У. Караткевіч, паводле яго слоў, вельмі «поўна паказаў чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць». Кастусь Каліноўскі, стоячы перад такім выбарам, спачатку меў намер паступаць, як і яго брат, на медыцынскі факультэт, але потым вырашыў «прасіцца на юрыдычны факультэт па разраду камеральных навук». У лісце да Алеся ён так патлумачыў свой выбар: «Здароўе людзей — гэта, вядома, надзвычай важліва. Але дрэнная тая медыцына, якая пачынае з лекавання хваробы. Перш за ўсё трэба хваробу запабегчы. Даць людзям людскія ўмовы. Каб жылі сытна, каб апрануты добра былі, каб жылі багата і ў добрай хаціне, каб не цягаліся па судах і правільна вялі гаспадарку, каб былі вольныя. Бо нельга дазволіць, каб народ выміраў».
Кастусь Каліноўскі лічыць, што дасягнуць мэты яму дапамогуць набытыя веды. Тая ж мэта і ў коласаўскага Андрэя Лабановіча, але ён лічыць, што шлях да яе ляжыць праз асвету, што і вызначыла яго выбар — быць настаўнікам, «абуджаць крытычны розум дзіцяці».
Іншую дарогу да той жа самай мэты выбірае Алесь Загорскі. Пад уздзеяннем Віктара, брата Кастуся Каліноўскага, ён робіць выбар на карысць філалогіі і гісторыі, а не натуралагічных навук. Гэта — пасля, а зараз яго радзіме, народу найперш трэба вярнуць гісторыю і памяць. Зробленае Алесем, бліскучая абарона ім кандыдацкай дысертацыі выклікалі захапленне і павагу ў прафесара Сразнеўскага, скупога на пахвалу: «…Вы зрабілі незвычайнае. Адкрылі новы нязнаны свет. Адкрылі, магчыма, цэлы народ». Адкрыццё свайго народа для ўсіх Алесь зрабіў на глыбокім даследаванні радавых архіваў дваран і прыдняпроўскіх «Кронік», фальклору адносна сялянскіх войнаў XVII ст. на тэрыторыі Беларускага Прыдняпроўя.
«Я, ў некаторым сэнсе, нават бог, бо занава я свой народ ствараю» — так вызначыў У. Караткевіч сваю ўласную ролю ў рэанімацыі душы і памяці свайго народа. Дадзены яму талент ён рэалізаваў у кнігах, якія вяртаюць народу памяць, забраную ў яго даўно. Лепш за іншых усведамляючы, што без памяці пра свае вытокі, карані, пра мінулае ў народа няма будучыні, ён зрабіў свой выбар на карысць рэанімацыі памяці народа.
Зрабіўшы выбар, адказаўшы для сябе, кім яму быць, чалавек адказвае і на пытанне, дзеля чаго ён з'явіўся на свет. Усведамленне Караткевічам свайго прызначэння на зямлі такое:
Я — сэрца, мозг, душа майго народа,
Тому, магчыма, і на свет з 'явіўся,
Каб мог ён зведаць праз мяне сябе,
Каб ведаў сілу ўласную і годнасць
I каб вякі маім спявалі ротам.
Ф. Скарына ў прадмове да адной з кніг Бібліі пісаў: «В розмаитых речах люди на свете покладають мысли и кохания своя: едины в царствах и в пановании, друзии в богатестве и в скарбох, инии в мудрости и в науце, а инии в здравии, в красоте и в крепости телесной, неции же во множестве имения и статку, а неции в роскошном ядении и питии и в любодеянии, инии теже в детех, в приятелех, во слугах и во иных различных многих речах».
Сутнасць Асобы вызначаюць «кохания и мысли», якія яна ўкладае ў «некоторую речь перед собою, в ней же ся наболей кохает и о ней мыслит». Які чалавек — такі яго выбар, такая «речь», справа, а якая справа — такі і след на зямлі. Як чалавеку даецца права выбару, якім яму быць і кім быць, так і людзям, нашчадкам даецца права меркаваць пра яго значнасць. Як папярэджваў Янка Купала, «суд гісторыі цяжкі». Ён і разважыць, «ці мы сумленна жыццё прайшлі, ці чарада зняваг мінулых нас не з'ела, пакінуўшы свой дым і чад».
«Гады чысціні і надзеі, гады парыванняў і мрой» (Р. Барадулін)
Горы і моры можаш ты здолець,
Сэрцам расплавіць ільдзіны.
Янка Купала.
Да Бога прыйшлі дзве дзяўчыны і папрасілі ў Яго шчасця на ўсё жыццё. Здзівіўся Бог: так не бывае. Жыццё чалавека перапялёсае: у ім павінны быць і пакуты, і радасці. I прапанаваў выбар: шчасце або ў маладосці, або ў старасці.
Першая сказала: «Навошта мне шчасце ў старасці? Я зараз яго хачу зведаць, пакуль маладая, пакуль усё цікава».
Другая разважыла так: «Я маладая і дужая і здолею перанесці ўсе нягоды і выпрабаванні, затое ў старасці мне патрэбны будуць спакой і любоў бліжняга…»
З таго часу і дзеляцца людзі на мудрых і нямудрых, на тых, хто жыве толькі сённяшнім днём, і на тых, хто думае пра дзень заўтрашні, хто пра старасць дбае ў маладосці.
Як старасць заўсёды асацыіруецца з мудрасцю, вопытам, так маладосць — з адвагай, рызыкай і сілай, здольнай гэтую мудрасць рэалізаваць і забяспечыць будучыню. Да моладзі звярталася Цётка з наказам шанаваць роднае слова як адзін са «скарбаў вечных — скарбаў душы». «Беларускай моладзі» прысвяціў Якуб Колас адзін з дарагіх яго сэрцу твораў — паэму «Сымон-музыка». Той моладзі, якая, наперакор нягодам і перашкодам, цалкам адцасць сябе слугаванню Бацькаўшчыне, панясе людзям «агонь душы і сэрца жар». Усе надзеі і мары Янкі Купалы пра нацыянальнае адраджэнне звязаны са Здольнікамі-арлянятамі, якія змогуць «горы і моры» здолець, «сэрцам расплавіць ільдзіны», якія паляцяць да сонца, паплывуць па моры, будуць зямлю «трактарам варочаць», засеюць палеткі, «каб рунелі, зелянелі, аж яснелі гоні…». «Для вякоў дыктуйце новых нечувалыя ясноты» — такі Купалаў наказ арлянятам.
Читать дальше