Гэй, дарогі ў край шчаслівы!
Гэй дарогі —
Паясы!
Колькі ножак праняслі вы
Праз аблогі,
Праз лясы!
Гэй, дарогі, ніці-кросна,
Тканкі кола
І зямлі!
Як зацята-безгалосна
Паўзверх долу
Вы ляглі!
Гэй, дарогі-пуцявіны,
Чыёй волі
Вы ганцы?
Што гамоняць каляіны
І на полі
Растанцы?
Вы паведайце нам былі,
Што пісалі
Вам тут дні;
Няхай скажуць вашы мілі,
Як знікалі
Тут агні!
Няхай скажуць вашы далі,
Дзе звісае
Мгла-туман,
Што яны нам абяцалі?
Хто не знае
Гэты зман!
Гэй, дарогі ў чыстым полі,
Ніці шэрыя зямлі!
Колькі к долі і нядолі
Ног людскіх вы праняслі!
Выйшла б казка, ды якая,
Каб маглі вы расказаць
То, што й думка не згадае,
Што адным вам толькі знаць!
Над Сымонкам думкі ўюцца:
Што рабіць? Куды пайсці?
Ці назад дамоў вярнуцца,
Ці ў свет гора панясці?
Ды вялікі свет бясконца,
А ён — толькі мошка ў ім,
Лёгкі пыл у косках сонца,
У прасторы тонкі дым.
Чужаніца між сваімі,
«Непатрэбны дармаед»,
Як пагодзіцца з чужымі?
Як сустрэне яго свет?
І дадому ж ён не пойдзе
Здзек цярпець і спіну гнуць,
Долю знойдзе ці не знойдзе —
Гайда ў пуць, далёкі пуць!
Заблішчала, заззяла на ўсходзе лука —
Бераг неба над краем зямлі;
Залатыя чаўночкі ўсплылі
З безбярэжнай далі.
Разлівае ўжо блеск агнявая рака,
І чыясь там рука
Аднімае заслону з зямлі.
А з-за краю нябёс вочы ўскінуў дзянёк,
Сыпнуў чырвань на шапкі лясоў,
Нясе жмут залатых каласоў,
Абрусоў, паясоў
Белы свет убіраць, небу сплесці вянок,
І рассеяўся мрок,
Адамкнуўся цямраны засоў.
І балуе пажар — іскры сонцавых кос, —
Разнімаецца шырай, дужэй, —
Ясны дзень павядзе цяпер рэй.
На душы весялей,
А ўчарашняга дня кроплі вылітых слёз
Замарозіў мароз —
Срэбрам іх парабіў, чарадзей!
Шоў Сымонка, углядаўся,
Як гарэў і ззяў усход,
Як дзень новы з ім вітаўся
І зваў весела ўпярод.
І ён шоў, мінаў сялібы,
Што чарнеліся ўдалі,
Шоў прасткамі цераз скібы
Свежаўзоранай зямлі,
Каб з людзьмі не сустракацца
І хітрэй схаваць сляды,
Бо мог кожны запытацца,
Хто, адкуль ён і куды
Ідзе рана так, да свету,
Абарваны, чуць адзеты
І абуты ў пасталы?
Доўга ён трапаў, далёка
Кінуў роднае сяло.
Над лясамі ўжо высока
Сонца ўгору падышло
І выгнанніка ласкала,
Грэла, песціла цяплом
І, як матка, цалавала
Тою коскаю-святлом.
Як смяюцца толькі дзеці,
Усміхнуўся тут Сымон,
Бо пачуўся, што на свеце
Не адзін ён — з скрыпкай ён!
Вочкі хлопчык ускідае,
Каб акінуць гэту даль,
Крэпне сілка маладая,
Чаго ж шкода? чаго жаль?
Эх, што можа быць дарожай
Вольнай волечкі, палёў?
Гэтай сіняй далі гожай,
Невядомай і прыгожай,
Без канца, без берагоў?
Гэтых хмарак злататканых,
Ветру посвісту ў палёх,
Думак светлых, мар нязнаных
І нікому не казаных
Казак лесу і дарог?
Што цікавей падарожжа,
Негаданых з’яў быцця,
Шуму лесу, спеву збожжа,
Новых песень запарожжа,
Спеву новага жыцця?
Эх, ты, шыр-прастор далёкі!
І шчаслівы будзе той,
Хто, душою адзінокі,
Вольны сэрцам, яснавокі,
Згодна злучыцца з табой!
Ды Сымонка з-за трывогі
Ночкі жудаснай не чуў,
Што балелі яму ногі
І што голад яго гнуў.
Вось задача, дык задача:
Дзе і як здабыць яды?
Папрасіць хіба, няйнача?
Да дзе сунуцца? Куды?
І ён стаў шукаць вачамі,
Дзе б спыніць іх і на чым.
Унь там хата за карчамі,
Якраз з коміна йдзе дым,
Коціць лёгкія клубочкі,
Дужкай звіўшыся ўгары,
І так вабяць яго вочкі
Тыя ціхія двары!
Пэўна, там пякуць аладкі.
Вось каб блінчык, хоць адзін!..
Ён вачэй не зводзіць з хаткі,
Мысліць некалькі хвілін…
Не, брат, трохі рызыкоўна:
А спытаюць: хто такі?
Небяспекі ўсюды поўна, —
Не, туды йсці не з рукі.
Дый сабакі там ліхія, —
Далей лепш пайсці адсюль.
Ён мінае хаткі тыя,
А ў жывоціку — буль-буль!
Слабасць чуе, млеюць ногі,
Але йдзе — куды? зачым?
Трудны першыя парогі,
А што далей будзе з ім?
Так ідзе ён, а з ім поруч
Думак коціцца клубок.
Раптам нікне ў сэрцы горыч —
Унь кудзеліцца дымок!
Як ён мілы і павабны,
Толькі й можа знаць пастух.
Тчэцца сіні шнур ядвабны.
І спакойны такі рух!
Сам агонь у полі тлее,
Нікагусенька няма.
Хлопчык зразу весялее, —
Духам падаў ён дарма.
Знікла гора, як бы труска,
Дым знёс цяжкую думу;
Будзе хлопчыку закуска,
Будзе снеданне яму!
Бо на полі бульбы многа,
Бульбы можна напячы.
І бярэ тут рух малога,
На агонь нясе карчы.
Чуць агоньчык разгарэўся,
Ён — у бульбу на загон;
Так капае, аж угрэўся,
Бо свой клопат — не прыгон.
Бульба ў прыску, а над прыскам
Бурна полымя гарыць
З шумам-трэскам, з нейкім піскам,
Бы з ім хоча гаварыць.
Той агоньчык разгараўся,
Бойка полымя шугаў,
З-пад карчажкі выбіваўся,
Тонкай стужачкай звіваўся
І паленцы ахінаў;
І дымок пагульваў жвава,
Гнаў клубочак за клубком,
Браў улева, рваўся ўправа,
Бег раўнюсенькім слупком
У прасторы горных светаў
І губляўся там, знікаў…
Жартаўнік агоньчык гэты!
Дзе ж наўперад ён блукаў?
Думаў хлопчык: — Ён цікавы!
Дзе ж ён быў! Дзе будзе зноў?
Ён і злосны і ласкавы,
Ён спакойны і рухавы,
Ён і стар і вечна ноў.
Ён патухне, а жыць будзе…
Хіба ў ім жывы дух ёсць?
Я ж у свеце толькі госць,
Як і госці ў свеце людзі…
Дзіўна гэта, страх цікава;
Я б хацеў быць сам агнём:
Я б дымком па небе плаваў,
Па зямлі б хадзіў святлом.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу