«Спі, мая рыбка, спі, залатая!
Сонейка ўзыдзе: у блеску святла
Знікне-загіне імгла.
Промень бліскучы да нас завітае,
Мрок ён адгоніць узмахам крыла,
Знішчыць дыханнем цяпла».
Спіць дзяўчына моцным сном,
Цемнакрыліць ноч другая,
Мрок цярушачы крылом.
Ноч — памочніца благая.
Ноч стаілася пры лесе,
А лес знізіўся, унік;
Месяц паліць свой лучнік,
Кужаль сцелючы на стрэсе,
Зоркам белячы ручнік.
I маркотна, так маркотна!
Што нясе ёй гэты сон?
Мімавольна, мімалётна
Тую ноч успомніў ён,
I тут нейк само сабою
Напаткалася яму
Выйсці ў сад, як той парою,
I парушыць ночку-цьму:
Можа, Ганна скрыпку ўчуе,
Можа, звонкая струна
Яе душу пацалуе,
Ускатурхае да дна
I разгоніць ноч зацьмення,
Знойдзе ў сэрцы тую ніць,
Што памонса памутненне
Адагнаць ці праясніць.
Ён ціхутка бярэ скрыпку,
Адчыняе ў сад акно,
На дзяўчыну, сваю рыбку,
Сэрцу родную даўно,
Пазірае ў засмучэнні
I ёй шэпча, бы ў натхненні:
«Ты пачуеш голас мае песні,
Мыслі твае праясняцца,
Згіне цемра, як гінуць туманы
Ў блеску сонца;
Зыдзе ў душу тваю ўспакаенне —
Выплыве сонца з зацьмення».
На яе твары збалелым
Нейкі проблеск мільгатнуў,
Усмех ціхі і нясмелы
Яе вусны ўскалыхнуў,
Бы зарніца цені ночы.
Ён шчасліў, бязмерна рад;
Ён цалуе яе ў вочы
I з надзеяй ідзе ў сад,
Выбірае там мясціну,
Як тады, у тую ноч —
Адратуе ён дзяўчыну,
Мрок з душы адгоніць проч!
Кінуў погляд ён нясмела
У бок цёмнага акна,
I натхненна зазвінела
Звоннаплыўная струна.
I гамоніць, як жывая,
У зялёным салашы,
Шбы срэбра разлівае,
Рухі сэрца адбівае,
Звоніць водгуллем душы;
Галубком ляціць над борам,
Пчолкай зумкае ў галлі
I імкнецца к ясным зорам
Палкай просьбаю зямлі.
I, здаецца, сама ночка
Гэтай просьбе спачувала:
Яна нават не гайдала
Ні галінкі, ні кусточка,
Ні былінкі, ні лісточка,
Ні на ніве каласочка.
I выразней свае ніці
Месяц звешвае ў дно цьмы
I затрымлівае ў жыце
Смех няясны, смех нямы.
I раптоўна моўкнуць струны,
Задрыжаў увесь пясняр:
У акне скрозь змрочча руны
Вырысоўваецца твар!
Ён глядзіць у аняменні,
Ён застыў, акамянеў, —
Дух надзеяй зарунеў,
Дух агорнут у сумненне.
Ганна
Ці то сон, ці то здань?..
Чула музыку я!..
Не, то — мара мая…
Ах, адстань ты, адстань,
Сэрца мне не тумань’
Ноч… Адчынена аконца.
Сад… Ён цёмны, ён глухі,
А мне смутненька бясконца,
Сон гняце мяне ліхі…
Вір… Я ў віры! я — русалка.
А як пеніцца вада!
Як гуляе на ёй скалка!..
Ой, бяда будзе, бяда!..
Сымон
Ганна, Ганначка! Не бойся.
Гэта я: не зман, не сон!..
Ганна
Сымон
Я — Сымон,
Той музыка… Заспакойся!..
Ганна
Дык то праўда?.. Што са мною?
Дай успомніць!.. Душыць жвір,
Адабраў мне памяць вір,
Зацягае глыбінёю!..
Сымон
Вір? Ён знік; яго няма!
Паглядзі: святлее ўсход,
Месяц кончыў свой абход,
Ноч праходзіць, нікне цьма —
Ты трывожышся дарма.
Ты, Гануська, была хвора —
Проста трызніла ты ў сне.
Ты заснула пазаўчора,
А цяпер твой вір засне!
Ганна
Сон, ты кажаш? I цяпер, сон?
I ты сон?.. А праўда дзе?..
А што гэта так гудзе?..
Страшна!.. Ох, як свет забэрсан!
Дай мне руку… Ну, во гэтак…
Гавары ж мне, будзь са мной:
Чуць хачу я голас твой,
Бо твой голас — песня кветак.
Сымон
Ганна-рыбка! ды не бойся,
Заспакойся
I засні.
Ты стамілася, галубка,
Ссохлі губкі,
Ты ў агні.
Спі, я сон твой павартую,
Я цябе пакалышу —
Спаткі трэба малышу.
Люлі-люленькі малую!
Казку Ганначцы скажу я,
Вочкі-зоркі патушу.
«Раз сышла з нябёс вясёлка
I ступіла на зямельку
Ды ўраніла там кудзельку,
Кудры ранічнага золку,
На зямлю-пасцельку.
Спрала зорачка кудзелю,
Зладзіў месячык красёнцы,
А дзянёк саткаў на сонцы
З нітак красачку-лілею,
Гожую бясконца.
Хараством лідейка ззяе,
Як дзянніцы абуджэнне;
Яе белае адзенне
Навакола разлівае
Златаблеск-ірдзенне.
Усміхалася ёй неба,
Пазірала вокам ласкі;
Ёй складалі байкі-казкі
Лес і поле морам хлеба,
Ёй спявалі краскі.
I была яна шчасліва,
Бо любілі ўсе лілею.
Пчолка зумкала над ею,
Штось казала ёй жычліва
Гутаркаю тэю.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу