На 65 гадоў п'еса была выкінута з літаратуры, з тэатра, з культурнага жыцця Беларусі як твор супернацыяналістычны! У 1982 г. на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра быў пастаўлены спектакль па гэтай п'есе, але пасля паказу ў Мінску «Тутэйшых» зноў знялі з рэпертуару. На сцэне Купалаўскага тэатра «Тутэйшых» адрадзілі ў 1990 г. У 1992 г. спектакль у пастаноўцы Мікалая Пінігіна атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. У «Тутэйшых» занятыя мэтры Купалаўскага тэатра — Марыя Захарэвіч, Генадзь Аўсяннікаў, Аляксандр Лабуш, Алена Сідарава, Зоя Белахвосцік і іншыя.
Гісторыя спектакля па п'есе Янкі Купалы да ўсяго засведчыла адзін з момантаў узыходжання ўладара беларускай песні на Галгофу. За тое, што «зваў з путаў на свабоду», чакала Галгофа. За адвагу сказаць, што двойчы два — чатыры, чакала Галгофа і несмяротнасць душы.
Самай ненавіснай для паэта была, па яго словах, «пашана да пакут», самай страшнай бядой для народа — страта волі. Ужо самы першы купалаўскі верш «Мужык», надрукаваны ў 1905 г. у газеце «Северо-Западный край», стаў адначасова і праграмным творам паэта, бо вызначыў усю яго творчасць. Ён першы, хто з незвычайнай сілай, «на свет цэлы», сказаў і аб нашай мары, і аб нашым праве «людзьмі звацца». Наватарства і мастацкая вартасць верша заключаюцца найперш у сіле, з якой паэт здолеў сказаць пра дагэтуль нікім не знанае — пра годнасць і гонар беларуса. Менавіта другая кампазіцыйная частка верша з'яўляецца сімвалічнай і вызначальнай для ўсёй творчасці Янкі Купалы:
Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.
I кожны, хто мяне спытае,
Пачўе толькі адзін крык:
Што хоць мнсй кожны пагарджае,
Я буду жыць! — бо я мужык!
Сцвярджэнне думкі пра годнасць, жыццястойкасць і непераможнасць свайго народа будзе лейтматывам гучаць у многіх творах паэта:
Жыў беларус — і будзе жыць!
Верш «А хто там ідзе?», які М. Горкі справядліва назваў «гімнам беларусаў», напісаны ў форме дыялога, каб узмацніць эфект уздзеяння «на свет цэлы». Пытаецца нехта, быццам голас ідзе з неба. I гэты нехта вядзе размову «з цэлым народам», імя якому — беларусы:
А хто там ідзе, а хто там ідзе
Ў агромністай такой грамадзе?
— Беларусы.
Ідэя верша афарыстычна сфармулявана ў апошняй страфе:
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.
Якуб Колас назваў гэты верш праграмай і лозунгам беларускай паэзіі. Будзе справядліва назваць яго і праграмай нацыянальнага адраджэння. Радзіма і свабода, незалежнасць — для паэта паняцці непадзельныя. Ніхто з беларускіх паэтаў пачатку мінулага стагоддзя з такім запалам, мужнасцю, таленавітасцю і так паслядоўна не адстойваў, не бараніў ідэю нацыянальнага адраджэння і незалежнасці, як Янка Купала. Усведамленне волі і незалежнасці як найвялікшай каштоўнасці нацыі было вызначальным у яго светапоглядзе, а значыць, і ў творчасці:
Хай Беларусь, мая старонка,
Ўваскрэсне к вольнаму жыццю.
Заклікаючы свой народ «на вялікую нараду, на вялікі сход», паэту вершы «Час» дакляруе яму вырашыць самае галоўнае пытанне:
Як жыць мае, пажываці
Ў родным краю, ў роднай хаце, —
Як заводзіць лад:
Ці жыць далей у няволі,
Ці разжыцца новай доляй,
Новы ўзнесць пасад.
Нацыю, у якой вякамі фарміравалася агідная Купалу «пашана да пакут», выратаваць маглі не стогны, спачуванні і галашэнні. Заслуга Купалы ў тым, што ён «тварыў» нацыю: фарміраваў яе самабытны духоўны воблік, пашыраў нацыянальную самасвядомасць, надзяляў беларусаў скарбамі сусветнага ўзроўню, вызначаў іх духоўныя арыенціры. Нацыя і яе жыццястойкасць у многім вызначаюцца менавіта духоўнымі і каштоўнаснымі арыенцірамі.
Што чалавек лічыць для сябе найважнейшым, да чаго імкнецца, у чым бачыць сваё шчасце, у многім вызначае яго сутнасць. Тое ж самае і з народам.
Паэт не толькі верыў, не толькі заклікаў Беларусь заняць «свой пачэсны пасад між народамі», але і сам многа зрабіў дзеля гэтага. Т ак, да прыкладу, першы пераклад помнікастаражытнай культуры — «Слова пра паход Ігаравы» — на адну з сучасных моў свету быў зроблены ім, Купалам. I мова тая была наша — беларуская. Толькі пазней Дз. Ліхачоў і М. Забалоцкі пераклалі «Слова…» на рускую мову, а М. Рыльскі — на ўкраінскую. У сваю чаргу творчасць Купалы станавілася здабыткам культуры іншых народаў, бо купалаўскія творы перакладаліся, пачынаючы з 1910 г., такімі знакамітымі майстрамі слова, як М. Горкі, В. Брусаў, пазней — М. Ісакоўскі.
Читать дальше