Рэалізацыя ідэі нацыянальнага адраджэння і дзяржаўнага суверэнітэту ў драматургіі — «самым складаным», паводле слоў Купалы, родзе літаратуры — дазволіла яму гэтую ідэю «ўзбуйняць», а трывогу за становішча народа «на свет цэлы» «падвышаць», збіраць у адзін фокус усё тое, «што ў паэзіі выглядала рассеяным».
Наколькі Янка Купала таленавіта «ўзбуйніў», «падвысіў» і сабраў у фокус, сведчаць ужо згаданыя архіўныя дакументы адносна суда-расправы над спектаклем па яго п'есе «Тутэйшыя». Згадаем, што і п'есу «Раскіданае гняздо», так любімы і самім Купалам твор, вызначыла галоўная, запаветная і палымяная ідэя ўсяго жыцця песняра — ідэя нацыянальнага вызвалення і адраджэння.
У трагікамедыі «Тутэйшыя» тая ж ідэя рэалізуецца драматургам праз вобразы-антыподы — Мікіты Зносака і Янкі Здольніка — і праз непрымірымы канфлікт паміж імі, на якім і грунтуецца п'еса. Да Янкі Купалы і творцы, і свядомая, здаровая частка інтэлігенцыі шукалі «ворагаў беларушчыны» паўсюдна і дзе заўгодна. Упершыню «на свет цэлы» Янка Купала забіў трывогу і паставіў дакладны дыягназ: самы страшны «вораг беларушчыны» — тутэйшыя з іх ідэалогіяй, што працуе толькі на страўнік, з іх прынцыпам «служу тым, хто больш плаціць», зноскі-неданоскі, пазбаўленыя святых пачуццяў нават да роднай маці. Такія гатовы на ўсё: «Вось вам, ясне мусье немец, гер германіш, пакуль што кантрыбуцыя, заўтра дам анэксію, а там, калі не хопіць, жонку, дзяцей залажу, меджду протчым, толькі дайце перадышку». Такія, як вычарпальна сказала пра сына Гануля, — «ні богу свечка, ні чорту качарга». Ні тое ні сёе, ні к сялу ні к гораду, але якія ж небяспечныя!
У пачатку апошняй дзеі Гануля паведамляе радасным маладажонам Янку і Аленцы, што «былі і сягоння гэтыя нібы вучоныя Мікітавы» і пыталіся, які «магнэс» яго болей прыцягвае — усходні ці заходні. Малады настаўнік не задумваючыся адказвае: «Трэ было, цётачка, сказаць, што ні той, ні сёй, а тутэйшы». У гэтай паваротнай рэпліцы сканцэнтравана ідэя твора: «тутэйшасць» — самы страшны «магнэс», нацыянальная бяда. Забыццё і вырак свайго паходжання, мовы, радзімы, жыццё па прынцыпе: «можна мець светапогляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвёртае» — вось некаторыя пачварныя выявы тутэйшасці, сканцэнтраваныя ў здзекліва-сатырычным вобразе Мікіты Зносака. Нагадваем, што зносксш у народзе называюць недаразвітае, маленькае курынае яйка. Недаразвітасць пачуцця нацыянальнай (а значыць, і чалавечай) годнасці ў Мікіты мае самыя ганебныя выявы: нігілізм, цынізм, здрадніцтва.
Раскрыццю вобраза спрыяюць дыялогі паміж Мікітам і Янкам Здольнікам, якога Мікіта з пагардай называе «панам дырэктарам беларускай басоты». Зносак адмаўляе ўсё беларускае, цынічна прызнаецца, што, каб яго воля, ён увёў бы «адзіны непадзельны рускі язык… ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амерыкі і ад Смаленску да Берліну». Самахарактарыстыкай вобраза з'яўляецца мова Зносака: скалечаная і засмечаная русізмамі і іншай замежнай лексікай (у залежнасці ад сітуацыі), канцылярызмамі і словамі-паразітамі («меджду протчым»), Мова выдае і невуцтва, і маральную спустошанасць героя; як казала маці Зносака, «вучыўся, але, мабыць, недавучыўся».
Падзеі ў п'есе разгортваюцца ў складаны для беларускага народа час — 1918–1920 гг., калі адна акупацыйная ўлада змянялася другой, а Беларусь была арэнай змагання паміж Захадам і Усходам. Філасофія пісьменніка-патрыёта, яго трывога за будучыню, за скарб, што застаўся нам «ад прадзедаў спакон вякоў», яго ўсведамленне таго, што ў спрэчцы паміж Захадам і Усходам адносна Беларусі ўсё могуць вырашыць тутэйшыя, прыхільнікі «страўнікава-вантробнай тэорыі», выяўляецца праз вобраз Янкі Здольніка.
Пісьменніцкае разуменяе ўсёй небяспечнасці тутэйшых раскрываецца ў выкрывальнай прамове-маналогу Янкі Здольніка: «О так, так! Для вашага гонару падавай вам мацярынскі язык цароў, Мураўёвых-вешацеляў, Распуцінаў, Азэфаў і ўсея кампаніі, падобнай ім, а на свой, папраўдзе для вас родны, як вы кажаце, язык вам напляваць! Эх, русацяп вы. русацяп! Але годзе аб гэтым! Калісь вы, пане рэгістратар, апомніцеся, але каб не было запозна». Свой канчатковы пісьменніцкі прысуд манкуртам і выраджэнцам зносакам Янка Купала таксама выносіць вуснамі Янкі Здольніка: «Так! Ваш рэгістратар быў вялікае нішто і застаўся вялікім нічым». Усведамляючы, што такіх, як Зносак, змяніць да лепшага немагчыма, бо з нічога і будзе нішто, Янка Здольнік развітваецца з усімі і едзе на вёску, дзе «сонца весялей свеціць», ды і «людзі там лепшыя».
Читать дальше