Прычыну масавага разбэшчання моладзі П. Панчанка якраз і бачыць у пустазвонстве, двурушнасці, двайных стандартах. У вершы «Ратуйце нашы душы» ён піша:
Распрадалі наркотыкі аптэкі…
Ад пустаслоўя
Ўся зямля дрыжыць.
Каму ім верыць?
Як далей ім жыць?
Ад заклікаў паветра зноў трасецца…
Ніл Гілевіч лічыць «дармаедства» асноўнай прычынай вынішчэння духоўнасці і дэградацыі моладзі:
Ад дармаедства ўся распуста:
Нішто не нішчыць душу так,
Як незаробленая луста,
Якой харчуецца лайдак.
Безумоўна, нерэалізаваныя сілы — трагедыя і для чалавека, і для грамадства, бо нерэалізаваныя сілы абавязкова ператвараюцца ў зло. I тым больш небяспечныя яны для людской супольнасці.
Маладосць адначасова і самая шчаслівая, і самая «апаслівая пара» жыцця чалавека, як пра тое словамі свайго героя — дзеда Яхімамудра папярэдзіў усіх нас М. Гарэцкі. Кожнаму чалавеку, а маладому асабліва, намнога лягчэй вытрымаць выпрабаванне нягодамі, чым спакусамі і «балотнай вадой».
У Евангеллі сказана: «Гора свету ад спакусаў… гора таму чалавеку, праз якога спакусы праходзяць». У Евангеллі ёсць і парада, як ратаваць сваю душу ад «агню вечнага»: «Калі ж рука твая ці нага твая спакушаюць цябе, адсячы іх і адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукі ці без нагі, чым з дзвюма рукамі і дзвюма нагамі быць зрынутаму ў агонь вечны». Метафарычнасць евангельскіх вобразаў дапамагае ўсвядоміць, што неабходна перамагчы сябе і адмовіцца ад спакушальнага, якое нішчыць душу.
Незвычайнай духоўнай сілай валодае той, хто прайшоў каля спакусаў і вытрымаў выпрабаванне імі — не падцаўся ім. На такое здольны нямногія.
Ян Баршчэўскі ў кнізе «Шляхціц Завальня…» з вялікай мастацкай сілай паказаў цянёты і путы, якія рыхтуе зло для сваіх ахвяр. I ахвярамі зла найчасцей становяцца менавіта маладыя. «Ніколі не палохайся нічога і не дзівіся нічаму, бо калі пахіснешся сэрцам або духам — будзеш нешчаслівым; не пускай у душу такія пачуцці», — вучыць Сямёна незнаемы чалавек, адпраўляючы яго на Лысую гару да Вужынага караля. Яшчэ больш прывабна для маладых гучаць такія словы і такі заклік: «Чалавечае жыццё надзвычай кароткае. Навошта думаць пра гэта? Пакінь сумнявацца, ты чалавек — і ўсе павінны служыць табе». Далека не кожны здольны распазнаць для сябе пастку і ў такім дэвізе: «Навошта зважаць на невясёлае; хто ведае, якая будзе будучыня; давайце жыць сённяшнім днём. Што будзе пасля, навошта думаць цяпер».
I варта толькі зрабіць гэтыя словы і ўсё, што за імі стаіць, здабыткам сваёй душы — душа вынішчаецца. I не ўсе, асабліва маладыя, што знаходзяцца «ў той апаслівай пары», калі хочацца зведаць вострых адчуванняў і шчасця, усіх даброт і выгод зараз жа (а пра цану за ўсё гэта навошта думаць цяпер!), здольны ўстаяць перад такой спакусай. Не ўсе разумеюць, што ёсць страх як выяўленне рабскай псіхалогіі і ёсць іншы страх — як ахоўная рэакцыя арганізма ад фізічнага і духоўнага вынішчэння. Адсутнасць такога страху — сведчанне, што не спрацоўвае інстынкт самазахавання, што ўключаецца праграма на самавынішчэнне. Пакуль ёсць такі страх, ёсць надзея, што не ўсё страчана, бо менавіта страх надае сілы і… смеласці спыніцца, адумацца, уратаваць сваю душу і ўсё, што вакол яе. Прыгадаем пачуццё страху, уласцівае лірычнаму герою верша М. Багдановіча «Пагоня»: «Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах…» Такі жах — сведчанне жывой душы. Толькі неразумны і здрадлівы чалавек не пахіснецца, не засумняваецца: а можа, не так жыў, не тое рабіў, «не тудой дарога» пралягла да Храма?
Правёўшы свайго любімага героя Лабановіча праз многія выпрабаванні, Якуб Колас выпрабаваў яго яшчэ і спакусамі, «смуродам местачковага балота». I трэба зазначыць, што тое выпрабаванне было самым цяжкім на шляху Лабановіча, бо ён нават «укачаўся» ў бруд гэтага балота: прайграў і праматаў за адну ноч усе заробленыя нялёгкай працай за год грошы. А грошы тыя ён вёз маці і дзядзьку Марціну, якія марылі купіць зямлю. Аднак гэтым пісьменнік паказаў зусім не слабасць Лабановіча, а сілу «балота», калі яно здольна было хоць на нейкі момант прыцягнуць (не ўцягнуць, не!) нават такіх моцных духам і розумам, як Лабановіч. Лабановіч здолеў «адчуць смурод местачковага балота» і вырвацца з яго, спаўна заплаціўшы за адзін з галоўных урокаў у сваім жыцці. «Самае галоўнае — не страціць усведамлення ўласных памылак» — вось галоўны вынік таго ўрока, афарыстычна і дакладна сфармуляваны самім Лабановічам.
Читать дальше