Нябожчык Стольнік, пан мой, знатны пан, мой пане,
Які ў павеце ў самай большай быў пашане,
Дачку красы анёльскай меў, таму нямала
Багатых панічоў рукі яе шукала.
Між шляхтай славіўся тады задзіра знаны,
Сапліца Яцак, Ваяводаю празваны,
Бо ён сапраўды многа ў ваяводстве значыў:
У ім правадыра ўвесь род Сапліцаў бачыў,
Дык трыста галасоў трымаў ён сільнай воляй,
А сам не меў нічога, проч кавалка поля
Ды шаблі і вусоў даўгіх, як у нікога.
Вось Стольнік заклікаў малойчыка ліхога
І ў замку частаваў, бо выбараў парою
Ён меў шмат галасоў з сябрамі і раднёю.
Пасля таго так абнаглеў Вусач-Сапліца,
Што ўздумаў у зяці да Стольніка ўкруціцца.
Ужо няпрошаны у замку ён з’яўляўся,
А потым, нібы ўдому, ў нас абсталяваўся.
Ужо збіраўся сватаць, ды чакаць не сталі
І чорнай поліўкай яго пачаставалі [17] Чорная поліўка, паданая на стол хлопцу, які сватаўся, азначала адмову.
.
Як быццам Стальнічанцы ён упаў у вока,
Ды ад бацькоў таіла пачуццё глыбока.
Было ўсё гэта пры Касцюшцы. Пан збіраўся
За „Трэці май“ змагацца, з шляхтаю звязаўся
І да канфедэратаў браць хацеў напрамак,
Ды раптам уначы Маскаль напаў на замак.
Ледзь быў час выпаліць з марціры на трывогу,
Ход ніжні заваліць, і вось — прымай аблогу!
У замку быў пан Стольнік, я, паненка, паня,
Кухмайстар і два кухты, п’яныя дазвання,
Ксёндз, лёкай, гайдукі чатыры — больш нікога.
Мы з стрэльбамі — да вокнаў. Вораг ля парога
„Ура!“ крычыць і рвецца сілаю вялікай.
Мы ў дзесяць стрэльбаў пальнулі: а хто вас клікаў!
Усё закрыла цемра. Слугі знізу білі,
А з гэтай галерэі пан і я палілі.
Ішло ўсё вельмі спраўна, хоць і у трывозе.
Ляжала дваццаць стрэльбаў тут вось на падлозе,
Мы выстралім з адной, другую нам падносяць —
Ксяндзу заняцца гэтай справай давялося,
Таксама пані і паненцы і дзяўчатам.
Стралялі тут мы ўтрох няспынна і заўзята.
А маскалі тым часам куль не шкадавалі,
Мы зрэдку, але метка ім адказ давалі.
Разы тры гэта хамства дзверы штурмавала,
Ды з кожным разам трое ногі задзірала.
Тады ўцяклі пад свіран, а ўжо быў і ранак.
Пан Стольнік выйшаў радасны з ружжом на ганак
І, як салдат які, матнуўся ў завуголлі,
Ён стрэл даваў і не мыляўся аніколі —
Кашкет за кожным разам у траву валіўся.
Пасля таго ўжо ўвесь атрад да сцен туліўся.
Убачыўшы, што вораг топчацца трывожна,
І што яго ўручную выбіць будзе можна,
Пан шаблю ўзяў і гучна слугам даў наказы;
Звярнуўшыся ка мне, сказаў: „За мной, Гервазы!“
Тут бахнуў стрэл з-пад брамы. Стольнік заікнуўся,
Пачырванеў, збялеў, крывёю папярхнуўся.
Тады заўважыў я насупраць сэрца пляму,
А пан з хістаннем паказаў рукой на браму.
Пазнаў я зразу лотру! Я пазнаў Сапліцу
Па росце і вусах! Ён толькі мог рашыцца
На гэткі крок! Я бачыў! Стрэльбу ўверх узняўшы,
Стаяў латруга. Дым яшчэ не быў апаўшы,
Калі я ўзяў яго на цэль. Ён быў, як скамянелы.
Я стрэліў аж два разы, і абодва стрэлы
Не трапілі. Са злосці маху даў ці з жалю…
Як глянуў — пан не жыў… наўкол лемантавалі».
Тут змоўк стары Гервазы і слязьмі заліўся,
І так канчаў: «Маскаль на дзверы наваліўся,
А мне са смерцю пана розум адабрала,
І што было вакол, не разумеў ні мала.
На шчасце выручыў нас пан Парахвяновіч,
Міцкевічаў прывёўшы дзвесце з Гарбатовіч,
А шляхта там навокал — чалавек у чалавека,
І на Сапліцаў маюць злосць яшчэ спрадвеку.
Так згінуў пан набожны, пан вялікай славы,
Што меў у родзе крэслы, стужкі і булавы,
Сялянам бацька, шляхце брат. З яго асобай
Загінуў род. Не меў ён сына, хто б над гробам
Адпомсціць прысягнуў; у кроў з ягонай раны
Я меч свой памачыў, Сцізорыкам празваны.
(Пан, пэўне, чуў пра мой Сцізорык, ён быў слаўны
На сеймах, сейміках у часе старадаўнім.)
Я вышчарбіць яго пакляўся на Сапліцах
І стаў усюды з імі пры сустрэчы біцца.
У спрэчцы двух забіў і двух у паядынку,
А аднаго ў драўляным падпаліў будынку,
Як з Рымшам на Карэлічы наезд рабілі.
Ён спёкся, як пяскар; вушэй жа, што згаліў я,
І не злічу, і толькі з іх адзін застаўся,
Што з памяткай маёй дагэтуль не спазнаўся,
Бо родны брат таго вось Вусача-Сапліцы
Жыве яшчэ, сваім багаццем ганарыцца
І межамі сваімі замак закранае,
Яго шануюць, бо ён пост суддзі займае.
Яму здасце вы замак?! Каб зладзеяў ногі
Сціралі кроў Гарэшкаву з тае падлогі?
О не! Пакуль яшчэ душа ў Гервазым тлее,
Пакуль ён толькі пальцам зварухнуць здалее
Сцізорык свой, заўсёды на сцяне вісячы,
Датуль Сапліцам замка гэтага не бачыць!»
Читать дальше