Севу Сьцебураку
Аскепак слова
захраснуў у глытцы,
думкі разьбегліся,
бы прусакі,
сяджу на лаўцы,
п’яны й лысы,
пішу сабе
ад сябе радкі.
Мабіла ў кішэні
як дэтанатар,
на сэрцы казань,
у душах слата.
Страта розуму
сьмешная страта.
«I ты ў бруд», –
шапчу. Поруч п’е гапата.
Кажуць, што людзі –
чорныя дзіры.
Людзі кажуць,
а ўсё пад дых.
Па мосьце шыбуе
атрад майдадзіраў
праз восень і сьнег
у камбезах рудых.
У стане-на-выйсьці
ня пішуцца вершы,
у стане-на-здрадзе
ня смаляць бамбук.
Ты быў не апошнім,
на шчасьце й ня першым
скінутым зь вежы
сьмешных навук.
Навошта ж, браце,
пароць гарачку
ды жлукціць з адной
біклагі абсэнт?
Сэнтыментальны мент
корміць качак,
пакуль на хакеі
яго прэзідэнт.
Аскепак слова
захраснуў глыбока,
яго ня выбіць
і не запіць,
ён не ад злога
і не ад Бога...
Ён мяне жывіць,
а можа забіць.
У лірычным настроі
цябе я прымроіў
ты ішла.. не – сядзела
(ну добра, ляжала)
я б спаліў-зруйнаваў
ўсе садомы ды троі
але ты не пасьпела
схаваць сваё джала
пугачом напужала
крумкачом пракрычала
паляцела да зораў
не сказаўшы «I’m sorry»
і ў крывавай разоры
нібы ў дзённым дазоры
я глушыў самагон
і глытаў шчасьця колы
паглыбляўся углыб
і хаваўся унутар
і зацягваў вузлы
увапхнуты ў пакуту
у лірычным настроі
цябе я прымроіў
так удвох і жывем
я й мая параноя
(выконваецца на матыў песьні «Акварыюму» «Козлы»)
Блукаеш у гэтай прасторы
й ня можаш знайсьці свой час.
Шукаеш словы
і шлеш іх да зораў,
ды зоры ня чуюць нас.
Ты трыста год у палоне
і дзесьці дзьвесьце маўчыш.
Цьвікі, што ў тваіх далонях
час перакаваць на мячы.
Рэфрэн:
Сачы,
як брудныя боты
топчуць твой сьцяг.
Маўчыш,
калі яны таньчаць
на нашых касьцях.
Сьпяваць
блюзьнерскія блюзы
ня выйсьце на высьпе
тугі па начах.
Крычы ж:
ніхто не пачуе
ды мусіш пачаць –
бо нельга маўчаць.
Тваё спрадвечнае хобі
губляць-знаходзіць сябе:
учора ты мужны хобіт,
сёньня – ізноў чалавек,
заўтра – Кастусь Езавітаў,
гамоніш са сьмерцю на ты.
А потым, нібыта Вітаўт,
вядзеш у выправу шыхты.
Рэфрэн.
Ляцеў да Новага неба,
шукаў у Сусьвеце сьвятла.
Таньчыць на даху
болей ня трэба.
I ў Краме тваёй амяла.
Колькі ж яшчэ блукацьмеш,
Улісе? – За бортамі кроў.
Хочаш зьліся,
умееш – маліся,
але гэта наш час
і наш рок’н’рол!
Рэфрэн.
А
калі і нас паставяць на паліцы
і спаляць ветразь а стырно ўвапхнуць
туды адкуль не далятаюць енкі
разьбітых манітораў і куды
не даяжджаюць нават катафалкі...
калі тэлевізійную бландынку
пад караоке гімну на БТ
пачне ванітаваць з адное згадкі
пра надпісы на нашых надмагільлях
і дзеці закрычаць «Жыве Усама!»
тады уздымуцца мянты з асфальту
і ўкленчаць Вершніку Апошняга Усходу
Ў
зрабеце мне пункцыю мозгу
і вымыйце ўсіх прусакоў
што любяць гуляць у футбол
аскепкамі хворай сьвядомасьці
затым прывяжэце мяне
да крэсла імя Эдысона
дратамі сунічных вусоў
і дайце чаканы разрад
закідай яго камянямі
сачы каб прамень не крануў
лядашчага цела яго
глядзі чорна-белыя сны
на мове чужой без субтытраў
і той што сядзіць унутры
няхай дадыктуе радок
bonus
маўчаньне (як сказаў сябра, – самая важная частка твору)
Прабіта бітай галава
успышка справа
бывала што народ хаваў
а peopleхаваў
задужа моцная трава
ў газеце Гавал
чытаю як народ хаваў
а peopleхаваў
табе сягоньня дваццаць два
састыла кава
прыгадваеш як хтось хаваў
а нехта хаваў
і вось апошняя страфа
народу слава
было аднойчы што хаваў
заўсёды хаваў
120.
Ідзеш па МКАД.
За паваротам – неба
раскрые свае абдоймы
табе і твайму аўто.
Зьлева – вэлюм смугі
сьцякае з распаранай хмары
перафарбоўваючы
ў ружовае лес і аблокі.
(які ў Яго Photoshop?)
З калонак вакол і знутры
ірвецца гітарнае сола
і завісае ў паветры
разам з падступнаю думкай:
пад гэтымі песьняй і небам
дайшоўшы да ста сарака
разьбіцца-распасьціся ў хлам
ня горшы расклад. Толькі вось
шкада, няма поруч цябе.
Читать дальше