Ведама, ня кажны палiтоляг можа быць беззасьцярожна залiчаны да адной з прадстаўленых тут палiталягiчных або ўплывовых для палiталёгiі школаў. Элемэнты розных школаў часта злучаюцца ў собскую больш цi менш арыгiнальную пазыцыю. З шырокамаштабным укараненьнем паліталёгіі ў Фэдэрацыйнай Рэспубліцы «школы» таксама страцiлi свой адасоблены характар. На парадку дня зьявіліся спалучэньнi больш цi менш розных падыходаў i традыцыяў. Таму бадай што можна гаварыць пра тэндэнцыю канструяваньня iдэальных тыпаў у духу Макса Вэбэра, калі сёньня заходзіць гаворка пра школы ў апісаным вышэй сэнсе.
Тры тыпы палiталягiчных тэорыяў
Вiдавочна, больш плённай, чымся вывучэньне школаў, для ўводзiнаў у структуру палiталёгiі будзе арыентацыя на тыпы сацыялягiчных тэорыяў, якiя могуць быць апiсаныя больш канцэптуальна, чымся гэта магчыма ў выпадку пэўнай навуковай школы. Таму пры гэтым падыходзе і ў выпадку пераходу да актуальнага стану палiталягiчнай тэорыі і дасьледаваньняў не выпадае здавальняцца канстатацыяй таго, што сёньня бальшыня палiтолягаў у строгiм сэнсе ня можа быць прылiчана да якойсьці школы. Вольф-Дытэр Нар (1972) i Кляўс фон Бэймэ (1980) вылучылi тры тыпы сацыялягiчных тэорыяў, якія былі здэфініяваныя настолькі падрабязна i мелі адначасова такiя выразна акрэсьленыя межы, што бальшыню палiтолягаў можна прылiчыць да аднаго — i толькi да аднаго — з гэтых тэарэтычных тыпаў (параўн. таксама Lenk 1975, S. 49 ff, якi ў дадатак да гэтага кажа яшчэ пра тэарэтычны i тып «наiўнага эмпiрызму»). Першы тэарэтычны тып, якi Нар (1972, S. 27 f) называе ідэйнагiстарычна-эсэнцыялiсцкім, фон Бэймэ (1980) — анталягiчна-нарматыўным, вызначае — гэтаксама як i Фрайбурская школа, якую трэба прылiчыць да яго — пры спасылцы на Плятона i Арыстотэля палiтыку як вучэньне пра добрае i справядлiвае жыцьцё i падкрэсьлiвае iснаваньне пазачасавых, пераважна анталягiчна абгрунтаваных вартасьцяў i нормаў, якiя рэглямэнтуюць існаваньне абавязковых арыенцiраў па-за кантэкстам якіх-любя канкрэтных гiстарычных абставiнаў i адначасна павiнны ўяўляць сабой вядучую мэту якой-любя палiтычнай дзейнасьці. Дзеля гэтага палiталёгiя ня здольная прадукаваць навуковую веду ў вузейшым сэнсе (epistéme ў клясыфiкацыйнай мадэлi Арыстотэля); у ейным выпадку йдзецца баржджэй пра тапiчны працэс, пры якiм з дапамогай разважнага, маральна арыентаванага аналізу (phrуnesis) дасьледуюцца i ацэньваюцца розныя погляды (tуpoi) на пэўную тэму. Назавем некалькі імёнаў палiтолягаў, якiх трэба прылiчыць да гэтага тэарэтычнага тыпу: Арнольд Бэргштрэсэр i Эрык Фёгелiн, Ганна Арэнт i Iсая Бэрлiн, Леа Штраўс i Майкл Оўкшат.
Навукова-тэарэтычнай асновай другога тэарэтычнага тыпу ёсьць эпiстэмалягiчны фалібілізм [2] Фалібілізм (ням. Fallibilismus ад лац. fallere — зьняпраўдзіць, адкінуць) — у заходняй тэорыі навукі сказы і гіпотэзы лічацца фалібэльнымі, г.зн. такімі, якія можна прынцыпова зьняпраўдзіць, калі іх нельга да канца вэрыфікаваць. Такімі лічацца ўсе атрыманыя індуктыўным шляхам сказы. Паводле Карла Попэра, навуковыя выказваньні ў прынцыпе павінны быць фалібэльныя, г.зн. падлягаць працэдуры фальсыфікацыі.
Карла Попэра i прымыкаючыя да яго канцэпцыі, перакананьне ў тым, што гiпотэзы нельга вэрыфікаваць, а можна толькі сфальсыфікаваць, i таму яны — пры ўмове, што яны падлягаюць фальсыфікацыі, г.зн. зьмяшчаюць умову магчымасьцi iхнага зьняпраўджаньня i не выпрацоўваюць да яго iмунiтэту — павiнны да сваёй фальсыфікацыі лiчыцца сапраўднымi (Popper 1971). Попэр прызнае навуковы статус толькi за тымі выказваньнямi, якія падлягаюць фальсыфікацыі. Тэарэтычны тып, заснаваны на гэтым, Нар (1972, S. 28 ff) назваў дэдукцыйна-эмпiрычным, фон Бэймэ (1980, S. 32 ff) — эмпiрычна-аналiтычным. Фалібілісцкі падыход Попэра прыводзіць да прынцыповага антыдагматызму, паколькі ніводнае выказваньне (апрача ўласна фалібілісцкіх фундамэнтальных гіпотэзаў) ня можа прэтэндаваць на тое, каб канчальна, раз і назаўсёды, быць праўдзівым. Сацыялёгiя гэткага тыпу наблiжаецца да таго, што мы ўяўляем пад прыродазнаўчай навукай. Колькасная вымяральнасьць, бесстароннасьць i мэтадычная пераправяральнасьць — вось iдэал сацыёлягаў i палiтолягаў, аддадзеных гэтаму тыпу. З усiх сацыялягічных тэорыяў апiсаная тут валодае найбольшай здольнасьцю прадукаваць навукова назапашваную веду. У шырэйшым сэнсе сюды ж можна прылiчыць усе бiхевiярысцкія тэорыi, а таксама сыстэмна-тэарэтычныя, функцыяналiсцкія i структуралiсцкія мадэлi. Робэрт К. Мэртан, Толкат Парсанс і Нікляс Люман, Карл В. Дойч i Дэвід Істан — найбольш ведамыя прадстаўнiкi гэтага тэарэтычнага тыпу, якi ў Нямеччыне, няма сумлеву, шырэй прадстаўлены ў сацыялёгii, чымся ў палiталёгii. Трэцi тэарэтычны тып, пры якiм у цэнтар тэарэтычных пабудоваў разам з гiстарычнасьцю сацыяльных i палiтычных фармацыяў лучае таксама i iх зьмяняльнасьць, Нар (1972, S. 30 f) называе дыялектычна-гiстарычным, фон Бэймэ (1980, S. 50) — дыялектычна-крытычным. Выхады на эканомiку (марксiзм) i на псыхааналiз (фрайдызм), бадай, найзырчэй падкрэсьлiваюць яго адрознасьць ад першага тэарэтычнага тыпу. Так, напрыклад, палiтычныя iдэi тут дасьледуюцца не з увагі на нязьменны парадак, а разумеюцца як выражэньне пэўных гiстарычных дачыненьняў, зь якiмi яны знаходзяцца ў прыхільных цi крытычных стасунках. Характарыстыкамi гэтага тыпу выступаюць — у розных прапорцыях — гермэнэўтыка i крытыка iдэалёгiі, а таксама акцэнтаваньне гiстарычнасьці i татальнасьці структураў. Д’ёрдзь Лукач i Эрнст Блёх, Жан-Поль Сартр i Гербэрт Maркузэ, Тэадор В. Адорна, Макс Горкгаймэр i Юрген Габэрмас — задзіночаныя Пэры Андэрсанам (1978) пад зборным паняцьцем «заходнi марксiзм» — прадстаўляюць гэты трэцi тэарэтычны тып.
Читать дальше