Эпізод з часу інфляцыі ў Германіі
На другім прыпынку пасля Дрэздэна ў наша купэ ўвайшоў пажылы пан, ветліва прывітаўся, потым, уважліва паглядзеўшы на мяне, яшчэ раз асобна кіўнуў мне, як добраму знаёмаму. У першы момант я не пазнаў яго, але ледзь толькі ён з лёгенькаю ўсмешкаю назваў сваё прозвішча, я адразу ж успомніў: гэта быў адзін з самых знакамітых берлінскіх антыквараў, да якога я да вайны нярэдка заходзіў, каб паглядзець або купіць старыя кніжкі і аўтографы. Мы крыху пагаварылі аб рознай драбязе. Раптам зусім нечакана ён усклікнуў:
— Я абавязкова павінен расказаць вам, адкуль я еду. За ўсе трыццаць сем гадоў працы я, стары антыквар, ніколі не сустракаў нічога падобнага. Вы, мусіць, ведаеце самі, што цяпер робіцца ў антыкварным гандлі, з таго часу, як вартасць грошай пачала выпарацца, быццам лёгкі газ: новыя багацеі раптам загарэліся жаданнем набываць гатычных мадонаў і першадрукі, карціны і гравюры старажытных майстроў; задаволіць іх попыт немагчыма, так і глядзі, каб не абабралі цябе да ніткі. Дай ім волю — яны выцягнуць запінкі з манжэтаў і забяруць лямпу з пісьмовага стала. Вось чаму расстарацца новага тавару ўсё цяжэй і цяжэй. Прабачце, што я тут назваў таварам свяшчэнныя для нас з вамі мастацкія скарбы, — але гэтае злое племя да таго давяло нас, што цудоўныя гравюры старых венецыянскіх майстроў пачынаеш разглядаць як эквівалент пэўнай колькасці даляраў, а малюнак Гверчына як увасабленне некалькіх сотняў франкаў. Ад гэтых ахопленых маніяй набыцця людзей няма ніякага ратунку. І вось аднаго разу я бачу, што мая лаўка зноў спустошана; і мне, мабыць, лепш будзе зачыніць на вокнах аканіцы — так мне было сорамна бачыць у старой лаўцы — яе яшчэ мой тата атрымаў у спадчыну ад дзеда — адны ўбогія крыхі хламу, які раней нават старызнік з паўночнай часткі Берліна не паклаў бы на сваю каляску.
У такім нялёгкім становішчы мне неяк прыйшла ў галаву думка прагледзець старыя канторскія кнігі. Я разлічваў знайсці ў іх каго-небудзь з былых пакупнікоў, у якіх, можа, удалося б выманіць пару дублікатаў. Але спісы старых кліентаў звычайна, а асабліва ў наш час, нагадваюць нешта накшталт могілак, і я даведаўся з іх мала чаго: большасць былых пакупнікоў памерла або даўно вымушана была прадаць сваю маёмасць з малатка, а ад тых нямногіх, хто ўцалеў, нельга было разлічваць што-небудзь атрымаць. Раптам я натыкнуўся на цэлы пачак лістоў нашага, бадай што, самага старога кліента — я толькі таму зусім забыўся пра яго, што з 1914 года, з самага пачатку сусветнай вайны, ён ні разу не звярнуўся да нас з заказам або з запытаннем. Перапіска яго з намі пачалася — я не перабольшу — гадоў шэсцьдзесят таму назад; ён купляў яшчэ ў таты і дзеда, але за трыццаць сем гадоў маёй самастойнай працы, наколькі мне помніцца, ніколі не наведваў нашай лаўкі. Усё сведчыла пра тое, што гэта быў вельмі незвычайны, старамодны дзівак, адзін з тых намаляваных пэндзлем Менцаля і Шпіцвега тыпаў, рэдкія экземпляры якіх і цяпер яшчэ можна дзе-нідзе сустрэць у невялічкіх правінцыяльных нямецкіх гарадах. Яго вельмі акуратныя лісты былі напісаны каліграфічным почыркам, сумы падкрэслены па лінейцы чырвоным чарнілам, і, каб пазбегнуць памылкі, лічбы паўтараліся двойчы; да таго ж ён заўсёды скарыстоўваў вывернутыя навыварат канверты і чыстыя аркушы паперы, якія заставаліся ад чужых лістоў. Усё гэта сведчыла аб выключнай дробязнасці і фанатычнай скупасці безнадзейнага правінцыяла. Падпісаны гэтыя своеасаблівыя дакументы былі заўсёды акрамя яго імя яшчэ і поўным тытулам: «Саветнік ляснога і эканамічнага ведамства ў адстаўцы, лейтэнант у адстаўцы, кавалер ордэна Жалезнага крыжа першай ступені». Адсюль можна было зрабіць вывад, што калі ён яшчэ жывы, то яму, як ветэрану вайны 1870 года, цяпер сама меней восемдзесят гадоў. Але гэты смешны дзівак-скнара праяўляў незвычайны розум, выдатнае веданне матэрыі і самы далікатны густ, калі справа тычылася калекцыяніравання старых гравюр. Калі я адзін за адным падлічыў усе яго набыткі амаль за шэсцьдзесят гадоў — а за першыя з іх ён плаціў яшчэ зільбергрошамі, — то ўбачыў, што гэты маленькі правінцыял за час, калі за талер можна было купіць цэлы стос гравюр выдатнейшых нямецкіх майстроў, памалу сабраў сабе калекцыю эстампаў, якая смела заняла б самае пачэснае месца сярод шумных калекцый нашых новых багацеяў. Бо нават тое, што ён паспеў за паўстагоддзя набыць за маркі і пфенігі толькі ў нас, каштавала цяпер вялізныя грошы, але ж можна было чакаць, што ён не прапускаў выпадку набыць сёе-тое і на аўкцыёнах, і ў другіх антыквараў. Праўда, з 1914 года мы не атрымалі ад яго ніводнага заказу, але я вельмі добра знаёмы з тым, што робіцца ў гандлі мастацкімі творамі, каб міма мяне маглі прайсці продаж на аўкцыёне ці поўны распродаж вось такой калекцыі. Значыцца, або гэты дзівак чалавек яшчэ жывы, або калекцыя ў руках яго спадчыннікаў.
Читать дальше