Прадмет палiталёгii
Палiтычная навука, якая пасьля другой сусьветнай вайны ўвайшла ў кола акадэмiчных дысцыплiн, пры вызначэньнi сваiх заданьняў i свайго самаразуменьня абапіралася далёка не на беспасярэднюю, і да таго ж даўно перарваную традыцыю, i ёй давялося паспрабаваць злучыць гэтую традыцыю з дасягненьнямі прадметна арыентаванай, мэтадычна вытрыманай унівэрсальнай навукі. Эрнст Фрэнкель i Арнольд Бэргштрэсэр улiчылi гэта, вызначаючы палiтычную навуку як «iнтэграцыйную навуку» (Fraenkel 1967) або «сынаптычную навуку» (Bergstraesser 1961). Згодна з плюралістычным разуменьнем мэтадаў, яна павiнна зьбiраць, клясыфiкаваць i ацэньваць паасобныя эмпiрычныя факты i ў адпаведнасьці з нарматыўнымi тэорыямi выкарыстоўваць iх з мэтай умацаваньня стабільнасьці палiтычнай супольнасьцi.
Такая дэфiнiцыя палiталёгii перастала быць дастатковай з таго часу, як дысцыплiна — не ў апошнюю чаргу ў вынiку яе акадэмiчнай iнстытуцыялiзацыi — разьбілася на мноства адасобленых дасьледчых і праблемных кiрункаў. Найлепшы паказьнік гэтага разьвiцьця — распачатая напрыканцы шэсьцьдзясятых спэцыялiзацыя катадраў, iнстытутаў i часопiсаў. Сёньня нiводзiн палiтоляг больш ня можа спаважна прэтэндаваць на поўнае валоданьне ўсёй сукупнасьцю дысцыплiны цi нават хаця б яе галоўных аспэктаў. Дзеля гэтага прэтэнзiя на iнтэграцыю цi на сынаптычнасьць, вiдавочна, адступiла на заднi плян.
Аднак ужо тады, калi дэфiнiцыя палiталёгii як «iнтэграцыйнай» або «сынаптычнай» навукi яшчэ магла прэтэндаваць на пэўную ўнiвэрсальасьць, пытаньне аб прадмеце палiталёгii — шмат у чым iдэнтычнае з пытаньнем аб ісьце цi паняцьці палiтыкі — не было разьвязанае. Дольф Штэрнбэргер (1978) адрозьнівае тры падваліны палiтыкi: «палiталёгiка» (S. 87 ff), якую ён непарыўна зьвязваў з творам Арыстотэля, «дэманалёгiка» (S. 159 ff) , якую ён зылюстраваў прыкладамi з твораў Макiявэлi, i «эсхаталёгiка» (S. 309 ff), заснавальнiкам якой ён называе Аўгустына. Палiтычным для Арыстотэля ёсьць спосаб, якiм вольныя грамадзяне як палiтычна (не сацыяльна) роўныя арганiзоўваюць сваё сужыцьцё, не адмаўляючыся ад сваёй свабоды; для Мак’явэлi (паводле Штэрнбэргера) «палiтыка» тоесная (рэпрэсiўнай) тэхнiцы ўлады, якую ажыцьцяўляюць дэманiчныя сiлы, тым часам як у Аўгустына ў якасьці «палiтычнага» пазначаецца дасягненьне такога стану, у якiм для адных, «выратаваных», сканчаюцца ўсе злыбеды і мукі, тым часам як iншыя, «праклятыя», будуць цярпець вечныя пакуты ў пекле. Для Штэрнбэргера Арыстотэль уяўляе сабой падмурак заходняй прававой дзяржавы, тым часам як абодва iншыя палiтыкi далі тэарэтычнае абгрунтаваньне прыгнёту i нявольніцтва.
Не абавязкова падзяляць Штэрнбэргерава меркаваньне пра Арыстотэля, Мак’явэлi i Аўгустына (апошняе разраблялася, паклікаючыся на Карла Лёвiца), каб увогуле прыняць ягонае вылучэньне трох падвалінаў палiтычнага для апісальнай характарыстыкі прадметных абсягаў палiталёгii. Тым самым зьявіцца магчымасьць адасобіць адзін ад аднаго чатыры абсягі, якiя ў сваёй сукупнасьцi складаюць шматгранны прадмет палiталёгii. Гэта (1) пытаньне пра ўладу, яе здабыцьцё i ажыцьцяўленьне (уладна-аналiтычны аспэкт), (2) пытаньне пра мэханiзмы i функцыi існага палiтычнага ладу ды пра яго іманэнтны патэнцыял стабiльнасьцi i трансфармацыі (iнстытуцыянальны ды палiтычна-сацыялягiчны аспэкт), (3) зьвязанае з папярэднiм, аднак выходзячае вонкі вучэньня аб iнстытуцыях i палiтычнай сацыялёгii пытаньне пра фiлязафічна абумоўлены сэнс палiтычных iнстытуцый (палiтычна-тэлеалягiчны аспэкт), i наапошку (4) пытаньне пра рэалiзацыю палiтычных праектаў, якiя прэтэндуюць на дасягненьне свабоды i шчасьця людзей пры аснаватворным зьмяненьнi існага палітычнага ладу (эманцыпацыйна-ўтапічны аспэкт). Другое i трэцяе пытаньнi, на першы погляд, знаходзяцца міжсобку ў пэўнай блiзіні, тым часам як першае i чацьвертае пытаньнi, здаецца, уяўляюць сабой гранічныя адзнакі палiтычнага спэктру. Аднак насамрэч усе прыведзеныя тут аспэкты палiтычнага могуць спалучацца міжсобку і ўзаемадапаўняць адзiн аднаго без усякiх супярэчнасьцяў.
У адпаведнасьцi з гэтым прадмет палiталёгii (паняцьце палiтыкі) можа быць вызначаны (1) як змаганьне за ўладу — як, напрыклад, у Фукiдыда і Мак’явэлi (ня толькі, але ў тым ліку) і да Макса Вэбэра i Карла Шмiта; ён можа (2) быць эмпiрычна вызначаны як існы палiтычны лад улучна зь ягонымі iнстытуцыямi i сацыяльнымi рухамi (напрыклад, як у Tаквіля), а таксама (3) больш нарматыўна як ажыцьцяўленьне арыентаванага на ўсеагульны дабрабыт «добрага ладу», напрыклад, як у Арыстотэля і да Яахiма Рытэра i Леа Штраўса; інакш яго можна вызначыць як вялiкую гiстарычную мэту ўлучна з усiмi неабходнымi для яе дасягненьня тактычнымi крокамi i стратэгiчным плянаваньнем, як, напрыклад, у выпадку Маркса i Энгельса ды iхных вучняў i пасьлядоўнiкаў.
Читать дальше