Франкфурт, лiпень 1985
1. Палiталёгiя ў Нямеччыне
Палiталёгiя пасьля 1945 году
Сёньня, калi палiтычная навука (цi палiталёгiя) трывала замацавалася сярод унiвэрсытэцкiх дысцыплiнаў, здаецца неверагодным, што палiталёгiя ў вузейшым сэнсе слова ў Нямеччыне iснуе толькi каля сарака гадоў. Першыя катадры палiталёгii былi створаны ў заходненямецкiх унiвэрсытэтах у той час, калi пасьля новага разьдзяленьня на землi пачалася фаза стварэньня Фэдэратыўнай Рэспублiкi Нямеччыны (параўн. Maier 1967, S. 192 ff). Тады гэтую дысцыплiну ўдалося ўвесьцi толькi праз значны палiтычны цiск, пераадольваючы супрацiў унiвэрсытэтаў. Шмат якiя факультэты бачылi ўва ўвядзеньнi новага прадмету бесцырымоннае ўварваньне ў iх спрадвечныя ўладаньнi: у канон навуковых дысцыплiн увайшоў прадмет, якi, вызначаючы свае тэмы, межаваўся i перакрываўся зь юрыдычнай навукай, гiсторыяй, сацыялёгiяй, часткова таксама з эканомiкай i фiлязофiяй, i які дагэтуль ня меў свайго ўласнага, спэцыфiчнага для яго мэтаду. Старыя факультэты пярэчылi, быццам усiмi пытаньнямi i праблемамi, якiя б маглi стаць прадметам палiталёгii, ужо займалiся названыя дысцыплiны. Тым, што ёй, нягледзячы на такі значны супрацiў, удалося ўтрывалiцца ў заходненямецкіх унiвэрсытэтах, палiталёгiя заўдзячваецца сваёй пачатковай назьве «навука дэмакратыi», г.зн. сваёй прыдатнасьцi да праграмы «reeducation» заходнiх хаўрусьнiкаў, перадусім амэрыканцаў, якiя спадзявалiся, што гэтая дысцыплiна будзе спрыяць фармаваньню дэмакратычнай кiруючай элiты ў Нямеччыне.
З абвастрэньнем канфлiкту памiж Усходам i Захадам i «халоднай вайной» да фронту палiталёгii, якi выкрываў нацыянал-сацыялiзм, дадаўся антыкамунiстычны фронт. Тэорыя таталiтарызму (сярод апошніх дасьледаваньняў гл. Bracher 1984, S. 34 ff), параўнаньні нацыянал-сацыялiзму i камунiзму зрабiлiся клясычным прыкладам пастаноўкi пытаньняў i праблем у пасьляваеннай заходненямецкай палiталёгii. Выставiўшы прэтэнзiю на крытычны разбор разнастайных праяваў таталiтарызму i вызначыўшы, зь iншага боку, асноўныя прынцыпы лiбэральна-плюралiстычных дэмакратыяў паводле заходняга ўзору, палiталёгiя дзякуючы яе культываваньню на акадэмiчным узроўні забясьпечыла прынцыповае ўхваленьне ўнiвэрсытэтамi новай нямецкай дэмакратыi (гл. Kastendiek 1977, паўсюль; ён жа, у: Blanke u.a. 1975, bd. I, S. 52 i наступныя). Галоўным навуковым прадметам палiталёгii ў адпаведнасьцi з гэтым стала перадача дэмакратычных ведаў i выхаваньне дэмакратыi — арыентацыя, якая яшчэ больш узмацнiлася, калi ў пяцьдзясятых гадох у школах былi ўведзеныя новыя прадметы — краязнаўства i вучэньне аб дзяржаве, — i палiталёгiя атрымала задачу рыхтаваць неабходных для выкладаньня гэтых прадметаў настаўнiкаў.
Праблемы, што спадарожнiчалi ўвядзеньню палiталёгii ўва ўнiвэрсытэты ФРН, яе — нягледзячы на яе акадэмiчнае прызнаньне, што прыйшло ў пачатку шэсьцьдзясятых гадоў — перасьледавалі яшчэ доўга: спачатку яна мела моцна выражаную пэдагагiчна-дыдактычную арыентацыю i ня мела цэнтральнага прадмету свайго дасьледаваньня, г.зн. яна дзялiла ледзь ня ўсе свае тэмы зь iншымi дысцыплiнамi. Апрача гэтага, нямецкая палiталёгiя спачатку была арыентаваная амаль выключна на нарматыўныя i iнстытуцыянальныя пытаньнi, у той час яе эмпiрычныя канцэпты заставалiся недастаткова высьветленымi: сацыяльная i палiтычная рэальнасьць згодна з палiтычнай пастаноўкай задач у пэрыяд стварэньня дысцыплiны разглядалася скрозь прызму канстытуцыйнага iдэалу, і пры iнтэнсіўнай распрацоўцы сыстэмы кiраваньня мала ўвагi надавалася грамадзкай сыстэме. Такое становiшча зьмянiлася ў шэсьцьдзясятыя гады, калi ўсё большая патрэба дзяржавы ў плянаваньнi сфармавала штосьцi накшталт адмысловага прадмету вывучэньня палiталёгii i адначасова дзякуючы разьвіцьцю мiждысцыплінарных дасьледаваньняў ранейшая бяда палiталёгii, неабходнасць дзялiць тэмы зь iншымi дысцыплiнамi, ператварылася ў яе перавагу. Яшчэ да пачатку студэнцкага руху напрыканцы шэсьцьдзясятых гадоў палiталёгiя пачала пазбаўляцца свайго агульнасьцьвярджальнага характару i стала больш адкрытай для крытычных у дачыненьні да грамадзтва пытаньняў i досьледных падыходаў, у якiх iдэал дэмакратыi супрацьстаўляўся палiтычнай i грамадзкай рэальнасьцi (параўн. Schäfer / Nedelmann 1967). У сярэдзiне семдзясятых гадоў дагэтуль бурнае разьвiцьцё дысцыплiны запаволiлася. Перадусім актыўнасьць студэнтаў у выніку пагаршэньня будучых прафэсiйных пэрспэктываў пачала спадаць, а шэраг працоўных месцаў i ўстановаў з увагі на нястачу фiнансавых сродкаў i дзеля «меркаваньняў эканоміі» зноў быў скасаваны або больш не даваў працоўных вакансіяў. Так палiталёгiя ўступiла ў другую фазу сваёй кансалiдацыi.
Читать дальше