Самай лепшай парой чалавечага жыцця, гадамі «чысціні і надзеі», гадамі «парыванняў і мрой» назваў Рыгор Барадулін маладосць. I гэта ні адзін філосаф не стане аспрэчваць. Магутны размах крылаў магчымы толькі ў маладосці.
Большасць высакародных, духоўна прыцягальных герояў беларускай літаратуры — маладыя. Гэта купалаўскія Бандароўна, Якім Сарока, Паўлінка, Янка Здольнік, коласаўскія Лабановіч, Сымон-музыка, быкаўскія Сотнікаў, Фішар, Свіст, Зося Нарэйка, дудараўскія радавыя. Розныя ў іх лёсы, але ўсе яны ўвасабляюць лепшыя чаларечыя якасці. На шляху ўсіх гэтых герояў былі «каменні тыя, што губяць сілы маладыя». Асабліва трагічным быў лёс маладых, якія зведалі вайну.
Было ў салдата два полі: поле, дзе кветкі ірваў, бегаў з сябрамі на волі, і поле, дзе ён паміраў, — так вобразна і лаканічна перадаў трагедыю той маладосці А. Вярцінскі.
Трагічным быў лёс равеснікаў В. Быкава — юнакоў 1924 г. нараджэння. На долю гэтага пакалення, якое амаль усё згарэла ў пекле вайны, выпалі самыя цяжкія выпрабаванні. I бацькі Быкава, як многія бацькі салдат, у ліхую гадзіну атрымалі пахавальную, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч, забіты 10.01.44 г. і пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікія Севярынкі Кіраваградскай вобласці. На шчасце, гэта была памылка. Да яго, цяжка параненага, лёс, мноства разоў вытрымаўшы на трываласць, аказаўся літасцівы. Лёс усё ж літасцівы і да нашага народа, калі, правёўшы праз пякельны агонь вайны, збярог нам такіх прарокаў, як В. Быкаў, каб мы слухалі іх.
Існуе легенда, быццам анёл смерці, які спускаецца з нябёсаў, каб разлучыць душу чалавека з целам, спрэс пакрыты… вачыма. Аказваецца, гэтыя вочы прызначаны не яму. Бо, здараецца, анёл, прыляцеўшы па чыюсьці душу, разумев, што паспяшаўся, што яшчэ не прыйшла пара чалавеку развітвацца з жыццём. I тады ён не чапае ягоную душу, а надзяляе яе ўладальніка яшчэ адной парай вачэй. Пасля гэтага чалавек пачынае бачыць не толькі тое, што і ўсе астатнія, але і тое, што даступна толькі іншаму сусвету, іншаму, вышэйшаму вымярэнню і існаванню. Для звычайных жа людзей ягоныя ўяўленні здаюцца выдумкай, фантазіяй, нават галюцынацыяй… Людзі маюць звычайны, абмежаваны зрок і на заклік відушчых прарокаў могуць адказаць пытаннем з верша Янкі Купалы «Прарок»:
Па колькі нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
Многа беларускіх страцім-лебедзяў загінула ў час «патопаў», калі «схадзіліся плямёны спрэчкі сілаю канчаць, каб багата адароны мілы край наш зваяваць». Гінулі страцімлебедзі, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў:
Ад усіх цяпер патомкі ёсць,
Ды няма адных — Страцімавых.
(М. Багдановіч).
Многія творы беларускай літаратуры пераканальна даводзяць, што нават у мірны час найцяжэй усё-такі маладым. Як ні парадаксальна, але менавіта самыя дужыя аказваюцца бяссільнымі і бяззбройнымі перад здрадай, двухаблічнасцю, перад жорсткасцю і вар'яцтвам гэтага свету.
Р. Барадулін прывілею маладых бачыць у тым, што для іх «воз роспачы сцішана едзе, і радасць сядае на кут». На жаль, у наш час нават для маладых воз роспачы едзе не сцішана, а шалёна нясецца, растрасаючы камяні на дарозе маладых. I тыя камяні даводзіцца збіраць зноў жа найперш маладым.
У вобразе Славіка Шыковіча з рамана «Сэрца на далоні» ўвасоблена пісьменніцкая думка пра тое, як нялёгка быць маладым. Нялёгка, нават калі твае бацькі сапраўды самавітыя і сумленныя людзі. А што ўжо казаць пра сіроцтва пры жывых бацьках! I. Шамякін пераканальна паказаў, як цяжка расці чалавеку, як на рост ці на яго запаволенне можа паўплываць выключна ўсё, нават нейкая, здавалася б, дробязь. Самае цяжкае і складанае ў гэтым свеце — расці, змяняцца да лепшага, быць здольным перагледзець і свае ўчынкі, і свае каштоўнасці. Пісьменнік паказаў свайго героя ў эвалюцыі, паказаў усе тыя фактары, якія спрыялі адраджэнню яго душы.
Вядома ж, праца, годнае акружэнне таксама паўплывалі на Славіка. Гэта пераконвае ў рамане. Але наўрад ці «партыйны дакумент захапіў юнака», наўрад ці ў Славіка, як даводзіць пісьменнік, магло наогул з'явіцца «захапленне велічнасцю праграмы» пабудовы камунізму. Славік быў уражаны, як падкрэслівае пісьменнік, што «ўсе гаварылі з такой палымянасцю пра маральны кодэкс». Але ж у юнака заўсёды ў душы быў справядлівы пратэст супраць неадпаведнасці паміж тым, што чуў і што бачыў. Ці не гэта і стала прычынай злому ў яго душы, а юначы максімалізм і цынізм — ахоўнай рэакцыяй і формай пратэсту? I наўрад ці словы, якія пачуў ён на камсамольскім сходзе, «прымушалі яго працаваць па-новаму».
Читать дальше