Гэта пачалося летась, і пачалося вельмі дзіўна.
Быў сыры восеньскі вечар. Калі пасля вячэры мая пакаёўка пайшла, я пачаў думаць чым заняцца. Нейкі час я хадзіў па пакоі. Я адчуваў сябе стомленым, прыгнечаным без прычыны, я не мог працаваць, нават чытаць не было сілы. Дробны дожджык мачыў шыбы. Мне было сумна, я ўвесь быў у тым асаблівым суме, ад якога хочацца плакаць, ад якога хочацца загаварыць хоць з кім, абы толькі скалыхнуць застылы розум.
Мне было самотна. Мая кватэра здавалася пустой, як ніколі. Мяне ахінула бязмежная і гнятлівая адзінота. Што рабіць? Я сеў. Але нейкая нервовая нецярплівасць у нагах прымусіла мяне ўстаць, і я зноў пачаў хадзіць па пакоі. Напэўна ў мяне была гарачка, бо рукі, якія я трымаў за спінай, нібы пяклі адна адну, і я звярнуў на гэта ўвагу. Пасля раптам па спіне прабеглі дрыжыкі холаду. Я падумаў, што ў пакой прасачылася сырасць з вуліцы, і вырашыў запаліць у каміне. Запаліў, першы раз за тую восень. Пасля сеў і стаў глядзець на полымя. Але неўзабаве мне апрыкрала сядзець на адным месцы. Я зноў устаў і адчуў патрэбу кудысьці пайсці, развеяцца, з некім сустрэцца.
Я зайшоў да трох сяброў, але ніводнага не застаў дома. Пасля выйшаў на бульвар з надзеяй напаткаць каго-небудзь знаёмага.
Паўсюль было тужліва. Мокрыя ходнікі блішчалі. Гнятлівая цёплая вільгаць, такая, што часам праймае да касцей, цяжкая вільгаць неадчувальнага дажджу напаўняла паветра і нібы стамляла святло ліхтароў.
Я цягнуўся далей, паўтараючы сам сабе: «Я ўсё роўна нікога не спаткаю». Я зазірнуў па некалькі разоў ва ўсе кавярні ад Мадлен да прадмесця Пуасаньер. За столікамі сядзелі сумныя людзі, здавалася нават, што ім не стае сілы даесці свае стравы.
Доўга я гэтак блукаў, пакуль недзе апоўначы не прывалокся дадому. Я быў зусім спакойны, але вельмі стомлены. Кансьержка, якая звычайна кладзецца а адзінаццатай, адчыніла мне адразу, насуперак сваёй звычцы, і я падумаў: «Напэўна, хтосьці толькі што зайшоў».
Калі я выходжу з дому, дык заўсёды замыкаю дзверы на два абароты ключа. Але гэтым разам я проста пацягнуў за ручку — і дзверы адчыніліся. Гэта мяне ўразіла. Я падумаў: можа, мне ўвечары прынеслі лісты.
Я ўвайшоў. Агонь яшчэ гарэў і нават трошкі асвятляў кватэру. Я ўзяў свечку і пайшоў запаліць яе ад агню, але раптам паглядзеў проста перад сабой і заўважыў, што нехта сядзіць у маім фатэлі спінай да мяне і грэе ногі каля агню.
Я не спалохаўся, о, не, ані кропелькі. У галаву мне прыйшла зусім верагодная здагадка: да мяне прыйшоў нехта з сяброў. Кансьержка, якую я папярэдзіў, калі выходзіў з дому, сказала яму, што я хутка вярнуся, і дала ключы. Я імгненна згадаў усе дэталі майго прыходу: калі я пацягнуў за ручку, дзверы адчыніліся.
Мой сябар — я бачыў толькі яго валасы — заснуў каля агню, чакаючы мяне, і я падышоў, каб яго пабудзіць. Я выразна яго бачыў: правая рука вісела, адна нага была закінутая на другую, галава трохі схілілася ўлева — было добра відаць, што ён спіць. Я падумаў: «Хто ж гэта?» У пакоі ўсё ж было даволі цёмна. Я выцягнуў руку, каб дакрануцца да яго пляча!..
Рука натрапіла на драўляную спінку фатэля. Там нікога не было. Фатэль быў пусты!
Які гэта быў удар!
Спачатку я адступіў, нібы перад страшнай небяспекай.
Пасля я азірнуўся, адчуваючы, што нехта стаіць у мяне за спінай. Аднак непераможнае жаданне зноў паглядзець на фатэль прымусіла мяне павярнуцца. Я стаяў, задыхаючыся ад страху, настолькі ашалелы, што страціў здольнасць разважаць. Я ледзь не падаў.
Але ўсё ж я чалавек вытрыманы, спакойны, і таму розум хутка вярнуўся да мяне. Я падумаў: «У мяне была галюцынацыя, вось і ўсё». Я пачаў разважаць. У гэткія хвіліны розум працуе асабліва хутка.
У мяне была галюцынацыя — гэта бясспрэчна. Аднак розум увесь час заставаўся светлы і працаваў дакладна і лагічна. Што да мозгу, дык з ім усё было ў парадку. Толькі вочы памыліліся, увялі ў зман розум. Гэта была мроя, тая, што прымушае простых людзей верыць у цуды. Гэта была памылка нерваў аптычнага апарата і нічога болей, хіба што кроў прыліла да галавы.
Я запаліў свечку. Схіліўшыся над полымем, заўважыў, што ўвесь дрыжу, і рэзка выпрастаўся, быццам нехта дакрануўся да мяне ззаду.
Я вельмі хваляваўся.
Я зрабіў некалькі крокаў, вымавіў уголас некалькі фраз, праспяваў пару куплетаў.
Пасля я зачыніў дзверы пакоя на два абароты і трошкі супакоіўся. Прынамсі, ніхто ўжо болей не зойдзе. Я яшчэ раз сеў і абдумаў як мае быць гэтае здарэнне, пасля дзьмухнуў на свечку і лёг спаць.
Читать дальше