Селі-впалі два галубойці,
Два галубойці на два дубойкі,
Пачалі собе раду радзіці…
Можа выклікаць здзіўленне, чаму дубоў два, калі Прадрэва як Вось Свету — адно? Я мяркую, Дрэва сапраўды адно, але яно адлюстравана ў вадзе, як у люстэрку (вось чаму ў некаторых міфалагічных сістэмах вобраз Прадрэва ўзнікае дагары нагамі, каранямі ўверх). Дрэва як бы перавернута, але яно перавернута менавіта ў чалавека, у яго псіхіку, ствараючы там метасусвет. Так і душа чалавека — яна, уласна, звязвае два сусветы — рэальны часовы і вечны, сінгулярны, матэрыяльную рэчаіснасць і іншасвет. Чалавек — на стыку двух светаў. Відаць, у гэтым і заключана яго роля. Нашы думкі, нашы пачуцці, наша душа і дух падпарадкаваны законам вечнасці і жывуць не столькі тут, колькі ў прасусвеце, які існаваў, існуе і будзе існаваць заўсёды. Пагрузіцца ў гэты свет якраз і дапамагае замова. Фізічна мы, вымаўляючы замову, знаходзімся, напрыклад, у родным доме ў межах пэўнай прасторавай і часавай (абмежаванай хуткасцю свету) рэальнасці, але ў думках аказваемся ў рэальнасці іншай, цудоўнай, дзе няма абмежаванняў, дзе не дзейнічаюць законы эўклідавай геаметрыі і тэорыі адноснасці А. Эйнштэйна.Рускі багаслоў П. Фларэнскідаказваў, што ў цэнтры Сусвету можна апынуцца, перажыўшы містычнае азарэнне. Так адбылося, напрыклад, з Дантэ.Але так можа адбыцца, па сутнасці, з любым чалавекам, які, вымаўляючы замову, кліча сілы Сусвету сабе на дапамогу. Дантэ апускаецца да самага нізу Пекла і раптам аказваецца на вяршыні гары ў Чыстцы. Героі казак, апускаючыся ў дупло ці ў калодзеж, пабыўшы ў трыдзесятым царстве, аказваюцца на тым жа месцы, адкуль выходзілі, хоць увесь час аддаляліся ад першапачатковага пункта. Герой замовы, вылазячы праз падпол дома, аказваецца пасярод поля ці лесу. Але важна апынуцца іменна ў цэнтры свету, на востраве Буяне — толькі там мары, жаданні спраўджваюцца.
Ва ўсіх міфалагічных сістэмах абавязковая, звязаная з Прадрэвам, апазіцыя — на вяршыні АРОЛ, ці ВОРАН, ці ФЕНІКС, каля каранёў — ЗМЯЯ, ДРАКОН, іншая хтанічная (звязаная з падземъем) істота. Цэнтральнай міфалагемай многіх народаў Зямлі з’яўляецца двубой паміж птушкай і змяёй ці паміж богам-грымотнікам і богам падземным, звычайна змеепадобным, — у славянаў паміж ПЕРУНОМ і ВЯЛЕСАМ. Гэты бой супраціўнікаў адбываецца заўсёды, кожнае імгненне, і ніколі не канчаецца: дзякуючы яму рухаюцца ўсе працэсы ў жыцці, ён — сімвал любога руху ўвогуле. Заўважым, што міфалагічныя АРОЛ ці ВОРАН — зусім не рэальныя арол ці воран. Птушка на вяршыні Прадрэва — яго плод — гэта, бясспрэчна, СОНЦА. Тое, што ў замовах часта згадваецца некалькі птушак (звычайна 12), справы не мяняе, а гаворыць усяго толькі пра больш архаічную мадэль Космасу. Для параўнання: у кітайскай міфалогіі дзесяць сонцаў жылі менавіта на вяршыні Сусветнага Дрэва і адпраўляліся ў нябеснае падарожжа па чарзе.
Сусветнае Дрэва — вобраз надзвычай шматпланавы. Гэта і Вось свету, і асабістае дрэва жраца-шамана, і вось кружэння Зямлі-планеты, і пазваночны слуп чалавека, уздоўж якога цягнецца так званы энергетычны канал (у індуізме ён называецца Кундаліні). Пра тое, што Прадрэва звязана і з энергійным цэнтрам свету, сведчыць частае згадванне ў замовах бел-гаруч каменя Алатыра. Напрыклад: «На моры, на кіяні ляжыць бел камень Латыр, на тым белым камні Латыры стаіць залатая кузня…» Або: «На сінім моры ляжыць белы камень, на тым камяні стаіць дуб на дванаццаць какатоў, на тых какатах сядзіць дванаццаць ангалаў…»
Магія каменя мела ў нашых славянскіх продкаў такое ж важнае значэнне, як і магія дрэва, і таксама была звязана з паняццем Цэнтру. У замовах і казках камень Алатыр-Латыр — аналаг Свяшчэннай Гары — прастола Бога. Камень ва ўсіх культурных традыцыях — універсальны базіс. Петр(«Камень») у хрысціянстве — аснова Царквы. Вось Свету ў антычнага філосафа Платона— «Алмазная Вось». Алмаз сярод камянёў, як і золата сярод металаў, — самыя каштоўныя і свяшчэнныя, абодва валодаюць светаносным, салярным характарам. Такі ж светаносны Алатыр-камень, пра што неаднаразова гаворыцца ў замовах і паданнях. Ва ўсіх цывілізацыях, нават, так бы мовіць, «драўляных», якою была, бясспрэчна, і славянская, усё ж алтары заўсёды каменныя. Яны давалі магчымасць гарэць на іх агню, а самі не згаралі. Такім чынам, Алатыр-камень — Сусветны Алтар, ачаг, звязаны з агнём. «Агонь мог быць для дагістарычнага чалавека першым увасабленнем божаскага» ( Д. Кэмпбел). Агонь на Зямлі — брат Сонцу на небе (як дрэва — брат чалавеку). Усё гэта рэчы прынцыповага і універсальнага парадку, якія ў аднолькавай ступені тычацца як знешняга Космасу, так і душы чалавека. Кожны з нас, кім бы і дзе б ён ні быў, знаходзіцца ў цэнтры, а ў душы яго, усведамляе ён гэта ці не, хаваецца святло Усеагульнага Розуму, чыім законам падпарадкаваны не толькі любы чалавечы мозг, але і любая прастора.
Читать дальше