- Падыходзіць наш 'Тайфун" да месца высадкі, і мы ўсе бачым: не толькі караблю - шлюпцы падысці да берага не ўдасца, такі накат. Валы б'юць, назад са скал сплываюць. Зялёныя, каламутныя, шкляныя. А там чакаюць. Паміраюць, можа. Тады старлей вырашыў: няхай двох са шлюпак дабіраюцца да берага проста так.
- Ножкамі? - спытаў мічман.
- Гэ-э, ножкамі. Дзе ножкамі, а дзе й турманам. Таму што як нападдасць хваля, як адвесіць ляшча ў кармавы абвод, дык пасля хоць месяц задраты бегай. Ад трусоў і то балюча.
У абодвух былі іранічныя твары, ды і ў словах гучала іронія. Гаварыць аб такіх звычайных рэчах, калі небяспека мінула і забылася, было чамусьці сорамна.
- Пакуль да берага ракам далезлі - выгляд у нас быў, нібы нас праз земнаснарад прапусцілі. А назад яшчэ горш. Нясём іх на руках. Ну, ясна, кожны канцом абвязаўся, так што цягнуць. І то, пакуль дабраліся, насёрбаўся я салоных гуркоў па глотку і яшчэ вышэй. І, верыце, таварыш мічман, сіняк ад шыі да кіля цэлы месяц не сходзіў.
- Марна. Гэта ж не кожны дзень такое, - сказаў Сцяпан. -Запомні першы запавет падначаленага: с. на берасцень, не будуць біць кожны дзень.
Каня ўсміхнуўся і раптам сказаў, нібы прызнаваўся:
- Я ж амаль не магу, калі вада ледзяная. Іншы плыве, і нічога, а ў мяне адразу сутаргі. І такія, што ўзвыў бы, як шэры на каляды. І ногі, і рукі, і ўсё...
- А дзяўчына?
- Ну, даставілі мы іх на карабель. Я й не разгледзеў яе амаль. Веі толькі. Цень на палову шчакі. А потым яна мне ліст напісала з падзякай. Я адказаў.
- Сустракаліся?
- Ды разы тры.
- І як, цікава ёй з табою?
- Думаю - так. А пра мяне й казаць няма чаго. Асвета мая крыху падкачала - нічога, дацягну. Мне ж дваццаць два толькі.
"Усё яшчэ наперадзе, - падумаў мічман. - І тут табе, малец, сто ачкоў дадзена перад іншымі. Што ж, памагай бог".
- Харошая жанчынка. Засмяецца, дык і ў мяне ад смеху ўсё нутро хвалюецца. Я, таварыш мічман, каб убачыў што нехта яе пакрыўдзіў, я б таму свінюку за гэта такога чуба даў, што ён бы лысы з бальніцы выйшаў. І то - толькі праз месяц. Дужа добры чалавек. І ведае шмат, хаця тут чаго ж здзіўляцца. Метэаролаг... Станцыя іхняя на Рагвольдзе.
Невядома чаму, але Дубавец раптам адчуў сябе так, нібы нехта выліў яму за шкірку спачатку конаўку гарачай, а пасля конаўку ледзяной вады. Усёй падсвядомасцю ён быў ужо ўпэўнены ў адказе, нейкім невядомым інстынктам ведаў яго і ўсё ж спытаў, не мог не спытаць:
- Ну, а завуць як?
- Яўгенія... Жэня... Аўгіння па-нашаму... Антонаўна.
Нешта апусцілася ўнутры ў Дубаўца. Адчуваючы
незямны, нечалавечы холад і пустату, але ўсё яшчэ без надзеі спадзеючыся на нешта, ён глуха сказаў:
- Метэаролаг з Рагвольда... Т-так... Прозвішча часам не Арсенцева?
- Угу. А вы што, ведаеце яе?
- Здаецца, не ведаю. Але чуў неяк... Так, здаецца, я пра яе калісьці нешта чуў.
Ён хацеў сказаць яшчэ штосьці, і ён баяўся сказаць, баяўся, што сарвецца, зарыкае ад ярасці і болю.
Выручылі яго званы гучнага бою. Яны крычалі нібы не над тральшчыкам, не над свінцовай бухтай, над якой бляднела перадсвітанне, не над рабрыстымі голымі сопкамі, а нібыта ў вушах, у грудзях, у галаве.
Час было брацца за справу. Уваходзіць у гэты тлумны, пахмурны, абрыдлівы і, аднак, будзённы, калі не лічыць болю, дзень. Самы для яго пракляты з усіх дзён, якія былі калі-небудзь і будуць.
Павольна цурчала за кармой тральшчыка густая, масляная вада. Скупавата свяціла праз тонкія, але частыя аблокі сонца, што яшчэ амаль не давала цеплыні. Хвалі ў яго слабым, рассеяным ззянні здаваліся зялёнымі.
З левага борта, вельмі далёка, можна было заўважыць яшчэ некалькі тральшчыкаў, якія скарадзілі мора. Там, калі глянуць дакладна ў напрамку на норд у моцны марскі бінокль, далёка за тральшчыкамі можна было заўважыць шэрую палоску: аблокі, што ляжалі над высокімі сопкамі нябачнага адсюль берага.
Справа, з зюйдавага боку - караблі ішлі курсам "ост", -быў відзён тральшчык-напарнік. Толькі ён ішоў марысцее "Тайфуна", быў далей за яго ад берага.
У той дзень работы было да д'ябла. Знішчылі чатыры міны. Мінёр "Тайфуна" старлей Андрэй Сцівен, той самы, што паслаў кудысь не таго, каго трэба, цадзіў праз зубы:
- Чартаўня нейкая. Не мора, а суп з клёцкамі. З д'яблавымі фрыкадэлькамі, тры чарты ім ніжэй хваста.
Высачэзны, бялявы, з вечна прыжмуранымі светлымі вачамі ён ад свайго дабрадушша і лаяўся проста так, дзеля парадку. І мічман думаў, што дарэмна яму тады нагарэла, дарэмна ён займае месца, на якім цудоўна справіўся б і лейтэнант.
Читать дальше