Тэорыя славяна-балтыцкая выдаецца найбольш праўдападобнай. Пацьвярджаюць яе i досьледы праф. Шчакаціхіна над беларускім мастацтвам. Разглядаючы беларускае мастацтва, Шчакаціхін ужо ад нэолітычнай пары даглядаецца адзінства формаў матэрыялънае культуры жыхароў Беларусі, яе асобнай сынтэтычнае суцэльнасьці i кансэквэнтнае эволюцыі[ 47 ]. Гэтыя-ж вывады могуць утрымацца на наш пагляд толькі пры дапушчэньні культурнай эвалюцыі аднаго i таго самага насельніцтва пачынаючы ад нэоліту. Бо калі-б дапусьціць магчымасьць вялікшых рухаў рознародных плёменаў на тэрыторыі Беларусі, дык цяжка было-б гаварыць аб вывадах, да якіх дайшоў Шчакаціхін. Пры вялікшых ператасоўках насельніцтва наглядаліся-б i пераскокі ў яго культуры, якая-б не тварыла эвалюцыйнай цэласьці.
Рэасумуючы нашы разважаньні, напрашваецца выснаў, што толькі на захадзе i поўначы дагістарычнымі насельнікамі Беларусі былі балты і фіны, што беларускія плямёны i ix продкІ былі аўтохтонамі вялікшай часткі сваёй тэрыторыі, асабліаа паўдзённа-ўсходняе. Разумеецца, што гэты выснаў зьяўляецца ня больш, як гіпотэзай, бо ані лінгвістыка, ані архэолёгія, прынамся ў сучасным сваім стане, не даюць магчымасьці змяніць гэтую гіпотэзу на навуковую праўду.
Прадмет беларускае гісторыі
Што мае быць прадметам гісторыі Беларусі? У прынцыпе адказ на гэта пытаньне ёсьць просты: беларуская гісторыя павінна даць абраз мінуўшчыны беларускага народу i з гэтай мэтай заняцца сыстэматычным вывучэньнем гістарычных фактаў, павязаць ix ніткай прагматизму, а напасьледак даць сынтэтычны агляд гістарычных падзеяў. Практычнае апрацаваньне гэтых задачаў напатыкае, аднак, на перашкоды падвойнага характару, якія прымушаюць беларускага гісторыка, прынамся сучаснага, ісьці ў кірунку агранічэньня менаваных заданьняў. Першая перашкода дыктуецца агульным станам гістарычнае навукі, ясьней —гістарычнае мэтодолёгіі, другая залежыць ад варункаў спэцыфічна беларускіх: стану жаролаў беларускае гісторыі, дасюлешняе беларускае гісторыёграфіі. Сутнасьць першае прычыны зьмяшчаецца ў тым, што гістарычная мэтодолёгія яшчэ не дайшла да тае дасканаласьці, якая-б дазваляла гісторыку безаглядна ёй карыстацца. Нясучы сьвятло ў цёмныя закуткі мінуўшчыны, гісторык павінен пільна зважаць, ці ён ідзе тым шляхам, які найлепш дазваляе ўбачыць гэтыя куткі, a значыцца павінен усьцяж аглядацца на тасаваны ім мэтад.
Значэньне апошняга выявіцца ўжо пры пляновай сэгрэгацыі гістарычнага матарыялу, ад якой залежыць паўніна малюнку мінуўшчыны, а яшчэ ў большай ступені пры шуканьні залежнасьці між здарэньнямі, інакш пры ix тлумачэньні. Дасьледчык, нават нацыянальнай гісторыі, мае перад сабой вялікае мноства-гістарычных фактаў, важных i няважных, якія трэба разьбіць на групы i выбраць найбольш характэрныя для намаляваньня абразу перажытых народам падзеяў. Але гэта групаваньне павінна адбывацца паводле пляну, абыймаючага тыя кірункі жыцьця народу, якія ў сваёй суцэльнасьці далі-б найбольш дасканальны і праўдзівы малюнак мінуўшчыны. Якія-ж гэта маюць быць кірункі? На працягу шэрагу стагодзьдзяў зацікаўленьне гісторыкаў абмяжоўвалася толькі палітычнымі падзеямі, войнамі, рэвалюцыямі i адпаведна да гэтага дабіраліся гістарычныя факты. Сама гісторыя разумелася, як літаратурнае апавяданьне аб менаваных здарэньнях, з тэндэнцыяй да навучаньня сучасьнікаў. Гэткі стан гісторыі ёсьць характэрны для клясычнае Грэцыі, Рыму, сярэднявечча, гуманізму аж да пары францускага рацыяналізму з канца XVIII ст. філёзафы-рацыяналісты не займаліся гісторыяй, як такой, a бачылі ў ёй толькі адзін з сродкаў да пазнаньня жыцьця чалавецтва, галоўнага яго сэнсу i кірунку. З гэтай мэтай яны сыстэматызавалі адпаведна і гістарычны матарыял, адкідаючы тую яго частку, якую лічылі нехарактэрнай, чым абясцэньвалі масу гістарычных фактаў. З другога аднак боку гэткі naгляд на гісторыю прымушаў рацыяналістаў пашырыць яе рамы ў кірунках дагэтуль ігнараваных. Яны заінтэрасаваліся ня толькі фактамі палітычнага i ваеннага характару, але i эвалюцыяй навук, мастацтва, звычаяў і г. д. Запраўдным зьместам гісторыі падаўнейшаму былі палітычныя і ваенныя падзеі, але ўсё часьцей да апавяданьняў аб ix дадаваліся агляды «поступаў чалавечага духу». Дасьледваючы агульны сэнс жыцьця чалавецтва, рацыяналісты ня шукалі яго ў самой гісторыі, a толькі ў сваіх філёзофічных канцэпцыях. Гэты знойдзены «сэнс» яны ўносілі ў гісторыю i адпаведна да яго сыстэматызавалі гістарычны матарыял. На гэтай аснове працы іхнія ёсьць тэндэнцыйнымі, але сам факт увядзеньня сыстэмэтызацыі гістарычнага матарыялу i пашырэньне межаў заінтэ-расаваньня гісторыі ёсьць вялікай заслугай філёзафаў-рацыяналістаў.
Читать дальше