Як піць даць. Паўкалька з руск. м. (как пить дать). Абавязкова, бясспрэчна. Звядуць яго з пуці. Гэта ўжо як піць даць (К. Крапіва. З народам).
У некаторых працах гэты выраз кваліфікуецца як агульны для ўсходнесл. м. Аднак больш лагічна лічыць яго рускім паводле паходжання. Застылы ў інфінітыўнай форме кампанент даць раней спрагаўся, дапасоўваючыся да суб’екта дзеяння (они как пить дадут, он как пить даст і г.д.). Як адзначаецца ў літаратуры, сучаснае значэнне і форма звароту как пить дать склаліся ўжо к сярэдзіне XIX ст. Можна пагадзіцца з мерканваннем М.С. і М. Г. Ашукіных, што першаснае значэнне звароту было «как дать пить яд, действие которого несомненно». У пацвярджэнне аўтары даюць прыклады з мастацкіх тэкстаў, апублікаваных y 1830-х гадах.
Спаць як пшаніцу (пяньку) прадаўшы. Уласна бел. Вельмі моцна. — A Колік яшчэ спіць, — гаварыў Лапінка, — як пшаніцу прадаушы, ні аб чым галава не баліць … (Я. Брыль. Праведнікі і зладзеі).
Абагульнена-вобразнае значэнне фразеалагізма не вынікае непасрэдна з параўнання як пшаніцу прадаўшы, калі не мець на ўвазе і падтэкст — намёк на барыш пасля продажу пшаніцы. У «Зборніку беларускіх прыказак» І.І.Насовіча выраз пададзены ў форме як пяньку прадаўшы з такім тлумачэннем: «Кажуць пра таго, хто моцна спіць, як бы, прадаўшы пяньку, выпіў на барышах». У сучаснай літаратурнай мове гэты фразеалагізм рэалізуецца з лексічнай варыянтнасцю назоўнікавага кампанента: як пшаніцу (пяньку, проса, муку, лыка) прадаўшы. Відаць, напачатку ў якой-н. мясцовасці склаўся адзін з гэтых варыянтаў. Перанёсшыся ў іншую мясцовасць, дзе пашыраным прадметам гандлю была не пшаніца ці пянька, a мука, лыка, проса, фразеалагізм адпаведным чынам пераафармляўся. Так паступова развіваўся варыянтны рад.
Патрэбна як пятае кола ў возе. Агульны для бел., укр. (як п’яте колесо до воза (у возі) іпольск. (jak piate koło u wozu) м, Зусім не, ніколькі не (патрэбны хто-н. ці што-н. каму-н.). Іх бацюшка будзе вянчаць, a не ты, малеча! Патрэбны ты там як пятае кола ў возе! (Л. Ялоўчык. Вясельныя сустрэчы).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, пабудаваны на сумяшчэнні несумяшчальных паняццяў (воз і пятае кола ў ім). Гэты акалічнасна-прыслоўны фразеалагізм, кампаратыўны па форме, склаўся пад уплывам назоўнікавага выразу, аналагічнага па кампанентным складзе, але без кампанента-злучніка «як». Такі фразеалагізм са значэннем ‘лішні, непатрэбны чалавек’ бытуе ў шмат якіх мовах: ням. das fünfte Rad am Wagen (літаральна «пятае кола ў возе»), франц .. une cinquième roue d’un carrosse (літаральна «пятае кола ў карзце»), руск. пятое колесо в телеге, чэшск. páte kolo u vozu i інш.
Як рукой зняло што. Відаць, калька з франц. м. (pter le mal comme avec la main, літаральна «зняць зло як рукой»). Што-н. зусім знікла, прапала, прайшло (пра хваробу, сон, пачуцці, перажыванні). Той узнёслы настрой, з якім Міця ляцеў да даўняга сябра, як рукой зняло (І.Навуменка. Сасна пры дарозе).
Хутчэй за ўсё, з’яўленне выразу мае сувязь з лячэннем хворага шаптунамі, знахарамі, якія праводзілі па балючым месцы рукой.
Патрэбны, трэба як рыбе парасон. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім не, ніколькі не (патрэбны каму-н.). Думаеш, патрэбен ты ёй? Думаеш, пойдзе яна за цябе? Як рыбе парасон ты ёй патрэбен! (У. Мехаў. Важны сваяк).
Параўнальна нядаўняе ўтварэнне, y аснове якога нерэальны вобраз, пабудаваны на спалучэнні прадметна-лагічна неспалучальных слоў.
Як сабак нярэзаных каго. Паўкалька з руск. м. (как собак нерезаных). Вельмі многа. Я чуў, што калісьці і ў нашай вёсцы быў пан. Я ведаў, што за мяжой іх і зараз як сабак нярэзаных (І.Сяркоў. Мы з Санькам у тыле ворага).
У руск. м., як засведчана У.І.Далем, быў назоўнік нерезь са значэннем ‘некастрыраваны кныр, самец свойскай свінні’ (параўн. беларускае, блізкае гучаннем кнораз). Лёгка зразумець каламбурны характар фразеалагізма як сабак нярэзаных , калі мець на ўвазе, што ў ім прыметнік нярэзаны, утвораны ад названага назоўніка, спалучаецца са словам сабака (сабак ніхто не пакладае, не лягчае). Першапачатковае значэнне выразу — ‘як сабак на сабачым вяселлі’.
Патрэбны, трэба як сабаку пятая нага. Агульны для ўсходнесл. м. Зусім не, ніколькі не (патрэбны каму-н.). Сідар адклаў лыжку і засмучана паглядзеў y акно. — Трэба мне гэтая служба як сабаку пятая нага (І.Навуменка. Сідар і Гараська).
Читать дальше