…Да 1940 года Бяроза насіла другое імя – Бяроза-Картузская, ці Картуз-Бяроза. Так у гісторыю рэвалюцыйнага руху на Заходняй Беларусі ўвайшоў і канцэнтрацыйны лагер, заснаваны тут палякамі: Бяроза-Картузская. Праз лагер якраз, створаны на ўскраіне горада ў 1934 годзе, паядналіся з краем многія грамадскія дзеячы, пісьменнікі. У ліку зняволеных быў украінскі паэт Аляксандр Гаўрылюк. У лагеры ён напісаў і паэму – “Песня з Бярозы”. Вязнямі былі таксама публіцыст Сяргей Хмара, польскі літаратар Леан Пастарнак. Канцлагеру прысвяціў дакументальную аповесць “Бягом марш” польскі пісьменнік Міраслаў Мірскі. Як мне асабіста падаецца, даў но трэба катораму з беларускіх выдавецтваў сабраць гэтую лагерную мастацкую спадчыну, гэтыя літаратурныя памяткі, згадкі пра лагер разам, у адным томе. Пагадзіцеся, таксама за стаўся б нашчадкам яшчэ адзін помнік, яшчэ адзін фрагмент няпростага грамадскага, палітычнага жыцця.
Бярозаўшчына – старонка, якая выпеставала, дала крылы многім пісьменнікам, мастакам слова. I сёння пры рэдакцыі мясцовай раённай газеты працуе літаратурнае абяднанне, якім кіруе знакаміты берасцейскі журналіст і краязнаўца Яўген Сяленя. У розныя гады да работы літаб’яднання спрычыніліся самыя розныя паэты і празаікі. Сярод іх – і Раіса Баравікова (яна і нарадзілася ў бярозаўскай вёсцы Пешкі), і Святлана Алексіевіч (пачынала свой журналісцкі шлях у мясцовай раёнцы), і Ніна Мацяш (доўгі час жыла ў горадзе Белаазёрску, зусім непадалёку ад Бярозы), і Зінаіда Дудзюк, і Алесь Разанаў (ураджэнец вёскі Сялец).
Літаратурная біяграфія Бярозы і Бярозаўшчыны – гэта і няпросты лёс драматурга Міколы Арахоўскага. Ён нарадзіўся ў 1950 годзе ў Сяльцы. Тут і жыў, памёр у красавіку 1997 года. Напісаў шэраг адметных п’ес – “Напярэдадні”, “Машэка”, “Куку”, якія сталі падзеяй у тэатральным жыцці краіны. Шкада, што так мала было адведзена часу Міколу Арахоўскаму. Несумненна, талент яго мацнеў і развіваўся, і ў сваіх драматургічных памкненнях ураджэнец Сяльца ўзышоў бы і на новыя вышыні. Зямляк Міколы Арахоўскага – паэт Алесь Разанаў, які сёння аднолькава цікава піша вершы па-беларуску і па-нямецку. Фенаменальная з’ява ў літаратурным жыцці дваццатага стагоддзя: беларускі паэт паспяхова засвойвае нямецкі літаратурны Алімп!.. 3 Сяльца – і празаік Віктар Супрунчук.
Бяроза багатая не толькі ўраджэнцамі, якія засведчылі сябе на ніве прыгожага пісьменства. Родам са старажытнага паселішча – нарадзіўся ў студзені 1900 года – вядомы гісторык савецкіх часоў Павел Горын (Каляда). У 1931—36 гады ён з’яўляўся прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. Пасля загадваў кафедрай гісторыі СССР Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсігэта. Памёр у 1939 годзе. Імем Горына названы вуліцы ў Бярозе і Пружанах.
3 бярозаўскай вёскі Агароднікі – удзельнік рэвалюцый нага руху ў Заходняй Беларусі Сцяпан Аляксеевіч Труцько. А з вёскі Першамайская (раней называлася Блудзень) – яшчэ адзін заходнебеларускі барацьбіт Васіль Герасімавіч Ясінскі. Быў сакратаром Бярозаўскага падпольнага райкама КПЗБ. 3 вёскі Сошыца – Іван Хвядчэня і Макар Скробат. Іван Міхайлавіч быў закатаваны польскай дэфензівай. Праз многія арышты, праз лагер у Бярозе-Картузскай прайшоў і Макар Міхайлавіч.
Калі на памяць прыходзяць гэтыя і шмат якія іншыя імёны заходнебеларускіх рэвалюцыянераў, калі пачынаеш разважаць пра іх лёсы, становіцца зразумелым, якая гэта старонка ў жыцці Бярозы, Бярозаўскага краю – гады белапольскай акупацыі.
На радзіме Шымона Перэса: Валожын
Валожын для мяне бы родны горад яшчэ і па той прычыне, што з дня ў дзень у Мінску сустракаюся з валожынцамі. То завітае ў рэдакцыю паэтэса і журналістка Валянціна Гіруць-Русакевіч. То недзе сутыкнёмся з паэтам і выдавецкім работнікам Віктарам Шніпам. Радзей – з Вячаславам Пятровічам Рагойшам, якога і ўніверсітэцкае прафесарства не адлучыла ад роднай старонкі. Нават саматужна выдае краязнаўчую газету пра валожынскі Ракаў – ужо болей як трыццаць нумароў “Ракаўскага шляху” пабачыла свет. А часам пазвоніць знакаміты матэматык Якаў Валянцінавіч Радына, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, алгебраіст ад Бога, лаўрэат усемагчымых прэмій і аўтар многіх адкрыццяў. А яшчэ – гумарыст і жартаўнік. Абавязкова нейкай валожынскай байкай парадуе. Пералік маіх валожынскіх знаёмцаў быў бы далёка не поўным, калі б я не згадаў літаратуразнаўца Язэпа Янушкевіча, паэта і перакладчыка Пятра Бітэля (ужо нябожчыка), ды, відаць, яшчэ і яшчэ шмат добрых, хаця, можа быць, і не такіх вядомых людзей.
Читать дальше