Такім чынам, сучасныя сугестыўныя сродкі ўздзеяння шырока выкарыстоўваюць прыёмы, вядомыя і ў прыгожым пісьменстве, але ўжываюць і новыя, якія не заўсёды станоўча ўздзейнічаюць на чалавека.
Слова мае каласальную ўладу над нашым жыццём, уладу магічную. Мы зачараваны словамі і ў значнай ступені жывём у іх царстве. Словы дзейнічаюць нярэдка як самастойная сіла, часам нават незалежна ад іх сэнсу. За словамі ідуць масы. Любая прапаганда ў значнай ступені заснавана на ўладзе слоў, на гіпнозе слоў. У нас шмат абсалютна ілжывых рэпутацый, імёнаў, створаных уладай слоў, а не рэальнасцю.
Нейра-лінгвістычнае праграмаванне шырока выкарыстоўваецца ў палітыцы і ў рэкламе. Але існуе і нейра-лінгвістычная дапамога. Сёння псіхіятры гавораць, што 70 % жыхарам Беларусі патрабуецца такая дапамога. Але лепшая дапамога — мастацкае слова: яно дае эстэтычную асалоду, суцяшае і лечыць.
Пытанні для засваення і самакантролю:
Паняцце магіі. Чаму, як вы думаеце, магія аднавілася ў канцы ХХ ст.?
Віды магіі.
Вашы ўласныя прыклады магіі, што ўздзейнічае на чалавека.
Прывядзіце прыклады выкарыстання магічных прыёмаў у мастацкай літаратуры.
Што такое вербальная магія, або сугестыўнае ўздзеянне?
Што яднае моўную сугестыю з выяўленчымі сродкамі мастацкай літаратуры?
РАЗДЗЕЛ 2
Міфалагічная мадэль свету
З глыбокай старажытнасці людзі імкнуліся зразумець, растлумачыць многія з’явы акаляючай рэчаіснасці. Як жа яны яе ўяўлялі? Свае веды пра свет чалавек эпохі архаікі абагульняў у выглядзе нейкага канкрэтнага вобраза, мадэлі.
У плямёнаў, якія стаялі яшчэ на ступені татэмізму, Зямля ўяўлялася, напрыклад, гіганцкай ласіхай або агромністай чарапахай, якая ляжала на сланах, на рыбах ці на змяі. Сэнс у тым, што свет разумеўся як жывое цела, напачатку абавязкова жаночае.
У далейшым геаграфічныя пазнанні пашырыліся. Мадэль свету пачала выглядаць як кола (бачны далягляд) па гарызанталі і як трохчастная структура па вертыкалі.
Кола (круг) — вельмі важная фігура ў чалавечай культуры. Важнасць круга захавалася ва ўсіх магічных рытуалах: акрэслены круг захоўвае энергію, не дае ёй рассейвацца ў прасторы. Па вертыкалі ж свет трыадзіны: чалавек, стоячы, бачыў, што пад ім, над ім і побач з ім. Паколькі чалавек стаяў у цэнтры і далягляду-круга, і трохпадзеленага свету, надзвычай важнае значэнне набыла сімволіка цэнтру. Нават сёння цэнтр любой акрэсленай прасторы адыгырвае найважнейшую ролю ў жыцці людзей. Напрыклад, многія краіны змагаюцца за прызнанне цэнтру Еўропы менавіта на іх тэрыторыі (Аўстрыя, Украіна, Літва). Нядаўна беларускія вучоныя з дапамогай самых сучасных методык даказалі, што цэнтр Еўропы — у Беларусі, у 50 км на поўдзень ад Полацка, на дне возера Шо. Толькі ж гэта адкрыццё неабходна прапагандаваць, бо іншыя краіны маюць са сваіх «цэнтраў» вялікі турыстычны даход.
Цэнтр свету ў розных міфалагічных сістэмах абавязкова неяк канкрэтна ва ўяўленнях людзей фіксаваўся. Так, у многіх народаў у цэнтры размяшчалася Свяшчэнная Гара — месца сутыкнення Зямлі і Неба, а ўнутры яе ці пад ёю — пекла. Такім чынам, гара і падзяляла свет на тры часткі. У старажытных індусаў, а таксама алтайцаў такой свяшчэннай гарой была гара Меру, якая знаходзілася на полюсе, а над ёю ззяла Палярная зорка як цэнтр неба. У Месапатаміі — раўнінная мясцовасць, таму здаўна тут будавалі імітацыі Свяшчэннай Гары — піраміды-зікураты (часткова такі зікурат захаваўся ў горадзе Ур). Вавілонская вежа, апісаная ў Бібліі, сапраўды існавала: яе апісаў грэчаскі гісторык Герадот, а ў канцы ХІХ ст. рэшткі раскапалі археолагі. У японцаў і сёння цэнтрам свету і цэнтрам Японіі з’яўляецца свяшчэнная гара Фудзіяма. Кожны японец хоць бы раз у жыцці павінен падняцца на даволі высокую гару (прыкладна 3700 м), каб сустрэць на яе вяршыні ўзыход сонца (паэтычная назва Японіі — Краіна ўзыходзячага сонца) і ўбачыць адтуль сваю краіну. У старажытнай Грэцыі на Алімпе жылі багі. На думку многіх хрысціян, гара Галгофа ў Ерусаліме — цэнтр свету і адначасова месца, дзе створаны і пахаваны першачалавек АДАМ. Кроў Хрыста, раскрыжаванага на Галгофе, пралілася на чэрап АДАМА (сама назва Галгофа азначае літаральна «чэрап») і з’явілася выкупленнем яго граху. Вось чаму на некаторых абразах можна бачыць прама пад крыжом чэрап.
Курган у скіфаў таксама імітаваў свяшчэнную гару ў стэпе, дзе гор не было. Магчыма, гэта сведчанне таго, што скіфы прыйшлі з мясцін, дзе горы былі, — з Алтая. Але і ў старажытных насельнікаў Беларусі была надзвычай развітая курганная культура: яшчэ ў пачатку ХХ ст. археолагі зафіксавалі 6000 курганаў, у значнай ступені потым знішчаных. Асабіста я лічу, што вялікае значэнне курганаў, увогуле гор, у раўнінных як быццам народаў — гэта памяць пра Патоп, калі можна было выратавацца толькі на ўзгорках. Ды і ўвогуле: пасля сусветнай катастрофы людзі захаваліся толькі ў гарах — адтуль пачалася наша Цывілізацыя.
Читать дальше