Уваскрэсенне душы пачынаецца з усведамлення свайго граху, віны, з пакаяння і раскаяняя за ўчыненае. Наступная прыступка на лесвіцы жыцця — жаль, спагада няшчаснаму, адчуванне яго болю і пакут, як сваіх уласных. А канчаткова вырваць сваю душу ў нячысціка можна толькі добрымі справамі. Усе прыступкі на лесвіцы жыцця адолеў герой Яна Баршчэўскага, каб вярнуць сабе чалавечы воблік. Але аднаго ўсведамлення сваёй віны і пакаяння недастаткова. Рабі дабро ўсім, нават сваім крыўдзіцелям, даводзіць апавяданнем «Ваўкалак» Ян Баршчэўскі. I адначасова перасцерагае, заклікае быць асцярожнымі, клапаціцца пра стан сваёй душы, не пускаць у яе тое, што можа загубіць: зайздрасць, жаданне зла іншаму, хцівасць, помслівасць.
Біблейскія рэмінісцэнцыі ў творы відавочныя. I Біблія папярэджвае ўсіх нас, што зайздрасць — грэх вельмі вялікі, большы за забойства, бо зайздрасць паступова, кропля па кроплі забівае радасць жыцця і ўсведамленне таго, што дадзена чалавеку. Зайздрасць напаўняе яго душу неўтаймоўным жаданнем зла іншаму, каму дадзена тое, што яму не дадзена. Зайздроснік — жывы труп, непахаваны нябожчык, які выпраменьвае толькі зло. Зайздроснік — гэта ваўкалак, папярэджвае нас і Ян Баршчэўскі.
Алегорыя Яна Баршчэўскага не толькі сродак займальнасці ці стварэння крытычных сітуацый, у якіх выпрабоўваюцца героі. Яна філасофская, яна — спосаб выяўлення пісьменніцкай канцэпцыі. У фантастычных апавяданнях Яна Баршчэўскага носьбітам і ўвасабленнем дабра з'яўляецца толькі чалавек. За рэдкім выключэннем, і намаганні чалавека, сродкі яго барацьбы з незлічонымі размаітымі сіламі зла таксама рэальныя — добрыя справы дзеля бліжняга свайго. Толькі ад гэтых добрых, канкрэтных і рэальных, а не фантастычных спраў гіне зло. Толькі Чалавек (а не, як у паганскіх ці літаратурных казках, птушкі ды звяры) супрацьстаіць злу ў розных яго абліччах: ката Варгіна, Белай Сарокі, чорнага сабакі, вужа, нават жамяры. Усе яны — слугі д'ябла. Супраць усіх іх — адзін Чалавек. I яго перамога вызначаецца станам яго душы і пабожнымі ўчынкамі. У гэтым — аптымізм, максімалізм і пафас сцвярджэння ў творах Яна Баршчэўскага.
Вялікую мастацкую вартасць і неацэннасць духоўнага вопыту, засведчанага ў творы, уяўляе гутарка-балада У. Сыракомлі «Хадыка». У творы даследуецца не драма жыцця чалавека, а драма і эвалюцыя, уваскрэсенне яго душы. Твор уражвае не фабулай, а мастацкім выяўленнем біблейскай ісціны: у якую б бездань ні зрынуў чалавека яго грэх, заўсёды ёсць надзея (і што яшчэ важней — магчымасць) адрадзіць, уваскрасіць, выратаваць сваю душу. А скарыстаць гэтую магчымасць ці не — залежыць толькі ад чалавека.
Трыццаць гадоў хаваўся Хадыка ў лесе ад людзей, жыў у адзіноце, «працаваў са слязамі», «у сабе нёс пагоню», бо гналі думкі, гнала пачуццё віны за пралітую кроў. I жывы пазайздросціў мёртваму, бо на тым няшчасным, па кім галосіць жонка, няма такога страшнага граху, як на ім, Хадыку…
Адзінота, холад і голад не раз наводзілі на думку ісці да гасцінца і разбоем здабываць ежу ці налажыць на сябе рукі. Жыццяпісам Хадыкі У. Сыракомля акрэсліў вехі уваскрэсення чалавечай душы: усведамленне свайго граху, віны, раскаянне і шчырае, што са слязьмі прыйшло, пакаянне, цярпенне, малітва і вера, надзея і любоў да жывога, да працы, да людзей, сама праца і людская міласэрнасць — вось тое, што лечыць скалечаную душу.
Пакутніцкі гэта шлях да ўратавання, але іншага проста няма. Споведзь лірычнага героя верша П. Броўкі вычарпальна вызначае тыя пакуты:
Усё баліць, на сэрцы хмары,
Памылкі лічыш ты ў кляцьбе —
Не ведаю я большай кары,
Калі караеш сам сябе.
Аднак толькі такая кара — сведчанне таго, што душу яшчэ можна ўратаваць. I наадварот, пошукі самаапраўдання — сведчанне яе пагібелі, як пра тое нагадвае нам А. Вярцінскі:
Сумленне, што алібі пэўна сцвярджае,
Тым самым на гібель сябе асуджае.
«Людзей ратуе толькі чалавечнасць» (П. Панчанка)
У ваходзьде цеснымі варотамі, бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі;
Бо цесныя вароты і вузкая дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх.
Евангелле ад Матфея.
Ад голаду і адчаю асірацелае няшчаснае дзіця рэпрэсіраваных бацькоў вырашыла ў люты мароз сесці ў гурбу і пакінуць гэты нясцерпны свет. З такім намерам дзяўчынка выйшла на дарогу, а насустрач ёй ішла пахавальная працэсія. I нехта ў чорным падаў сіраціне бохан хлеба. У той сібірскай мясцовасці быў такі звычай: першага, хто сустрэнецца, калі выносяць нябожчыка з дому, надзяліць боханам хлеба. Першай была яна. Мёртвы выратаваў жывога… Вечнасць жыцця забяспечваецца выкананнем вечных законаў, сярод якіх галоўны — чалавечнасць.
Читать дальше