Лесны жаваранак вольны,
Снуючыся ў яснай сіні,
Песню пеў у жытнім кліне
I будзіў прастор ваддольны
I пяскоў пустыні.
I бывала, калі ў небе
Чуць прыжмураць вочкі зоры,
Ён імкнуўся ўжо ў прасторы;
Пеў ён песні роднай глебе
I яе разорам.
А лілейка ў блеску росным
Ад тых песень замірала
I лісточкі расчыняла
Ды ціхутка, безгалосна
Песняра зазвала.
Ён зірнуў на травы-руні,
Што рунелі на тым полі,
I спускаецца на ролі,
Дзе расла яна, красуня,
У пясчаным доле».
— Чуеш казку ты? — пытае.
А яна пад той шумок
Спіць салодка… Дзень вітае,
Цьма расходзіцца густая,
Радасць суліць ім дзянёк.
Спіць Гануся ціха-роўна,
Ружавеюць яе шчочкі;
Нікнуць з твару цені ночкі,
А ён цешыцца бясслоўна.
Вось з-за лесу ўстала сонца.
Рассыпае каснікі,
Залатыя ручнікі
I цалуе праз аконца
Збітых кудзер валаконцы,
Жылкі сінія рукі.
I ў адказ на тое ззянне
Смех ёй вусны асвятліў:
То — яе душы світанне,
Сілы свежае прыліў.
Я развітаюся з Сымонам —
Тут круг замкнут адзін, а там
Сваім звычайным ходам-гонам
Пачнуцца новыя кругі —
Яіпчэ далёкі берагі,
Аб іх раскажа повесць вам
Ужо не я, а хто другі.
Пайшоў Сымон сваёй пуцінай,
Бо ён прыроджаны пясняр.
Панёс ён людзям песень дар —
Агонь душы і сэрца жар,
Панёс пяснярскай каляінай.
Рука ў руку з ім і з ахвотай
Дзяўчына мілая ішла.
Пад сховам дзеўчага крыла
Гарнула далі пазалотай,
I не кранала іх журбота,
Не засмучала іх імгла.
І ўжо ў пуці, ідучы з ею,
Як надышоў той час-пара,
Дакончыў казку пра лілею
І пра пташыну-песняра.
Стажары — назва групы з сямі зорак у сузор’і Цяльца.
Вератнік — частка загону.
Духоўніца — духоўнае завяшчанне.
Задаць наджэгі — набіць, пакараць.
Жагялі (польск.) — парусы.
Шалыга — круцель, хлус.
Шалахта — балбатун, лапатун.
Шэлег — тут у сэнсе: нічога не варта.
Летнік — летняя дарога.
Бусак — багор.
Торп — скірда.
Кампора (камфора) — цвёрдае лятучае рэчыва.
Пасэсар — часовы ўладальнік, арандатар маёнтка.
Рабін (яўр.) — духоўная асоба.
Склюд — тапор з выгнутым тапарышчам.
Млён — ручка, пры дапамозе якой круцілі жорны.
Пяколак — шырокі прыступак у бакавой сцяне печы.
Хвальбоны — аборкі на падале спадніцы.
Рамёны — плечы.
З гары — звыш таго.
Шчуры — мышы, пацукі.
Ганаф (яўр.) — злодзей.
Падосак — вузкая жалезная паласа знізу драўлянай восі (у калёсах).
Шабасовы (яўр.) — святочны.
Ладуннік (польск.) — патранташ.
Бажаць (укр.) — жадаць.
Ягамосць — ваша міласць.
Грач — тут у сэнсе: музыка.
Фацат (фацэт) — весялун, забаўны чалавек.
Фатыга — клопаты, турботы.
Жарты патарочы — тут у сэнсе: жарты нячысціка, вячыстай сілы.
Ахмістрыня — эканомка.
Ашэстак — перакладзіна, жэрдачка.
Лучнік — прыстасаванне для асвятлення, у якое ўстаўлялася лучына.
Начніцы — кажаны, тут — нячыстая сіла.
Валошкі (укр.) — васількі.
Анталяжыкі ў дзве ролькі — карункі ў два рады.
Басэтля — кантрабас.
Абэцадлы — тут у сэнсе: вавука, грамата.
Васпан — ваша міласць.
Імша — каталіцкая абедня.
Нагла (польск.) — нечакава.
Цэўка — драўляная трубачка.
Сукала — прыстасаванне для насуквання пражы на цэўку.
Жупіць — размаўляць, гаварыць.
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу