— Ну, ідзі, слаўная Чэнці, і вось табе яшчэ дзве кроны за тое, што ты з Цылерталя.
Зразумела, гэтае здарэнне само па сабе не было ні рамантычным, ні значным. Але на прытупленыя, быццам дрымотныя на дне душы пачуцці Крэсчэнцы пяціхвілінная размова з баронам уздзейнічала як камень, кінуты ў балота: толькі паволі, ляніва ўзнікалі кругі на паверхні, павольна, вельмі павольна і цяжка разыходзіліся яны, пакуль не дакрануліся да краю свядомасці. Упершыню за апошнія гады маўчання Крэсчэнца зноў пагаварыла шчыра з чалавекам, і звышнатуральным здаўся ёй збег акалічнасцей, што гэты першы чалавек, з якім яна пагаварыла, жыве вось тут у мураваным хаосе і ведае яе горы і нават аднаго разу пакаштаваў прыгатаваную ёю аленіну. Да таго ж гэты бесцырымонны пляскач па азадку, які, згодна з правіламі вясковага абыходжання, абазначае нешта накшталт лаканічнага запытання-заляцання да дзяўчыны. І хоць дзёрзкая думка, што гэты элегантны знатны пан папраўдзе можа звярнуцца да яе з падобным запытаннем, і не прыходзіла ёй у галаву, але яго фамільярны жэст разбудзіў у ёй нейкія цьмяныя летуценні.
І вось гэтая выпадковая размова паслужыла штуршком да таго, што ў глыбіні душы ў Крэсчэнцы пачаўся рух, які паступова, пласт за пластом, захапіў яе ўсю і нарэшце спачатку ледзь прыкметна, а потым усё выразней выклікаў новае нязведанае пачуццё — так бяздомны сабака раптам інстынктыўна з усіх двухногіх стварэнняў, што мітусяцца вакол яго, выбірае адно і прызнае яго сваім гаспадаром; з гэтага часу ён бегае за тым, каго над ім паставіў лёс, добраахвотна падпарадкоўваецца яму, сустракае яго гучным брэхам, віляючы хвастом, і паслухмяна ходзіць за ім усюды па пятах. Тое ж адбылося і з Крэсчэнцай: у яе ўнутраны свет, надзейна абмежаваны дагэтуль толькі пяццю прывычнымі паняццямі — грошы, рынак, кухонная пліта, царква і ложак, — раптам уварвалася нешта новае, што ўладарна патрабавала сабе месца, а ўсё старое гвалтоўна адсоўвала ўбок. І як сяляне не любяць расставацца з дабром, якое аднаго разу папала ў іх цвёрдыя рукі, так і Крэсчэнца прагна ўхапілася за гэтае новае пачуццё і глыбока схавала яго на дне сваёй дрымотнай свядомасці. Між іншым, гэтае пераўтварэнне выявілася не адразу, дый першыя адзнакі былі мала прыкметныя; напрыклад, яна чысціла вопратку і абутак барона з нейкім асаблівым, фанатычным стараннем, па-ранейшаму пакідаючы вопратку і абутак баранесы пад нагляд пакаёўкі; яе часта бачылі ў калідоры і панскіх пакоях; пачуўшы шчоўканне замка ў дзвярах, яна хуценька падавалася ў пярэднюю — узяць у барона паліто і палку. З падвоеным стараннем завіхалася яна на кухні і нават, з вялікімі намаганнямі, пытаючы невядомай ёй дарогі ў прахожых, дабралася да галоўнага рынку, каб дастаць на смажаніну кавалак аленіны. І яшчэ яна пачала ўважлівей сачыць за сваім вонкавым выглядам.
Прайшло каля двух тыдняў, перш чым паказаліся першыя расткі, якія пусціла ў яе ўнутраным свеце новае пачуццё. І патрабаваўся не адзін тыдзень на тое, каб поруч з ім вырасла яшчэ адно пачуццё, якое неўзабаве набыло выразную форму і афарбоўку. Гэтым другім пачуццём, якое служыла як бы дапаўненнем да першага, была спачатку падсвядомая, а потым паступова непрыкрытая, гарачая нянавісць да баронавай жонкі, да жанчыны, якая мела права жыць у яго доме, спаць і размаўляць з ім і тым не менш не плаціла яму за гэта такою адданаю пашанаю, якую адчувала да яго сама Крэсчэнца. Ці таму, што яна міжвольна пачала прыглядвацца да сваіх гаспадароў і стала аднаго разу сведкам сямейнай сцэны, у час якой яе кумір быў агідна зняважаны жонкаю, ці таму, што пагардліва-халоднае абыходжанне са слугамі надзьмутай паўночніцы было ўдвая нязносна Крэсчэнцы ў параўнанні з жартаўліваю фамільярнасцю барона, — так ці інакш, але гаспадыня, якая нічога не падазравала, пастаянна натыкалася на нейкае ўпартае процідзеянне Крэсчэнцы, на яе калючую, дрэнна прыхаваную варожасць. Так, баранесе прыходзілася сама мала два разы званіць, перш чым Крэсчэнца з наўмыснаю маруднасцю і яўнаю неахвотаю з'яўлялася па выкліку, пры гэтым яе энергічна прыўзнятыя плечы недвухсэнсава сведчылі аб гатоўнасці да рашучага адпору. Даручэнні і загады гаспадыні яна выслухоўвала ў панурым маўчанні, і баранеса ніколі не ведала, ці правільна Крэсчэнца зразумела яе; калі ж яна, на ўсякі выпадак, паўтарала свае словы, тая ў адказ толькі сярдзіта ківала галавою або пагардліва кідала: «Ды ўжо чула!» Або калі трэба было ўжо ісці ў тэатр і баранеса нервова насілася па пакоях, раптам прападаў патрэбны ключ, а праз паўгадзіны яго нечакана знаходзілі ў якім-небудзь кутку. Калі баранесе прасілі што-небудзь перадаць ці званілі па тэлефоне, Крэсчэнца заўсёды забывала паведаміць пра гэта; на роспыты і папрокі яна, не выказваючы ніякага шкадавання, толькі адказвала са злосцю: «А я забылася!» У вочы гаспадыні Крэсчэнца ніколі не глядзела — можа, баялася выдаць сваю нянавісць.
Читать дальше