Трэба зацеміць, што Будзінаў Гэророта ведаюць i іншыя клясычныя пісьменьнікі, як Юры Ганоры, Марцэлін, Этык, Пліні, Мэля. Карскі гавора, што i гэтыя пісьменьнікі зьмяшчаюць Будзінаў над Прыпяцьцю i Дняпром (верхнім). Думку Лаппо Данілеўскага, што з прычыны супярэчных дадзеных клясычных пісьменьнікаў аб Будзінах немагчыма сказаць аб ix штось канкрэтнае, Карскі лічыць лішне рашучай i неабаснаванай[ 36 ]. Апрача Гэродота, крыху сьвятла на першае насельніцтва Беларусі кінуў Пталамэй у сваёй Географіі. Ён успамінае аб славанах, жыўшых у вярхох Бярэзіны (Borystenes'a), каторыя мелі свае гарады, што дае асновы дапушчаць аселасьць гэтага племені.
Вось i ўсе весткі клясычных пісьменьнікаў, што з большай ці меншай праўдападобнасьцю можна аднесьці да жыхвроў Беларусі. Наагул трэба зацеміць, што да Гэродота тэрыторыя Беларусі была няведамай грэцкім i рымскім пісьменьнікам, як i ўсе абшары паўночныя (ад Чорнага мора); аб гэтых абшарах існавалі толькі фантастычныя апавяданьні, ня маючыя ніякага навуковага значэньня[ 37 ]. Толькі Гэродот i Пталамэй пралілі крыху сьвятла на беларускую краіну.
Кім былі гэтыя першабытныя насельнікі Беларусі да зьяўленьня сюды беларускіх плямёнаў i ці магчымай навукова была-б гіпотэза, што беларускія плямёны — гэта аўтохтоны свайго краю? Гісторыкі, каторыя разважалі гэта пытаньне, даюць розныя супярэчныя адказы. Ix можна падзяліць на дзьве групы. Большасьць гісторыкаў выказвае думку, што беларускія плямёны ня былі аўтохтонамі тэй тэрыторыі, на якой засьпеў ix кіеўскі летапісец, што яны прыйшлі ў Беларусь із агульнай славянскай прарадзімы i знайшлі тут чужыя сабе народы. Ізноў-жа частка гісторыкаў скланяецца да думкі, што тэрыторыю Беларусі і сучаснай Літвы ад пачатку займалі нейкія супольныя продкі славянаў i балтаў, з якіх пасьля выдзяліліся славяне — продкі беларускіх плямёнаў — i балты — продкі цяперашніх літоўцаў, латышоў, прусаў. Разгледзім гэтыя пагляды.
Гісторыкі першае групы, адказваючы на пытаньне, кім былі насельнікі Беларусі да прыходу сюды беларускіх плямёнаў, не пагаджаюцца з сабой. Погляды ix дзеляцца на дзьве аснаўныя тэорыі (маючыя ў некаторых гісторыкаў свае нязначныя адхілы): фінскую і балтыцкую.
Прадстаўнікі фінскае тэорыі кажуць, што да прыходу беларусхіх плямёнаў тэрыторыю Беларусі займалі фінскія народы мангольскага паходжаньня. Гэтыя фіны жылі ня толькі ў Беларусі (даходзячы да балтыцкага ўзьбярэжжа), але займалі вялізарныя абшары Эўрапэйскай i Азіяцкай Расеі. Будучы значна нішшымі культурна i слабшымі палітычна ад славянаў, фінскія плямёны пад напорам апошніх адступалі на поўнач, або лёгка асыміляваліся. Прадстаўнікі гэтай тэорыі лічаць фінамі i Будзінаў Гэродота[ 38 ].
Тэорыя фінізму апіраецца на дадзеных архэолёгіі i на дайшоўшай да нас номэнклятуры рэк, вазёр, мясцовасьцяў. Праф. Галубоўскі, адзін з выдатных прадстаўнікоў гэтай тэорыі, абасноўвае яе наступным спосабам. Дадзеныя архэолёгіі паказваюць, што ўсходнія славяне, а ў ix ліку i беларускія плямёны, пры насыпцы курганоў-могілак над сваімі нябошчыкамі апрача зямлі не карысталіся з ніякага іншага матарыялу. На аснове гэтага праф. Галубоўскі кажа, што ўсе могілкі з камянямі, што трапляюцца ў Беларусі, павінны быць аднесены да якога іншага чужога племені, бо яны неславянскія, a значыцца i не беларускія. Адказваючы, чые гэта могілкі, Галубоўскі параўноўвае каменныя могілкі ў Беларусі i знойдзеныя ў ix чарапы з ведамымі люцынскімі могілкамі, a апошнія з ашэраданскімі, што знаходзяцца ў зямлі Ліваў — народу фінскага паходжаньня. На аснове знойдзенай між могілкамі і чарапамі падобнасьці праф. Галубоўскі i дапушчае, што першымі насельнікамі Беларусі былі фінскія плямёны. Назовы некаторых рэк i вазёр, асабліва што канчаюцца на ва, га, за, ла, ма, ра, са, ша, энга, анга ёсьць фінскага паходжаньня i маюць пацьвярджаць правільнасьць вывадаў гэтай тэорыі[ 39 ].
У некаторых гісторыкаў тэорыя фінізму мае адхілы. Яны выказваюць пагляд, што тэрыторыя Беларусі была заселена ня толькі фінамі, але часткова вугорскімі плямёнамі[ 40 ].
Тэорыя фінізму ці вугра-фінізму лічыцца ўжо перастарэлай i наагул слаба абаснаванай навукова. Закідаюць ёй прыпісваньне дужа вялікай ролі фінскаму элемэнту ў дагістарычную пару, якой ён ня згуляў, бо ў сапраўднасьці гэта быў элемэнт слабы i не натолькі шматлікі, каб мог займаць гэткія вялізарныя абшары. Архэолёгічныя аргумэнты фіністаў слабыя, бо могілкі з камянямі ў Беларусі ня ёсьць ідэнтычнымі з люцынскімі i тым больш ашэраданскімі, a толькі падобныя. Аб значэньні номэнклятуры, як аргумэнту, скажам крыху ніжэй.
Читать дальше