавіта.
Зашыў у скурку кулі?.. браў іх на замер?» —
«Не». —
«Як жа быць, панічу?» —
«Ат! зраблю цяпер,
Ці стрэльбу набіваць мне будзе клопат нейкі?» —
«Панічу, прабачай! Ласі не верабейкі.
Не выйдзе анічога! Хай дазволіць пан
Самому мне дагледзець паляўнічы стан.
Трэ гэткія дапасаваць набоі ў рулю,
Каб стрэліў — і пайшла раўнюткім шнурам куля.
Даць пудла нельга, бо мне клопат немалы
Шукаць… Вось тут мае, панічу, пасталы,
У іх не холадна і ўзімку, то ж не ў ботах,
Лацвей на снезе ў лапцях і трымацца потым.
Апратка ё?» —
«Ў мядзведжым футры йду на дзіч». —
«Ха! ха! А снег? З яго не выпаўзе паніч!
Лісінае ёсць бацькавае футра пану,
Вось чым падперазацца?» —
«Шалем». —
«На загану!
Дапраўды, з гэтым панам тысяча пацех!
Паніч, як тычка на мяжы, то ж проста смех!
Мы ж едзем на ласёў, яны ж бо не цяляты.
Няхай усё абдумае стралец заўзяты,
Драбніца можа загубіць надзею ў нас,
Ласі не верабейкі, паўтару шчэ раз,
Ад сораму згарэць, як уцякуць з-пад носу.
А Божа ж мой! паніч якую стрэльбу носіць!
Цьфу! з руляў нешта сыплецца на дол само.
На соек, можа, едзе пан, на дзятлаў мо?
Дальбог, паніч мне насланнё ліхое!
У стрэльбе бруд, ці ж пэўныя дасі набоі?
Бяру я стрэльбу, зрання прынясу сюды
Набітай добра, чыстай, — і палюй тады.
Ха! ха! не можа ў паляўніцтве пан кумекаць.
Бывай здароў! Хвала Хрысту!» —
«Хвала навекі».
На ўсходзе ледзьве толькі пачало віднець,
Быў да паслуг ужо стары асочнік мне.
Апратку ўбачыў Грышка і здзівіўся шчасна:
«Мо добры паляўнічы з пана будзе з часам.
Дык едзьма, бо пара ўжо падганяе нас,
На досвітку пяе пявун астатні раз.
Ласі тут блізка, хутка ім заступім ховы.
Не стрэлі бабы — ўдача будзе адмысловай».
На санях, гэтакія толькі на Палессі,
Дзе хочаш, там і едзь сабе — балотам, лесам,
Не шпаркі бег у іх з-за палазоў высокіх,
Затое снег ужо не падапрэ глыбокі, —
Мы рушылі, радком сядзелі ўчатырох.
Хоць моцны, конь ішоў ступою, сані цёг,
Яны, здавалася мне, рухаюцца ледзьве.
Сплыло так манатонна з дзве гадзіны недзе.
Прашу я Грышку:
«Едзь хутчэй! задаў нуды». —
«Паспех людзям на смех. Што станецца тады?
Ці ж лось прывязаны чакае ў лесе дзесьці?
Пайсці ён можа і далёка нас завесці,
А конь прыстане, ўнікне ўся яго мага,
І працай марнаю прыніжаны слуга!»
Я змоўкнуць мусіў і сумотнаю хвілінай,
Перш грэбліва чамусь, паглядваў на мясціны.
Абшары дзікія, без сцежак і дарог,
Асочнік толькі знаць ды звер палескі мог.
Край гожы, некрануты быў перада мною,
Чарот бязмежны, пушча з сіняй глыбінёю,
Дзе хвой выносістых завершаны стажок,
Як галаву, траха пасерабрыў сняжок,
А побач клён раскошны, дуб стары, гарбаты,
З разлогаю сукоў магутных, вузлаватых.
Падшыта ўсё густым ляшчыннікам, лазой,
Каб таямніцы ў глыбіні схаваць лясной.
Ціхота… толькі дзятла стук заўзяты, бойкі,
Ці крыкне папялістая ў спалоху сойка,
Ці свіст арэхаўкі, аўсянкі цвірк чуваць,
Ці піск гілёў, што чырванню зімой гараць.
Язда мне здоўжылася, і сказаў тут Грышка:
«Хай папяроскі курыць пан, як часу лішкі.
Сваё як толькі зойме ў лесе месца хтось,
Курыць ні-ні! бо не падыдзе блізка лось.
Нюх добры мае. Я дзе сена жменьку кіну,
Хай там саскокне пан у гэтую ж хвіліну,
Ціхутка стане за алешынай грубой,
Наставіць вушы ды глядзіць перад сабой —
Прыйсці да пана мае лось-рагач з чароту.
Няхай паніч падпусціць, цэліцца трэ потым
У грудзі, ў шыю, пад лапатку — як зручней,
Абы папаў, каб марна не ўпусціць надзей!
Ласі тут блізка. Пан, пабач! — то ж след ласёвы.
Цішэй! не гаманіць, бо звера спудзіць мова».
Падрыхтаваўся скокнуць і сяджу маўчком…
Мы едзем, едзем!.. Знецярпеўся і цішком
Спытацца вырашыў: «Ці скора?» — ў гэту хвілю
Заўважыў, што набок штось голаў Грышка хіліць
І сена кінуў жменьку.
Гоп! — я ў гушчары.
Паехаў Грышка.
Справа — волат-дуб стары,
А злева цягнецца чарот густы, балота.
Парушыў цішыню крумкач паспешным лётам.
Каля алешыны я ўперад паглядзеў,
Непадалёку ад мяне чарот радзеў,
У ім неспадзявана вынікла паляна,
Яна была лясной гушчэчай прыхавана.
Я пільна слухаў, пільна ўглядваўся ў чарот,
Вялікі пазначаўся ім абшар балот.
Калі мяцёлкі пташка парушала часам,
Стаяў як укапаны, сэрца біла часта.
Здавалася ад шамацення шмат разоў:
То ж лось надходзіць! — Не! — я памыляўся зноў!
Бо шолах той змаўкаў, была наўкола ціша,
Мяцёлкі ветрык ледзьве толькі пакалыша,
Як пташка толькі сядзе, хіліцца гучок,
Сініччын толькі чуўся ценькі галасок.
Трывала гэтае чаканне мо з гадзіну,
Заеў быў нуд. І вось шчаслівая хвіліна —
Бег ліс палянай. Цэль хоць ледзь відаць,
Сабе падумаў: стрэлю! Стане там чакаць
Хто тых ласёў, няхай іх д'яблы!..
Ліс наўцёкі,
Як бы пачуў мяне за вольхаю высокай.
Шчыпаў марозік злёгку і калоў траха,
Зноў думаю: да ліха! рукі грэць жа льга.
Спусціў куркі, засунуў я ў кішэні рукі,
Прысеў на снег, гляджу бяздумна ў даль з дакукі.
Ахвотна папяроску закурыў пасля.
Ці ж можа дым той даляцець аж да лася?
І раптам нешта затрашчэла на паляне,
Як быццам чую я каня: то йдзе, то стане…
Ускокваю! шчоўк! шчоўк! куркі. Лаўлю гук той,
А сэрца б'ецца, хваляў у грудзёх прыбой.
Яшчэ хвіліна — рукі, ногі задрыжэлі:
За крокаў сто мо лось стаяў вялікі вельмі,
Выцягваў храпы звер — адразу, як нюхнуў,
І дух чужы пазнаў, і небяспеку ўчуў.
Раз! два! з дзвюх руляў пакаціўся гром усюды,
Лось скочыў у чарот маланкай з перапуду —
Ягоны тупат чуецца штораз слабей.
Зноў цішыня, чарот калышацца сабе.
Дзесь грымнуў стрэл, за ім другі адразу ляснуў,
Зноў ціша мёртвая.
Мінула многа часу,
Аж бачу — на паляне рухаецца штось,
Прыгледзеўся: там Грышка, з ім сыны і лось
На санях. Звер прыкметна іх сабой абцяжыў.
Курылі люлькі, йшлі радком утрох паважна.