накладаюцца новыя імёны
запісваюцца новыя назовы
слой за слоем
паўзьверх старых...
мы – палімпсесты
і хто цяпер скажа
калі была тая tabula rasa
У ліфце крэсьляцца шумерскія тэксты.
Навагоднія елкі драпаюць неба
пірамідальнымі структурамі.
Арцюр Рэмбо шукае вошак
у валасах каханай.
Прыматы ў клетках
мармычуць ведычныя мантры.
Дыскатэчны натоўп
маркітуецца пад бубны шамана.
Завяршаецца эпоха неаліту.
Я – слуп,
прыбіты да ганебнага чалавека.
I мы абодва адчуваем
безвыходнасьць гэтае сітуацыі:
я хутка пушчу карані
празь яго мачу ды пот,
а ён чакае,
калі я вырасгу настолькі высока,
каб нехта накіраваў у мяне
пасажырскі лайнер.
Па вулках раскіданыя рэчы.
У горадзе – поўны гармідар.
Пустыя бутэлькі, скамечаныя недапалкі
яшчэ захоўваюць цеплыню нашых вуснаў,
цеплыню нашых пальцаў.
Горад – закінутая кватэра.
А пад нагамі храбусьціць
апалае лісьце –
пажоўклыя аркушы
недапісаных вершаў.
Горад-пялёстак
гарнецца да сонца
вільготнымі павейкамі дахаў
Горад-прышч
надзімаецца каб пырснуць
гноем санлівых дзьвюхногіх
Горад-віж
цікуе за намі
пражэктарам поўні
Шпацчыруеш
ня ведаючы што й сам
высочваеш кагосьці
Адэсса, ліпень
Намагаўся пабачыць розьніцу
між хамствам і выхаваньнем
ды не пасьпеў –
пасталеў.
сарваныя глыткі
разадраныя кашулі
клаксоны бейсбольныя біты
«голимые понты» etc.
Няма вяртаньня да збочанага.
У момант, калі
адвярнуліся нават ворагі,
калі словы ня вартыя
нават думкі пра іх,
калі ўтаптаны ў слату
ўспамін
і зьнішчана апошняя эсэмэска, –
ці здолееш вымавіць,
выходзячы на сцэну:
МІР ВАМ?..
ГАРА РАЦЫІ
...Мой Вораг жыве за межамі гэтае зімы. У яго безьліч імёнаў і безьліч абліччаў. Скрозь усе цыклы ўвасабленьняў доўжыцца наш двубой.
Яго прыстанак – гара Рацыі, якую мне не агораць. У яе міфрылавым зьзяньні адбіваецца возера Дабрачыннасьці.
Яго празрыстае цела гайдаецца над ранішнім лесам на нябесных арэлях, што зьвісаць з распоратай срэбнай хвалі звонкімі нітамі сонечных промняў
Спрабую наблізіцца, намагаюся зазірнуць у ягоны твар. Блюзьнерская ўсьмешка маланкі наўсьцяж разрэзвае неба. Ірвуцца ніты арэляў. Працяты вяршалінамі, ён сьцякае на брук, дзе зьмешваецца з крывёю ды ванітамі горада.
(Стаю адзін пасярод залевы. Пад сьмехам нябёсаў. Той-хто-шукаў-сьвятло.)
* * *
Паўстагоддзя таму знаны настаўнік дзэн вызнаваў у Амэрыцы сваё вучэньне, сутнасьць якогабыла вельмі простай, каб яе растлумачыць. Яна выражалася ўсяго двума словамі: «проста сядзеньне» . Тым ня менш, настаўнік быў змушаны надыктаваць не адну сотню старонак, каб данесьці сваё вучэньне...
Вакол яго заўсёды было шмат народу – вучняў. Але толькі адзін, на думку майстра, сапраўды здолеў навучыцца. Таму, паміраючы, настаўнік быў шчасьлівы. Ён ня ведаў, што разам зь ім канае і яго вучэньне. Той, што сапраўды здолеў навучыцца, пасьля сьмерці настаўніка ніколі не вымавіў не яго імя, ні сутнасьці вучэньня. Ён проста сядзеў.
* * *
Сядаючы ў невыразна акрэсьленае паўкола настольнае лямпы, – сам-насам з чыстым аркушам – ён ніколі пэўна ня ведае, што выпаўзе сёньня з-пад стрыжня. Немагчыма прадбачыць ня тое, што жанр твора, але й нават мову, на якой ён будзе напісаны.
Ён добра ведае, што хутка гэты тэкст будуць усхвалявана прагаворваць пра сябе нечыя вусны. Як замову, мантру ці малітву. Але ён не адчувае ні радасьці з гэтае прычыны, ні адказнасьці – анічога такога. Адзінае, што ён адчувае – непазьбежнае памяншэньне асьветленага паўкола пад ціскам акаляючае цемры...
I ён паскарае тэмп, прымушаючы асадку рухацца хутчэй. У выкшталцоным танцы .
* * *
Паасобку мы – нішто сабе: някідкія, кожны існуе ў межах пэўных абставінаў, наводдалі ад усемагчымых ідэяў, канцэпцыяў і да т. п.
Але калі мы сыходзімся разам – у вышэйшым значэньні выразу «узважьшь на трох » – нешта ўключаецца ўнутры. «Мы» зьнікаем – філолух, «чоўнік» і drug-дылер. Кожны займае звыклае мейсца, кібы Алеф на вяршыні кабалістычнага трохкутніка. I тады руйнуюцца ўсе ідэі, канцэпцыі й да г. п. Адсюль нараджаецца Veritas...
Читать дальше