«Шатана ці русалак бачыў ты хіба?» —
«Фу!.. цьфу!.. Панічу! ну навошта пахвальба?
Нібыта не баіцца сілы пан нячыстай?!.
Мо тут шатан сядзіць на хвоі дзе камлістай!
Нячысціка ды клікаць?!. У імя Айца!..
Мы ў пушчы, а не ў хаце свячанай!.. Жыцця
Яе не перадаць… гм!.. кніжкі пан чытае
І верыць, што бязлюдны лес душы не мае?
Прабач. Дык слухайма, лавем жа кожны гук,
Ад пушчы пан не спадзяецца гэткіх штук.
. . . . . . . .
Паніч ці чуе?!. Я звяроў і птахаў знаю,
Ды што за д'ябал, голас чый, не адгадаю!..
Фу!.. цьфу!.. спакуса панава… пачаў вярзці!
Я ж вернік, пад святой апекай у жыцці!»
. . . . . . . .
Шаптанне пацераў… Дапраўды ў пушчы ночнай
Усякіх гукаў тысяча. Пазнаць захочаш,
Не разбярэш дзесятай часткі з іх ніяк.
Хіхікне хтось, а там заплача горка так,
Тон часам жаласлівы, часам востры, дзікі.
Таемныя спрадвеку пушча мае зыкі.
Хто скажа, што ў сабе захоўвае яна?..
Яе ўрачысты й грозны голас — цішыня,
Як тону вушы аніводнага не ўловяць.
Не дзіва, што ў праявы верыць люд вясковы.
До ў пушчы раз паначаваць і там без слоў
У гукі ўслухацца таемных тых размоў.
Так думалася мне, як лёг я адмыслова,
Акрыўся буркаю на купе лап яловых,
Яліну Грышка ссек. Прыемнае цяпло
Ад полымя вялікага няспынна йшло.
Снапы бліскучых іскраў угару ляцелі
Зігзагам фантастычным. Ніклі летуценні.
На ловах лёгка спіцца…
Цёмнай шчэ парой,
Нібы вупыр, схіліўся Грышка нада мной:
«Панічу, трэ ўставаць!»
Мяне прабрала крыху,
Дарма што цёплае адзенне. Цёмна й ціха.
Між хмарак дыяменты зор. Я ўстаў, мацней
На голаў шапку нацягнуў і сеў хутчэй
Да вогнішча.
«Глушца на токах не адстрашыш,
Калі з'ясі на адыходзе цёплай кашы,
Сагрэе пэўна… Ўчора запытаўся пан,
Ці ў пушчы часам Грышку не спаткаў шатан?
Гм!.. Што ж сказаць на гэта?!. Кпяць за кожным разам
З нас, прасцякоў, панове… Трасца й ёсць жа назва
Таго вось ліха. Пан жа згодны! На яе,
Як чар, стары тут Грышка радзіў бы свае
Спажывы з'есці цёплай… Выбач, пане, ўчора
Быў не да смаку жарт!.. нядобра!.. Што ж да чорта?
Ці ёсць? не знаю… Пан па гутарцы такой
Хай будзе асцярожны ў глыбіні лясной…
Дахаты мой Вінцук пабег быў ночай цёмнай
Па казанок… Заснуў пан без вячэры цёплай».
Я памаленьку з астраўка пайшоў у мрок,
Тут угрузаў, дугою гнуўся там штокрок,
Інстынктам кіраваўся памяці ў надзеі
І пільна прыслухоўваўся, што пушча дзее.
Агню не бачыў я, ўрачысты супакой,
Лес толькі, бы гаворыць, верх хістае свой,
На смельчака дзівуецца, які пакрочыць
Адважыўся ў абшары лесавыя ўночы
Далей — уперад!..
Раптам блізка трэск зусім,
Вушам спачатку веры не даваў маім.
Прыслухаўся, дапраўды тросся куст вяршкамі,
Сухое лісце шамацела гэтаксама,
Ступае хтосьці… Глянуў… здрыгануўся ўвесь,
Аж сталі дыба валасы на мне — мядзведзь!..
Ягоныя абрысы ў мроку ўбачыў толькі,
Прыблізіўся і стаў за крокаў пяць, не болей…
Ці збегчы — паратуе бліскавічны рух,
Ці хуткія два стрэлы шротам з метраў двух!
Пасля за дрэва.
Колькі часу я выстойваў
Сярод бязлюднай пушчы, ельніку густога,
Не знаю, дрыжыкі ўзялі мяне суздром,
Быў вока ў вока я з пушчанскім каралём…
За мною раптам шолах!.. Тут мядзведзь вачыма
Павёў туды, дзе шум, і з гэтае прычыны
Ён адышоў, мармычучы… І там яго
Замоўкла крокаў водгулле… Пасля ўсяго
З палёгкай уздыхнуў — мінулася ліхое,
Шчэ вуха навастрыў на месца на другое,
Туды, скуль шолах даляцеў, але дарма
Я сіліўся пачуць — знік шум, нідзе няма,
Спакою анішто не парушала ўранні;
Я зноў уперад рушыў, яснае світанне
На цёмным небе, ўжо займалася на дзень.
У пушчы глуха шчэ, ды гукі дзе-нідзе
Вітаюць сонца, першыя снапы прамёнаў.
Агледзеўся, чакаючы знаёмых тонаў…
Я не блуджу, бо той куток пазнаў, дзе быў,
Дзе ўчора поблізу такавіка сачыў.
Вось чую зык… выразны… то ж глушцова песня!..
Няма сумнення!..
Бы падушка, мох у лесе,
Зраблю два крокі асцярожна і далей
Набліжуся на столькі ж як мага цішэй.
І ў спеху і ў трывозе праставаў да токаў,
Дыханне стрымліваў сваё на кожным кроку.
Як толькі даляціць глушцовы ў лесе спеў,
Я скокну і замру ў тэй позе. Паглядзеў —
Сядзіць глушэц, задраўшы дзюбу на асіне,
Спявае песню, пушча гэтаю часінай
Заслухалася, хвост, як веер, распусціў,
Няпомны ў спеве, ў гімне любасным на здзіў.
З грудзей не выскачыць ледзь сэрца, як нарэшце
Наблізіўся я неяк праз замінкі ў спешцы…
Пара!..
Прыцэліўся: стрэл грымнуў, дым пайшоў,
Хіснуўся птах, з асіны каменем далоў,
Галіны ломячы, і ў шэры мох аж бухнуў,
За ім ляцяць сукі сухія, пацяруха.
«Нішто сабе! нішто!.. віншую!» —
«Дык ты тут?» —
«А на выпадак… што?.. быў пану перапуд?
Ды шчэ які!!.
Я чую, хтось яшчэ там ходзіць,
Падумаў, мне туды падбегчы не зашкодзіць,
Падрапаць пану скуру лапай мог мядзведзь.
Загнаў у рульку кулю, рупіўся паспець,
Сякера шчэ за пасам… Гора з панам многа,
Пільнуй яго, нібы дзіця!» —
«Не знаў нічога,
Твае чуў крокі, хто ж яшчэ з'явіцца мог?
А што, калі другі!..
Хай укрывае Бог!..
Ды наша вогнішча было з таго вось боку
Раскладзенае на начлег непадалёку,
Мядзведзь стуль быць не мог…» —
«Дам раду, павучу,
Не трэ шукаць шатана ўночы панічу!»
Пачуўся стрэл далёкі.
«То Вінцук страляе!..
Вось і наслаў мядзведзя!» —
«Хто?» —
«Шатан пракляты…
Панічу, ціха!.. добра спеў цяпер чуваць…
О!.. о!.. і не перастае глушэц спяваць.
Скачэм!»
За гэтым разам стаўся я віною:
Глушца спалохаў сук, што хруснуў пад нагою,
Як блізка быў.
Цьфу! цьфу! навуку кагадзе
Пан меў, а на глушца, нібы на дзятла, йдзе.
Тут мох кілімам, а паніч у лом паціснуў,
У горшае шчэ месца пхнецца там наўмысна.
Глядзець пад ногі трэ!»
Пачуўшы наганяй,
Не змоўчаў я:
«Тут голаў толькі й задзірай,
Як хочаш бачыць, дзе сядзіць». —
«Ды не, наліха,
Выгледжваюць пасля, як падкрадуцца ціха.
Глушэц не дроздзік!.. Годзе, зачало світаць,
І з дрэва мусіць такавік ужо злятаць».