1 ...7 8 9 11 12 13 ...34
Хлопчык слухаў, ды не верыў:
Лжэ ён, гэты стары пень,
І дзядоўскія намеры
Ясны хлопчыку, як дзень.
І Сыыон даўно заўважыў,
Як дзед пазухі бярог,
Як размовы меў аб кражах,
Як казаў аб зладзяёх.
— Ці дзед хвор? — пытаў хлапчына, —
Што хапаешся за бок?
— Дый не дуж такі, браток, —
Крэхча хітры старычына,
Стогне, войкае нарокам,
Як бы й праўда, што баліць;
А ў старога там, за бокам,
Срэбра цэлы спрат ляжыць.
Вось ён байкі выдумляе,
Як зладзеяў моцна б’юць,
Што за доля іх спаткае,
Калі ў пекла пападуць.
Як іх толькі не ўшчуваюць:
Вараць іх чарты ў катлох,
Скуру кіпцямі здзіраюць
З іх зладзейскіх рук і ног;
Б’юць у спіну бусакамі [10] Бусак — багор.
І жывое мяса рвуць
І па пальцах малаткамі
Жараць, косці іх таўкуць.
А найгорай тым трапляе,
Хто няшчасных жабракоў
Крыўдзіць або абкрадае —
«Не сказаць — каб я здароў!»
Быў якраз пачатак мая.
Ну й была тады вясна!
Ось такая, што бывае
Можа ў сотні лет адна:
Было ў меру ўсё і ў пору:
Дожджык пройдзе, зноў цяпло,
Травы, краскі гнала ўгору
На прастору, на святло.
Выйдзеш з хаты надасвеце,
Так і піў бы дух зямлі,
І раслі б, здаецца, дзеці,
Каб іх кінуць на раллі.
А дзянёчак як настане,
Тая ранічка вясны!
Кропля роскі на каштане
Блеск запальвае дзіўны;
У ёй зорчын смех блукае,
І вясёлкі ў ёй дрыжаць,
А лес радасцю гукае,
Шчасцем вее сенажаць.
А вакол так ціха-гожа,
А паслухаеш — чутно,
Як расце трава і збожжа —
Нівак свежае руно.
І з зямлі празрыстым парам
К небу ўзносіцца туман,
Як малітва сонцу, хмарам,
І дрыжыць, гарыць пажарам
Скат узгоркаў і курган.
Ну, вясна была на дзіва!
Не, Сымонку не забыць
Той вясны, пары шчаслівай,
Покі ў свеце будзе жыць!
То было нейк у суботу.
Слаўны выдаўся дзянёк!
Моцна парыла, а потым
Стаў павейваць вецярок
Ды густы, падуў з заходу
І засценьваў неба край.
— Будзе нейкая прыгода,
Ходу, хлопча, падбаўляй —
Ці не пройдзе дождж, глядзі ты:
Млявасць чуецца, цяжар;
Так і спаў бы, як забіты,
І так парыць, такі вар,
Што насілу цягнеш ногі,
Хоць лажыся дзе пад плот.
Дзед з Сымонкам шлі дарогай
Між палёў у свой абход.
— А ўжо сонца невысока,
Не мінуць бы хутароў.
Бачыш ты іх? Ці далёка?
— Тут, дзядок, няма двароў, —
Паглядзеўшы, хлопчык кажа.
Зноў маўчком яны ідуць;
А на захадзе, як сажа,
Хмары цёмныя ўстаюць,
І варушацца клубы іх,
Як жывыя,
І сівыя,
Нібы голавы на шыях
Нейкіх волатаў дзіўных,
З багна неба насланых,
Ды, як змей многагаловы,
Націскаюцца цяжэй;
Глушыць землю шум іх мовы,
І выконвае ім словы
Гром выразней і мацней.
Ідзе хмара. Бліскавіцы
Палыхаюць і гараць.
Сам пярун там грозналіцы
Перайшоў зямлі граніцы
І вядзе над ёю раць.
Лук яго з маланак звіты,
Хмара — шчыт, а стрэлы — гром,
Бура — конь многакапытны;
Ён віхрамі апавіты,
Неба ўсё яму шатром.
І ўеё ніжай і ўсё ніжай
Абвісае хмар страха,
І ўсё грозней ды ўсё бліжай
Гром, зачаўшыся сціха,
Забушуе, бухне ў боры
Гукам-грукатам пярун
І пагоніць гуды ў горы,
Гне лясы, гудзе лясун,
Як гудзе струна гітары.
Пазіраў Сымон на хмары.
Што ж яны там выраблялі!
Як клубіліся яны!
Як маланкі іх аралі!
Як траслі іх перуны!
— Дарма выбраўся ў дарогу,
Дзе ж схавацца нам цяпер?..
Вер у Бога, але Богу
Не заўсёды, браце, вер! —
Дзед ісці хутчэй стараўся
І Сымона падганяў,
Шоў, на момант прыпыняўся,
Хаты поглядам шукаў.
— Ну, грымоты, ай, грымоты!
І ўвалье ж нам, ого-го!..
— А скажы дзядок: чаго ты
На гром хрысцішся? чаго?
Толькі блісне бліскавіца,
Ты і хрысцішся? Чаму?
— Ты, Сымон, яшчэ дурніца,
І тлумач усё яму.
А затым, каб злога духа
Гэтым крыжам адагнаць!
Як жа гэтага не знаць?
Каб не лез злы дух, псяюха,
Бо Ілья яго, паганца,
Лупіць стрэламі грамоў,
Раз’язджаючы ў маланцы
Над зямлёй між аблакоў;
Вось ён схованкі шукае
Пад хрышчонаю душой,
Бо на свеце чорт блукае,
Каб пакепліваць над ёй. —
Хлопчык слухаў у здзіўленні,
Вочы кідаў на карчы,
А ў пужлівым уяўленні,
Ўсталі чэрці-рагачы.
Унь на дзераве з бярозы
Рожкі вытырклі і хвост,
Штось пабегла там у лозы,
Нешта скокнула пад мост.
А што там у пні за дзіва?
Вушы, нос і капыток…
Ну, напэўна там чарток
Прытаіўся палахліва.
А па хмарах на маланках
Громы кідае Ілья,
Аж калоціцца зямля,
Цёмна стала на палянках.
— Дзедка, бачыш, унь сядзіба,
Па-над лесам хутарок!
— На ачосы пойдзем хіба,
Ды хутчэй, хутчэй, сынок.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу