Шчаслівы чалавек, на шляху якога сустрэўся сапраўдны Настаўнік. Такі, да прыкладу, як дзядзька Антось. У нашай літаратуры няшмат вобразаў, у якіх бы з такой пераканальнасцю і мастацкай сілай быў увасоблены дар педагога, як гэта ўвасоблена ў вобразе дзядзькі Антося. Лёс яго склаўся так, што ён, адналюб па сваёй прыродзе (каханая Наста, не дачакаўшыся Антося са сплаву, «яго змяніла на другога»), бескарысліва адцаў свае сілы сям'і брата, яго дзецям, іх выхаванню і клопатам аб дабрабыце. За яго дабрыню і любоў усе ў сям'і плацілі яму таксама любоўю:
Дык і не дзіва, што любілі,
Што на руках яго насілі.
Любоў да ўсяго, што яму дорага і міла, вызначае і стан душы гэтага чалавека, і сутнасць яго таленту.
Услаўленню педагагічнага таленту дзядзькі Антося («ён быў настаўнікам, судцзёю…») прысвячаецца многа старонак у паэме. Мы бачым дзядзькуАнтося «як жывога» ў час яго «ўрокаў» і нават у самыя крытычныя для кожнага настаўніка моманты, калі ніякія, здавалася б, сродкі ўздзеяння не спрацоўваюць: «О, дзядзька спосабаў меў многа даняць праціўніка малога!»
Гэтым вобразам пераканальна даводзіцца ісціна, што, каб даць некаму, трэба мець самому, што толькі духоўна багатая асоба здольна ўзбагаціць іншых.
Уздзеянне гэтага вобраза на чытача дасягаецца такім мастацкім сродкам, як гумар. Гумар узвышае героя і адначасова робіць яго даступным, прывабным і блізкім кожнаму чытачу. Антось зачароўвае непасрэднасцю сваёй натуры і рэдкай для людзей здольнасцю пасмяяцца з самога сябе, што сведчыць пра яго дабрыню, розум і аптымізм: «Які ж ты, хлопча, нецярпячка, няхай цябе затопча качка!»; «Забілі зайца, не забілі, але ж, брат, гуку нарабілі». Сваё кухарскае «вынаходніцтва» самакрытычна ацэньвае так: «Паскудства, брат, і не пытайся!»
Шчаслівы народ, які ўсведамляе важнасць і карысць працы сейбітаў на духоўнай ніве і адпаведна да яе ставіцца. Праблематычнай уяўляецца будучыня таго народа, які гэтага не ўсведамляе.
Настаўнік — соль зямлі. Сымон Будны толькі нагадаў нам пра тое, што сказана было амаль за два тысячагоддзі да яго. Ісус Хрыстос, выпраўляючы сваіх вучняў ісці і звеставаць людзям, добраслаўляў Настаўнікаў і лаўцоў душ людскіх: «Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым зробіш яесалёнаю?…Вы — светсвету. Неможасхавацца горад, што стаіць на вяршыні гары. I запаліўшы свечку, не ставяць яе пад сасудам, але на падсвечніку, і свеціць усім у доме. Няхай жа свеціць свет ваш людзям, каб яны бачылі вашы добрыя справы і праслаўлялі Айца вашага Нябеснага».
Знакава, сімвалічна, што Ісус Хрыстос у сваім зямным жыцці быў менавіта Настаўнікам і Лекарам — быў Збавіцелем. Адвеку ва ўсіх народаў да гэтых дзвюх прафесій было святое стаўленне, пашана і павага. Лепшыя з лепшых, надзеленыя дарам «лаўцоў душ людскіх», марылі пра долю настаўніка і імкнуліся да яе, хоць ва ўсе часы доля гэтая была самай нялёгкай. Але «гэта была мяжа жыццёвае мары», па словах В. Быкава.
«Самы светлы талент — дабрата» (С. Грахоўскі)
Ва ўсім, як хочаце, каб вам рабілі людзі, так і вы рабіце ім, бо ў гэтым закон і прарокі.
З Евангелля.
Ні ў чым наш Ф. Скарына не быў такім паслядоўным і настойлівым, як у сцвярджэнні самага галоўнага закону вечнасці. У прадмовах да кожнай кнігі Бібліі ён рабіў акцэнт менавіта на гэта: «Закон прирожений в том наболей соблюдаем бывает: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным, чего сам не хощеши от иных всех…» Дабрата — гэта здольнасць чалавека «то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех».
Ф. Скарына, пераказваючы фабулу кнігі «Эсфір», акцэнтуе ўвагу чытача на матывах подзвігу Эсфір, жонкі персідскага цара і пляменніцы пабожнага іудзея Мардахея. Рызыкуючы сваім жыццём, яна выратавала ад вынішчэння сваіх суайчыннікаў, якое рыхтаваў ім хітры царадворац Аман. У гэтым пераказе Скарына падымаецца да філасофскага абагульнення, выяўляючы яго вершам:
Не копай под другом своим ямы,
Сам ввалшися в то,
Не став, Амане, Мардохею шибенице,
Сам повиснет на ней.
Дабрата — вышэйшае праяўленне духоўнасці, сапраўды «самы светлы талент», бо дабрата ёсць любоў у дзеянні, а любоў, як даводзіць Ф. Скарына, самая дасканалая з усіх людскіх даброт і каштоўнасцей: «Без нея же ничто поспешно ест». Якой бы сілай і багаццем чалавек ці народ ні валодаў — без любові і яе канкрэтнага выяўлення ўсё будзе марным, усё рана ці позна пойдзе прахам.
Читать дальше