Мічман дастаў папяросу, пераканаўся, што ў пачку запалак няма, ляснуў сябе па кішэнях.
- Вазьміце, таварыш мічман.
За ціхім спевам дызеляў, што пачаўся хвіліну назад, Дубавец не пачуў крокаў мінёра Кані. "Карабельны мастак” працягваў яму запалкі.
- Дзякуй.
Пакурваючы, яны глядзелі, як агеньчыкі караблёў цягнуліся да выхаду з гавані.
- Вам, мабыць, яшчэ ў вайну даводзілася сто разоў такое бачыць?
- У вайну пры выхадзе ані агеньчыка. Ані гуку.
Нейкая насцярожанасць заўсёды непакоіла Дубаўца, калі побач быў мінёр Анатоль Каня. Занадта ўжо непадэбныя яны былі між сабою. І параўнанне тое было невыгаднае для мічмана, а таму ён увесь час думаў над гэтым непадабенствам.
Не дужа высокі, але да таго ладны, што глядзець весела. Сядзіць на ім усё зграбна, падагнана. У двухсотрублёвым гарнітуры іншы так не выглядае, як гэты ў звычайнай шапцы, целагрэйцы, ватовых штанах і ботах. Такога хаця ў дзяружку зашый - усё адно фацэт.
Нічога ён супраць яго не меў: служыць, працаўнік, сябра не заложыць, на чужой спіне ў рай не палезе, а ўсё ж... Мо таму, што мінёру ўсё на свеце ўдавалася ў сто разоў лягчэй, чым яму, мо таму, што ён са шчаслівай лёгкасцю, гуляючы, заваёўваў усё, што ён, мічман, браў цяжкай працай. Нават сябрамі людзі яму рабіліся пасля першага слова, а то й пасля першай усмешкі.
Усмешка і праўда добрая. Кепскія людзі такой не выціснуць. І вочы адчайдушна-вясёлыя, цёмныя, злёгку міндалевідныя. І чуб хвалісты. Крыху выліцаваты, але вакол рота ніжэй гэтых скул такая цвёрдая прыгожая гульня мускулаў, што скул гэтых і не заўважаеш.
Адсюль, пэўна, і насцярожанасць. Адчуванне, што каб давялося сядзець за адной партай, танцаваць на адной пляцоўцы і ўсё такое - гэты гуляючы ўзяў бы верх. Ужо не кажучы пра тое ягонае маляванне. Шмат у якіх сяброў, дый у камандзіраў многіх напісаныя ім партрэты. Дужа жывыя, толькі што не гавораць, і - гэта мічману здавалася містыкай -падобныя з арыгіналам, як два кітайцы адзін на аднаго.
- Гляньце, агні цягнуцца да выхаду з бухты, - сказаў
Каня.
- Ну.
- Вясёлкавы які арэол вакол кожнага агня! Ле-едзь прыкметны. А колерам. вось зімой такое кола вакол поўні бывае.
Мічману стала ніякавата і нават крыху сорамна.
- Агні як агні, - сказаў ён. Бадай што пад вечар будзе вецер. Са снегам.
Тут жа ён не пахваліў сябе за сухі тон.
- Чаго ж гэта ты, Анатоль, не спіш?
- Не спіцца нешта.
Ён усміхнуўся так прасветлена і шчасліва, што Дубавец зразумеў: бясссонніца тут і не з'яўлялася. Матросу перашкаджала спаць нейкая вялізная радасць, нейкае лікаванне, што аж распірала яго. І радасць гэтая была з тых, якімі абавязкова неабходна падзяліцца, як бывае неабходна падзяліцца горам. Мічман разумеў гэтую патрэбу ў чужой зацікаўленасці, хаця сам ніколі на такое не пайшоў бы.
- Пра дзяўчыну задумаўся? - штучна ўдаўшы гэтую зацікаўленасць, спытаў Сцяпан.
Матрос толькі яшчэ шырэй усміхнуўся, непрыкметна схіліўшы галаву.
"Чаму гэта людзі, калі яны шчаслівыя, усміхаюцца заўсёды дурнавата, - падумаў мічман. - Вось і гэты. Хаця, што з яго ўзяць? Юнак яшчэ. Амаль дзіця. Я ў яго гады ўжо дзевяць год адплаваў"
Ён забыў, што ягонае "плаванне" пачалося, мякка кажучы, супраціўна натуры і здароваму чалавечаму сэнсу.
- І добрая хаця дзяўчына? - ён задаваў пытанні толькі таму, што работы ўсё адно яшчэ не было. - Дзе пазнаёміліся хаця?
- Ды вы ж сведкам былі... Хаця не. Вы тады ў водпуску былі. Гэта падчас таго лістападаўскага выхаду, калі хворых з Рагвольда здымалі.
- Казалі мне нешта такое. Я тады на поўдні ўпершыню быў. У Сачах... Ну.
Анатоль закурыў.
- Мы ўжо назад тады вярталіся. Радаваліся, вось-вось база, а там і горад. Драіліся, прасаваліся, усё такое. І раптам загад: ісці на востраў, зняць і даставіць хворых. Ведаеце, як пасыплюцца ўжо няшчасці - падстаўляй торбу. Усе злыя. Камандзір маўчыць. Галоўны мінёр чорта прыпамінае.
"Ясна чаму, - адзначыў мічман. - Раней ён, бывала, у выпадку чаго і матам мог. Я гэта до-обра памятаю. Завязаў, бо аднойчы ўпрыцемку не разабраў, дый пусціў да мамы не таго, каго трэба. Нічога добрага з гэтага для яго не атрымалася".
А ў голас сказаў:
- То што?
- Лаяўся больш так, прывычка... Таму што справы былі сур'ёзныя. Матарыста аднаго з кавасакі кінула хваляй - клетку грудную памяла. Ну і жанчына: цяжкі выпадак апендыцьпу... Добра, пайшлі. А тут не мора - вадзяное пекла: ваду нясе, пену з валоў зрывае. Дыхаць амаль немагчыма, не паветра, а ледзяны перасолены суп.
"Бач ты, паезію развёў, - з іроніяй падумаў Дубавец, напэўна, цябе, пяюна, бабы слухаць любяць".
Читать дальше