Ласкавае сонца сагравала ім спіны, яны ўжо нічога не чулі, ні пра што не думалі, забыліся на ўсё на свеце — яны вудзілі.
Але нечакана, нібы з-пад зямлі, пачуўся глухі гуд, і глеба страсянулася ў іх пад нагамі. Зноў загулі гарматы.
Марысо падняў галаву і там, злева, убачыў высокі абрыс гары Мон-Валер'ен, над якой віўся маленькі сівы чубок. Гэта было воблачка парахавога дыму, якое яна толькі што выплюнула.
І адразу над крэпасцю на гары ўзвіўся новы слуп дыму, і праз некалькі імгненняў грымнуў другі залп.
Гарматы загрукаталі адна за другой, і час ад часу гара пыхкала сваім смяротным дыханнем і выкідала малочную пару, якая паволі ўздымалася ў ціхае неба і завісала там нерухомаю хмарай.
Саваж паціснуў плячыма і сказаў:
— Ну вось, зноў пачынаюць.
Занепакоена пазіраючы на пёрка свайго паплаўка, які раз-пораз ныраў пад ваду, Марысо раптам адчуў зразумелы мірнаму чалавеку гнеў да гэтых бязглуздых ваяк, якім прыйшло ў галаву біцца.
— Якімі ж трэба быць дурнямі, каб гэтак забіваць адзін аднаго, — прабурчаў ён.
Саваж згадзіўся:
— Горш за звяроў.
Марысо выцягнуў верхаводку і заявіў:
— І падумаць толькі, што так яно будзе заўсёды, пакуль светам будуць кіраваць урады.
Саваж запярэчыў:
— Рэспубліка не аб'явіла б вайны...
Але Марысо перапыніў яго:
— За каралямі ваююць з іншымі, за рэспублікай — паміж сабой.
І яны пачалі спакойна абмяркоўваць важныя палітычныя праблемы, выказваючы на іх свае цвярозыя думкі, уласцівыя лагодным і абмежаваным абывацелям, і ўрэшце сышліся на тым, што свабоды людзям ніколі не ўбачыць.
А Мон-Валер'ен безупынна грымеў, руйнаваў ядрамі. французскія дамы, знішчаў усё жывое, абрываў жыццё, чыесьці мары, радасці, шчасце, сеяў адчай у сэрцах дачок, жонак і мацярок, нёс невылечныя пакуты тут і там, у іншых краях.
— Такое жыццё, — прамовіў Саваж.
— Скажыце лепш: такая смерць, — з усмешкай кіўнуў Марысо.
Але тут сябры з жахам здрыгануліся, выразна адчуўшы за спінай чыесьці крокі. Яны павярнуліся і ўбачылі проста побач з сабой чатырох барадатых і ўзброеных здаравякоў, якія былі, нібы служкі, апрануты ў ліўрэі і пляскатыя шапкі і цэліліся ў іх са стрэльбаў.
Вуды выпалі ў іх з рук і паплылі ўніз па рацэ.
За лічаныя секунды рыбакоў схапілі, звязалі, кінулі ў човен і завезлі на востраў.
І за тым самым домам, які ім здаваўся пакінутым, яны ўбачылі два дзесяткі нямецкіх салдатаў.
Нейкі патлаты бамбіза, які сядзеў верхам на крэсле і паліў вялікую парцалянавую люльку, запытаўся ў іх на выдатнай французскай мове:
— Ну што, панове, ці добра лавілася рыбка?
Тады адзін салдат паклаў да ног афіцэра сак, поўны рыбы, які ён не забыўся захапіць з сабой. Прусак усміхнуўся:
— О-го-го! Бачу, справа ішла някепска. Але цяпер гутарка не пра гэта. Слухайце мяне ўважліва. Для мяне вы — два шпіёны, засланыя, каб дапільнаваць мой атрад. Я вас злавіў і цяпер расстраляю. Вы прыкідваліся, нібы ловіце рыбу, каб лепей схаваць свае планы. Але, на жаль, трапілі ў мае рукі, і тым горай для вас — гэта вайна. Аднак вы прайшлі праз аванпасты, і, безумоўна, у вас ёсць пароль, каб вярнуцца назад. Скажыце гэты пароль мне, і я злітуюся над вамі.
Два сябры, абсалютна збялелыя, стаялі побач, іх рукі калаціліся ў дробнай нервовай ліхаманцы, але яны маўчалі.
Афіцэр загаварыў зноў:
— Пра гэта ніхто і ніколі не даведаецца, а вы сабе спакойна вернецеся дахаты. Таямніца знікне разам з вамі. Калі ж вы адмовіцеся, вас чакае смерць, неадкладная смерць. Выбірайце.
Яны па-ранейшаму стаялі нерухома і не вымаўлялі ні слова.
Прусак паказаў рукой у бок ракі і гэтак жа спакойна сказаў:
— Падумайце. Праз пяць хвілін вы можаце апынуцца там, на дне гэтай ракі. Праз пяць хвілін! У вас, напэўна, ёсць крэўныя?
Мон-Валер'ен безупынна грукатаў.
Два рыбакі стаялі моўчкі і не варушыліся. Немец аддаў нейкі загад на сваёй мове. Потым ён адсунуў крэсла, каб перасесці трошкі далей ад палонных, і за дваццаць крокаў ад іх выстраіліся дванаццаць салдатаў са стрэльбамі каля нагі.
Афіцэр сказаў:
— Даю вам адну хвіліну, і ні секунды болей.
Потым ён нечакана ўстаў, падышоў да двух французаў, узяў пад руку Марысо і, адвёўшы яго ўбок, ціха шапнуў:
— Гаварыце хутка, які пароль? Ваш прыяцель нічога не даведаецца. Я зраблю выгляд, быццам вас пашкадаваў.
Марысо нічога не адказаў.
Тады прусак адвёў убок Саважа і задаў яму тое ж пытанне.
Саваж не адказваў.
Іх зноў паставілі побач.
Афіцэр аддаў загад. Салдаты ўскінулі стрэльбы.
Читать дальше