Тут я канчаткова рашыўся. Я зняў з яго ўсю вопратку, і боты, і фуражку ды схаваў у печ, дзе вапну палілі, у Марцінавым лесе.
Стары змоўк. Уражаныя афіцэры пазіралі адзін на аднаго. Допыт не спыняўся, і вось пра што яны даведаліся.
Пасля першага забойства старога апанавала ідэя: «Забіваць прусакоў!» Ён ненавідзеў іх нянавісцю прыхаванай і лютай, па-сялянску прагны і патрыятычны адначасова. Ён меў сваю ідэю, як ён казаў.
Ён перачакаў дзён некалькі. Прусакі дазвалялі яму хадзіць, дзе ён хацеў: такім рахманым, пакорлівым і паслужлівым здаваўся ён ім. Штовечар ён бачыў, як ад'язджаюць пасыльныя, і вось неяк уночы ён выйшаў з сяла; ён ужо ведаў, у якую вёску паедуць коннікі, а таксама запомніў ад салдатаў некалькі нямецкіх слоў, якія яму былі патрэбны.
Ён выйшаў з двара, пракраўся ў лес, знайшоў печ, пралез у доўгае сутарэнне і пераадзеўся ў вопратку забітага.
Ён пачаў бадзяцца па палях, поўзаў, хаваўся за адхонамі, насцярожаны, як злодзей.
Палічыўшы, што прыспела пара, ён падышоў да дарогі і схаваўся ў густым хмызняку. Счакаў яшчэ трохі. Нарэшце, недзе апоўначы, ён учуў гулкі тупат каня на добра ўбітай дарозе. Стары прыпаў вухам да зямлі і ўпэўніўся, што коннік адзін.
Улан, што вёз дэпешы, ехаў хуткім бегам. Ехаў ён углядаючыся, прыслухоўваючыся. Калі да яго заставалася не больш як дзесяць крокаў, дзядзька Мілон выпаўз на дарогу і застагнаў: «Hilfe! Hilfe! — Памажы! Памажы!» Улан прыняў старога за немца, спыніўся, злез з каня і, ні пра што не здагадваючыся, падышоў да яго; адно ён нахіліўся, як крывое лязо нямецкае шаблі ўпілося яму ў жывот. Улан упаў адразу, моўчкі, толькі цела яго некалькі разоў скаланулася ў сутаргах.
Стары нармандзец, узрадаваны маўклівай сялянскай радасцю, падняўся і, каб было напэўна, перарэзаў забітаму горла. Пасля сцягнуў яго з дарогі і скінуў у канаву.
Конь спакойна чакаў гаспадара. Дзядзька Мілон узлез у сядло і галопам паляцеў па раўніне.
Прайшло ўжо каля гадзіны, калі ён заўважыў двух уланаў, што вярталіся ў вёску. Ён пад'ехаў да іх з правага боку: «Hilfe!» Пазнаўшы форму, прусакі падпусцілі яго без ніякага падазрэння. І стары праляцеў паміж імі, як бура, застрэліў аднаго і ссек шабляю другога. Пасля перарэзаў горла коням, коням немцаў! Асцярожна прабраўся да старое печы, схаваў каня ў глыбіні сутарэння. Тут жа пакінуў нямецкую форму і пераадзеўся ў свае лахманы. Вярнуўшыся дадому, стары праспаў да раніцы...
Чатыры дні ён сядзеў дома, чакаючы, пакуль немцы супакояцца, а на пяты выйшаў зноў і, гэтак жа сама хітруючы, забіў яшчэ двух салдатаў. З гэтага часу ён ужо не спыняўся.
Штоночы ён блукаў, бадзяўся, шукаючы прыгодаў, забіваў прусакоў то тут, то там, лётаў па пустых палях, абліты халодным месяцавым святлом, адзінокі, самотны ўлан, які паляваў на людзей. Зрабіўшы сваё, наклаўшы трупаў пры дарогах, стары вяртаўся ў сутарэнне і хаваў каня і форму. Ён спакойна прыходзіў сюды апоўдні, прыносіў авёс і ваду. Каня ён карміў уволю, рыхтуючы яго да цяжкай работы.
Але ўчора ўночы адзін салдат з тых, на якіх наскочыў дзядзька Мілон, паспеў секануць яго шабляй па твары.
І ўсё адно стары забіў абодвух! Ён яшчэ здолеў вярнуцца, схаваць каня і надзець свае лахманы; але каля самай хаты змогся і ледзь дапоўз да стайні.
Тут яго і знайшлі, скрываўлены, ён ляжаў на саломе.
Скончыўшы споведзь, стары раптам узняў галаву і з гонарам агледзеў прускіх афіцэраў.
Палкоўнік абцёр вусы і спытаўся ў яго:
— Маеце яшчэ што сказаць?
— Не, болей нічога, рахунак дакладны: я забіў роўна шаснаццаць, ні больш ні менш.
— Вы ведаеце, што вас расстраляюць?
— Хіба я прашу ў вас літасці?
— Вы былі ў салдатах?
— Ну але. Былі часы, і я ваяваў. І бацька мой быў у салдатах, у Напалеона. А вы яго забілі. Ды яшчэ ў тым месяцы пад Эўро сына майго забілі, меншанькага, Франсуа. Я вам вінаваты быў і сплаціў. Цяперачы ўсё, квіта!
Афіцэры пераглянуліся. А стары зноў:
— Восем за бацьку, восем за сына — квіта. Не я з вамі свары шукаў! Мне вы без патрэбы. І адкуль прыйшлі вы, не ведаю. Вы тут, у мяне, а судзіце мяне, быццам у сябе дома. Я сплаціў і не шкадую.
І, расправіўшы сваё нерухомае цела, стары склаў рукі на грудзях, стрымана і ганарліва.
Прусакі доўга перагаворваліся. Капітан, які таксама страціў сына месяц таму, абараняў высакароднага старога.
Але вось палкоўнік падняўся, падышоў да дзядзькі Мілона і ціха сказаў:
— Слухай, стары, можа, мы і пакінем табе жыццё, калі ты...
Але стары не слухаў, глядзеў проста ў вочы пераможцу, а вецер варушыў валасы яго, лёгкія і рэдкія. Жахлівая грымаса скрывіла яго твар, худы і пасечаны. Набраўшы поўныя грудзі паветра, стары плюнуў у твар прусаку.
Читать дальше