Той дзень прапаў і страчаны навекі,
Калі ты не зрабіў таго, што мог;
Калі не паспрыяў ты чалавеку,
Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.
Калі ж «закон прирожений», як пераконвае нас Ф. Скарына, будзе запісаны «в серци единого кажного человека», то дзень будзе не страчаны, а будучыня забяспечана.
«Не ціхне вечны бой» (А. Куляшоў)
Вядзі рашучы бой з натурай сваёй слабой —
З рознымі там заганамі, са звычкамі паганымі…
Са слабасцю любой вядзі рашучы бой!
А. Вярцінскі.
Нас, дзяцей Маці-Беларусі, што жывём «на паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым», аб'ядноўвае адно агульнае, ні з чым не параўнальнае шчасце — мір. Гісторыя пераканаўча даказала, што ў любой вайне не бывае пераможцаў: зваяванне аднаго народа другім — не перамога.
I ўсё ж ёсць адзіны бой, які добраславёны, ад перамогі ў якім залежыць вечнасць жыцця ці яго наканаванасць.
А. Куляшоў у вершы, прысвечаным таварышам па пяру, «Сябры, каго вайна скасіла кулямі…» сцвярджае, што «не ціхне бой»: бой за перамогу праўды над няпраўдай, шчырасці — над крывадушнасцю, даравальнасці — над помстай, сціпласці — над гардыняй і пыхай, любові — над нянавісцю. I поле бітвы — сэрца чалавека. Толькі такі бой — умова вечнасці. «Адзіны серп», які славіцца паэтам, — не той, пад якім загінуць каласы жыцця, а «серп над палявой дарогаю — адзіны серп на сённяшнім жніве!».
Таленавіта і пераканальна святы бой чалавека з ворагам, што сядзіць унутры яго самога, паказаны Крапівой у камедыі «Хто смяецца апошнім».
На канфлікт у творы, вастрыню праблемы ў ім указвае ўжо сама назва п'есы, якая ўяўляе сабой самае, бадай, галоўнае пытанне жыцця: хто смяецца апошнім? Хто здольны перамагчы зло? Што неабходна, каб перамагчы зло і смяяцца апошнім? Прыгадаем крылатую народную мудрасць: добра смяецца той, хто смяецца апошнім.
Заслуга Крапівы ў тым, што ён па-майстэрску стварае не толькі знешні, але і ўнутраны канфлікт — канфлікт чалавека з ворагам, што сядзіць у ім самім. Вобраз Тулягі нясе найбольшую нагрузку ў выяўленні філасофіі твора, аб чым сведчыць зноў жа яго назва: апошнім смяецца той, хто быў пагарджаны і прыніжаны, але хто здолеў узняцца з каленяў, перамог сябе. Самая цяжкая, але і самая вартая чалавека перамога — перамога над самім сабой. Крапіва-філосаф усім творам і найперш вобразам Тулягі сцвярджае, што перамога над злом, над «свінтусамі-грандыёзусамі» магчыма толькі ў выніку перамогі над сабой. Гэта і ёсць першая і галоўная ўмова перамогі ў такім баі.
Сітуацыя, калі Туляга па волі «свінтуса-грандыёзуса» вымушаны быў сыграць не ўласцівую яму ролю, стала пераломнай у яго жыцці. Менавіта гэты момант стаў кропляй, што перапоўніла чашу цярпення Тулягі, і ён усвядоміў, які ён «баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці». I яму «сорамна стала», як сам ён у тым прызнаецца Левановічу. Першая ступенька на нялёгкім шляху да свайго вызвалення адолена, а далей — самы моцны пратэст з грудзей самага слабога. Выключны эфект уздзеяння на чытача гэтага таленавітага твора і асабліва вобраза Тулягі. Кожны відушчы ў Тулягу як у люстэрку здольны ўбачыць самога сябе, пазнаць свае ўласныя заганы. Нехта ўбачыць зайздрасць, нехта — высакамер'е і пыху, нехта — помслівасць, нехта ж ляноту ці ўпартасць. У кожнага — свой вораг, ад якога неабходна пазбаўляцца. Калі ж не змагацца, не «выціскаць з сябе па кроплі раба», то можна дакаціцца да стану, з нагоды якога аўтары класічнай літаратуры выбухалі гнеўнымі тырадамі. Згадаем Гогаля: «И до какой же гадости, низости, мерзости мог снизойти человек!»
Толькі рашучы, бязлітасны бой прывядзе да перамогі, а розныя кампрамісы са сваім галоўным унутраным ворагам, пошукі самаапраўдання — гэта не бой, а толькі пустое мітушэнне. I як вынік — поўнае паражэнне і страта душы. Прыкладам такога мітушэння, а не бязлітаснага бою са сваім страхам, што завалодаў душой чалавека, з'яўляецца вобраз Карызны з рамана М. Зарэцкага «Вязьмо».
Мы ўсведамляем, што прычынай страху Карызны былі не толькі яго асобасныя якасці, але і бесчалавечныя абставіны. Яны вязьмом сціскалі яго душу і розум, такім вязьмом, што, каб ацалець фізічна, трэба было толькі секчы — секчы па жывым, крэўным, дарагім, спрадвечным. Але і паратунак той часовы, бо хто клапоціцца толькі пра цела — траціць урэшце і душу, і цела таксама. Бесчалавечныя абставіны справакавалі і рэалізавалі самыя горшыя якасці Карызны. Заціснуўшы вязьмом яго душу, яны не пакінулі яму ніякай магчымасці выбару, як выбавіцца без страты душы. I ў тым трагедыя Карызны і тысяч, нават мільёнаў такіх, як ён, каму было наканавана жыць у той «пракляты час».
Читать дальше