«Дзіўлюся, — мовіў дзядзька, — што вам да спадобы,
Кахаючы, ўцякаць ад мілае асобы!
Ну добра, што прызнаўся, а то даў бы маху,
Паехаўшы ад нас. Дык вось пазбудзься страху:
Я Зосю сватаю табе — скачы з уцехі!»
Тадэвуш мовіў: «Вам я ўдзячны, ды памехі
Усё ж ёсць. Вы — бацькам для мяне і дабрадзеем,
Ды не паможа ўжо нішто, канец надзеям!
Бо пані Талімэна не аддасць мне Зосі».
«Папросім», — мовіў дзядзька.
«Не, яе не ўпросім!
Сказаў Тадэвуш жвава, — надарма чаканне,
Я, дзядзя, выехаць павінен заўтра зрання.
Прашу благаславення вашага ў дарогу,
А там у Княстве я ў сяброў знайду падмогу».
Суддзя, вус круцячы, гаядзеў на хлопца гнеўна:
«Дык так ты мне і сэрца адкрываў, напэўна?
Перш паядынак, а пасля ў яго каханне
І выезд гэты. Ой, тут бачу махляванне!
Мне ўжо казалі, я твае праверыў крокі!
Ты — баламут і пуставей, і лгун ты недалёкі!
А ну, расказвай, дзе надоечы бадзяўся,
Што ты ў двары учора вынюхаць стараўся?
Глядзі, Тадэвуш! Збаламучана мо Зося
Табой, і ты ўцякаеш, дык, малакасосе,
Табе не ўдасца гэта — хай і без кахання
Ўсё роўна Зося жонкаю тваёю стане,
А не, дык — бізуна, і заўтра, неадкладна!
Ён аб пачуццях мне яшчэ пляце няскладна!
Ты — лгун! А-фэ! Яшчэ я з гэтай калатушы
Зраблю і следства! Я натру табе йшчэ вушы!
Сягоння клопатаў я меў і так даволі,
Спаць не даеш, мне галава трашчыць ад болю.
І ты йдзі спаць!» тут на дзверы пальцам тыкаў
І распранацца Вознага ў пакой паклікаў.
Тадэвуш выйшаў, не сказаўшы больш ні слова.
Душу яго кранула дзядзькава прамова.
Аблаян ўпершыню так востра! Аж здзівіўся
Праўдзівасці ўсіх закідаў і прыпыніўся:
Як быць, калі да Зосі дойдзе гэта сцэна?
Прасіць рукі? А што тут скажа Талімэна?
Адзіны выхад — гэта месца перамена.
Ў задуме гэткай ледзь зрабіў мо крокаў пару,
Як штось зайшло дарогу. Глянуў — бачыць мару
Уся у белым, тонкай выдала, худою,
Плыла к яму з настаўленай здалёк рукою,
Якую серабрыў бляск месяца ледзь значны,
I, падышоўшы, ціха енкнула: «Няўдзячны!
Шукаў ты позірку майго і ўжо ўцякаеш,
Размоў шукаў, а зараз вушы затыкаеш!
Скажы мне, ў чым жа гэткіх перамен прычына?
Так мне і трэба! Знала я, хто ты, — мужчына!
Не знаючы какецтва, я не стала мучыць
Цябе і ашчаслівіла. Як гэта вучыць!
Трыумф над мяккім сэрцам вельмі лёгкім здаўся,
Ты — бессардэчны, і з мяне ты насмяяўся!
Такою страшнаю навучаная спробай,
Я пагарджаю, больш чым ты, сваёй асобай!»
«Дальбог, не цвёрдае, — сказаў ён, — сэрца маю,
Табой жа, Талімэна, я не пагарджаю,
Але ты ўзваж сама: за намі сочаць зорка,
Ці можна так адкрыта? Вынікне гаворка,
Ды і грахом з’яўляецца такая ўцеха».
«Грахом! — сказала Талімэна з горкім смехам, —
Нявінненькі! Ягнятка! Я хоць і жанчына,
Зусім аб тым не дбаю. Гэта не прычына!
Няхай сабе і ўсё адкрыюць, хай зняславяць!
А ты ж мужчына! Вам яшчэ ў заслугу ставяць,
Калі вы маеце каханак дзесяць зразу».
Тут стала плакаць: «Кінуць здумаў? Так адразу?»
«Падумай, што сказаў бы свет аб чалавеку, —
Сказаў Тадэвуш, — пгго ў такім, як я вось, веку
Здаровы дома жыў, каханы і вясёлы,
Калі жанатыя кідаюць сем’і, сёлы
І прабіраюцца у войска праз граніцу.
Каб нават я й хацеў, дык не магу спыніцца:
Мне бацька перад смерцю загадаў ваенным
Аддацца справам. Той загад яго бяззменны,
Дык заўтра еду, я прыняў ужо рашэнне,
Дальбог, няма што думаць аб яго адмене».
«Я не хачу быць перашкодай на дарозе
Тваёй да шчасця й славы, — мовіла ў знямозе. —
Ты стрэнешся з каханкай, можа, больш прыгожай,
Больш вартаю кахання, багацейшай, можа!
Ды толькі мне для ўцехі перад раставаннем
Скажы, што пачуццё тваё было каханнем,
Не жартам, ні распустай, што нявіннасць губіць.
Хачу пачуць яшчэ: мяне Тадэвуш любіць!
Хачу пачуць „люблю“ яшчэ хоць раз адзіны
І ў сэрцы захаваць шчаслівыя гадзіны.
Лягчэй прабачыць будзе, хоць цябе і страчу,
Ўсё ж будзе мне ўспамін…» ўздрыгвала ад плачу.
Тадэвуш, бачачы, што плача і галосіць
Жанчына і адно такой драбніцы просіць,
Узрушыўся, праняў яго і жаль, і літасць.
І каб праверыў зараз дум і сэрца скрытасць,
Дык, можа, і не мог бы даць сабе адказу,
Кахаў яе ці не. Дык і прамовіў зразу:
«Дальбог жа, Талімэна, каб я мёртвым стаўся,
Калі не праўда, што ў цябе я закахаўся.
З табой прабавілі мы час такі кароткі,
Ды быў ён гэткі мілы, гэтакі салодкі!
І доўга-доўга. Покуль сэрцу біцца.
Я пра цябе, дальбог жа, не змагу забыцца».
Читать дальше