Гара — мадэль свету надзвычай старажытная. У далейшым многія народы Еўразіі сфарміравалі іншую мадэль — Сусветнае (Касмічнае) Дрэва, Прадрэва, Дрэва Жыцця.
Сімволіка Сусветнага Дрэва надзвычай глыбокая, багатая і шматгранная. Яно ўвасабляла Цэнтр свету і сам гэты свет, чалавека і яго шлях да духоўных вышынь; цыклы жыцця, смерці і адраджэння; Космас і яго працэсы вечнага абнаўлення; мудрасць і таямнічыя законы быцця, магчыма, нават n-мерныя яго межы з вялікай колькасцю каардынат. Прадрэва злучае тры вертыкальныя сферы: Неба, Зямлю, Падзем’е. Карані Касмічнага Дрэва — глыбока ў падземным свеце, свеце ісціны і патаемных ісцін. Яго камель, быццам мост, цягнецца да неба, да самых высокіх сфер, вытокаў усяго існага, дзе жывуць багі, зоркі, высокія мары і ідэалы, дзе пануе вечная вясна. Тут, на вяршыні, месца яднання неба і зямлі, вечнасці і часу. Сок Дрэва Жыцця — нябесная раса, што дорыць адраджэнне, а плады — бессмяротнасць. Прадрэва — стрыжань, вакол якога адбываецца бачнае і нябачнае жыццё Космасу, што не мае ні пачатку ні канца.
Вобраз Сусветнага Дрэва дазваляе намаляваць самыя розныя карціны Сусвету, сканструяваць шматлікія мадэлі прасторы і часу. Яно адпавядае і арганізацыі чалавечага цела, якое таксама падзяляецца на тры часткі: ніз (жывот), сярэдзіна (грудзі), верх (галава). Прадрэва можа выкарыстоўвацца і для характарыстыкі чалавечай дзейнасці, творчасці. Вобраз валодае агромністай эўрыстычнай (творчай) сілай, асабліва ў тых галінах ведаў, у якіх неабходна прадставіць агульную карціну і якія патрабуюць сістэматызацыі і класіфікацыі матэрыялу: дрэва жывых істот на Зямлі, марфалагічнае дрэва сусветных моў, генеалагічнае дрэва таго ці іншага роду.
Вобраз дрэва вызначыў для чалавека яго месца ў структуры свету, бо дрэва — брат чалавека па сярэдзіннасці паміж небам і зямлёй. У японцаў на гэтай ідэі нават грунтуецца нацыянальнае мастацтва ікебаны — аранжыроўкі кветак у такі букет, у якім абавязкова павінна быць тры часткі, што абазначаюць неба, зямлю і чалавека паміж імі.
Дрэва — адно з самых высакародных стварэнняў Маці-Прыроды, якая гэтым як бы падказвае пажаданую форму чалавечай душы: форму, якая дазваляе, трывала трымаючыся за зямлю (абавязкова родную), смела ўздымацца ў неба. Сапраўды, дрэва — вялікі вобраз імкнення да ідэалу, да Сонца, да Бога. Выгляд дрэва заўсёды духоўна ачышчае і ўзвышае душу. Міралюбная магутнасць дрэва вучыць нас дабрыні і бескарыслівасці… Дрэва — брат чалавека не толькі ў прасторы, але і ў часе. Расліна арыентавана на час, і людзі адчуваюць сябе ў часе, акрамя таго, жылі нашы продкі з надзеяй на вечны кругаварот ператварэнняў, на адраджэнне, як дрэва адраджаецца кожную вясну пасля, здавалася б, зімовага памірання. У матэрыяльных катэгорыях Прадрэва ўвасабляла чалавечую ўпэўненасць у магчымасць падняцца і ўліцца ў вялікі цыкл Сонца і зорак, а ў нематэрыяльных — выйсці за межы рэчыўнага Сусвету, за межы часу, прасторы, прычыннасці.
Найбольш яркае ўяўленне пра Сусветнае Дрэва захавалася ў германа-скандынаўскай міфалогіі. У Эдзе Старэйшай свяшчэнны ясень Ігдрасіль звязвае тры светы: Асгард (горад багоў), Мідгард (горад людзей) і Хель (горад мёртвых). Дрэва паліваюць НОРНЫ — тры багіні Лёсу, што ўвасабляюць Мінулае, Сучаснае і Будучае. Пад ясенем цячэ крыніца Урд з жывой вадою. Тут жа збіраюцца багі, каб вырашаць лёс свету. У час вялікіх касмічных катаклізмаў, калі гіне літаральна ўсё, Ігдрасіль вытрымлівае ўсе выпрабаванні і не памірае, захоўвае зерне для новага жыцця. Ні агонь, ні лёд, ні цемра не могуць яго знішчыць.
Высока ў небе, на вяршыні ясеня, сядзіць мудры АРОЛ. Свяшчэнны вобраз АРЛА, што вянчае сабою Сусвет, — адзін з самых патаемных і магічных у традыцыях індаеўрапейцаў. Адсюль бяруць пачатак і дзяржаўныя арлы арыйцаў, многіх еўрапейскіх і азіяцкіх дзяржаў, пачынаючы ад сімвалаў імперскай Персіі і імперскага Рыма. Аднак вяршыню Прадрэва могуць засяляць і міфалагічныя аналагі АРЛА — ВОРАН, ГАМАЮН, ФЕНІКС, СІРЫН, ЖАР-ПТУШКА.
У славян не захаваліся свяшчэнныя кнігі, падобныя да Эды, але вобраз Сусветнага Дрэва адлюстраваны ў гістарычных паданнях, у «Слове пра паход Ігаравы», у багаслоўскай паэзіі, у «Галубінай кнізе» (існуе яе беларускі варыянт), але найбольш поўна — у замовах.
У тысячах замоў Сусветнае Дрэва расце пасярод «мора-кіяна, на востраве Буяні». У «Галубінай кнізе» і ў духоўных вершах «кіян-мора» называецца «ўсім марам маці». Магчыма, таму, што яно акружае ўсю Зямлю. У той жа час востраў Буян, які знаходзіцца пасярод мора, з’яўляецца «пупом свету», цэнтрам Зямлі. Здаецца, парадокс, супярэчнасць. На самай справе, акружаць і адначасова быць у сярэдзіне — якраз у духу міфалагічнай чароўнай логікі: толькі ў такіх параметрах і працуе міфалагічнае мысленне. У той жа час замовы грунтаваліся і на рэальным вопыце чалавека — яны вельмі канкрэтныя. Так, часцей за ўсё Сусветнае Дрэва тут — дуб. Тое, што дуб не толькі ў славян, але і ў іншых індаеўрапейскіх народаў разумеўся як свяшчэннае Прадрэва, архетып усіх іншых дрэў, надзейна пацвярджаецца як пісьмовымі, так і археалагічнымі крыніцамі. У 1975 г. у Дняпры быў знойдзены дуб з дзевяццю вепруковымі сківіцамі, увагнанымі ў камель. Ніжнаяя яго частка несла сляды агню, што гаворыць пра гарэнне свяшчэннага ЗНІЧА каля яго каранёў. Такія знаходкі не адзінкавыя. Ва ўкраінскай каляднай песні два дубы стаялі ў першазданным Акіяне яшчэ да стварэння галубамі свету:
Читать дальше