Аднаго разу барон вярнуўся дадому раней звычайнага і са здзіўленнем спыніўся ў пярэдняй: што ён чуе? З кухні, дзе звычайна заўсёды панавала мёртвая цішыня, даносіліся цяпер дзіўныя галасы і смех. І вось ужо ў прачыненых дзвярах паказалася Лепарэла, збянтэжана і разам з тым задзірліва перабіраючы фартух.
— Прабачце, паночку, — сказала яна, утаропіўшы вочы ў падлогу, — у мяне тут сядзіць кандытарава дачка, прыгожая дзяўчына... яна так хоча з вамі пазнаёміцца.
Барон неўразумела паглядзеў на Крэсчэнцу, не ведаючы, ці злавацца яму на такое бессаромнае зводніцтва, ці пасмяяцца з яе празмернай стараннасці. Але мужчынская цікаўнасць перамагла, і ён сказаў:
— Ну добра, давай паглядзім на яе.
Дзяўчына — свежая шаснаццацігадовая бландзінка, якую Крэсчэнца паступова прывучыла да сябе ліслівымі словамі і ўгаворамі, — сапраўды часта паглядвала з паўдзіцячым захапленнем на элегантнага франта: уся чырвоная ад збянтэжанасці, так што Крэсчэнцы ўвесь час прыходзілася падштурхоўваць яе ззаду, яна выйшла ў прыхожую і з сарамлівым хіхіканнем спынілася перад баронам. Той убачыў, што яна прыгожая, і прапанаваў разам выпіць гарбаты ў яго пакоі. Дзяўчына не адважылася адразу пайсці ў пакой і азірнулася на Крэсчэнцу, але тая з незвычайнаю хуткасцю ўжо знікла на кухні, і ўцягнутай у прыгоду, счырванелай і ўсхваляванай дзяўчыне нічога не заставалася рабіць як прыняць небяспечнае запрашэнне.
Але прырода не робіць скачкоў: хоць пад уздзеяннем недарэчна скажонага пачуцця ў гэтай закасцянелай атупелай істоце і абудзілася нешта падобнае на духоўнае жыццё, усё-такі не прывучанае да працы мысленне не ўмела глядзець у будучыню і, як у жывёл з іх недальнабачным інстынктам, адгукалася толькі на непасрэдныя раздражняльнікі. Замураваная ў сваім імкненні ва ўсім служыць абагаўлёнаму гаспадару, Крэсчэнца зусім забылася пра баранесу. Тым жахлівей было абуджэнне: як гром сярод яснага неба прагучалі словы барона аднаго разу раніцаю, калі ён, хмурны і сярдзіты, трымаючы ў руцэ пісьмо, змрочна аб'явіў ёй, каб яна прыбрала ў кватэры, бо заўтра яго жонка вяртаецца з санаторыя. Крэсчэнца збялела і застыла на месцы з раззяўленым ротам: страшная навіна як нажом разанула па сэрцы. Яна нічога не магла сказаць і толькі вытарашчыла вочы, быццам не зразумела барона. І такі моцны страх, такая роспач былі напісаны ў яе на твары, што барон палічыў патрэбным крыху супакоіць яе:
— Ты, я бачу, таксама не вельмі радая, Чэнці, — сказаў ён. — Але тут ужо нічога не зробіш.
На акамянелым твары з'явіліся адзнакі жыцця, было відаць, што нешта падымалася з самых глыбінь яе істоты, з неймаверным намаганнем прабівалася наверх, паволі, быццам выштурхнутае страшэннаю спазмаю сэрца, падступала да горла. Змярцвелыя шчокі афарбаваліся ў барвовы колер. Нарэшце кадык сутаргава задрыжаў, і праз сціснутыя зубы глуха вырвалася:
— А можна было б... было б... што-небудзь і зрабіць.
Быццам смяротны стрэл выбухнулі гэтыя словы. І такою злосцю, такою хмурнаю рашучасцю перакрывіўся твар Крэсчэнцы, што барон здрыгануўся і міжвольна, здзіўлены, зрабіў крок назад. Але Крэсчэнца ўжо павярнулася да яго спінаю і пачала з такою сутаргаваю стараннасцю шараваць медную ступку, нібы хацела пераламаць сабе ўсе пальцы.
Пасля прыезду баранесы ў доме зноў паднялася бура — грукалі дзверы, па пакоях быццам гуляў вецер, праганяў узніклы тут у адсутнасць гаспадыні дух мірнай утульнасці і любоўных уцех. Відаць, ашуканая жанчына даведалася ад суседзяў ці з ананімных пісем, як бессаромна барон злоўжыў правам гаспадара дома, а мо яе пакрыўдзілі непрытоеная прыкрасць і раздражненне, з якімі ён яе сустрэў, — так ці інакш, але двухмесячнае лячэнне ў санаторыі, здавалася, мала памагло яе звышнапружаным нервам, бо, як і раней, істэрычныя прыпадкі рэгулярна змяняліся пагрозамі і агіднымі сцэнамі. З кожным днём адносіны паміж мужам і жонкаю пагаршаліся. Некалькі тыдняў барон яшчэ стойка вытрымліваў люты націск папрокаў, адбіваў яго выпрабаванаю зброяю: як толькі жонка пачынала пагражаць разводам або абяцала напісаць пра ўсё бацькам, ён рабіўся вытанчана-ветлівым і даваў няпэўныя абяцанні. Але яго бяздушная халодная абыякавасць толькі павялічвала хваравітую нервовасць адзінокай жанчыны, якая ўвесь час адчувала затоеную варожасць акружэння.
Крэсчэнца зноў замкнулася ў каменным маўчанні. Але цяпер гэтае маўчанне было агрэсіўным і небяспечным. У дзень прыезду баранесы яна ўпарта не выходзіла з кухні, а калі тая сама паклікала яе да сябе, то Крэсчэнца нават не прывіталася з гаспадыняю. Уцягнуўшы галаву ў прыўзнятыя плечы, яна стаяла як статуя і так сярдзіта адказвала на пытанні, што баранеса нарэшце страціла цярплівасць і адвярнулася; яна не бачыла, што Крэсчэнца кінула ёй у спіну шалёны позірк, поўны лютай нянавісці, якая сабралася за ўвесь час. Зварот гаспадыні пазбавіў яе ўсіх набытых правоў, яна адчувала сябе абакрадзенаю ў найлепшых пачуццях, несправядліва ўніжанаю; пасля радаснага самаадданага служэння гаспадару яе зноў спіхнулі на кухню, да пліты, пазбавілі такога блізкага імя «Лепарэла». Барон прадбачліва асцерагаўся выказваць пры жонцы сваю прыхільнасць да Крэсчэнцы. Але часам, знясілены ад чарговай сямейнай сцэны, адчуваючы патрэбнасць адвесці душу, ён у пошуках спачування ўпотай прабіраўся да яе на кухню, садзіўся на драўляны табурэт і са стогнам казаў:
Читать дальше